
У адной з перадач «Актуальны мікрафон» да нас звярнуліся слухачы - з просьбай дапамагчы разабрацца ў камунальнай праблеме. Пажылая жанчына скардзілася ў лісце: пры аплаце за ваду ёй выставілі занадта вялікую суму. Наш карэспандэнт
Лізавета Дайнека разбіралася ў сітуацыі.
80-гадовая мінчанка
Тамара Ляліхава жыве адна па вуліцы Розы Люксембург ужо 11 гадоў. Па словах гаспадыні кватэры - яна кожны месяц своечасова падае даныя па вадзе:
«Я сістэматычна, добрасумленна аплачваю квартплату, газ і іншыя паслугі. Папярэдне заўсёды тэлефаную па нумары, які напісаны ў «плацёжцы». Даныя па вадзе трэба паведамляць – я паведамляю, таму што я чалавек граматны і ведаю: гэта грошы з маёй кішэні. А ў мяне толькі пенсія, іншага даходу няма. Таму я вельмі строга за ўсім сачу, нават клічу суседзяў ці яшчэ кагосьці, каб праверылі – ці правільна я зняла даныя з лічыльнікаў, бо ў мяне праблемы са зрокам».
Жанчына кожнае лета жыве на дачы, у гэты час вадой практычна не карыстаецца. Нядаўна ёй прыйшла “жыроўка”: 33 кубаметры выкарыстанай вады. Тамара Мітрафанаўна не разумее, адкуль ўзяліся такія лічбы:
«Калі я ім туды тэлефаную, яны бяруць трубку або спрацоўвае аўтаадказчык, які прымае даныя. Куды яны потым іх адпраўляюць, я не ведаю. З гэтай нагоды я размаўляла з начальнікам: «Вы не падаяце даныя» - не, я падаю даныя рэгулярна! Як бы я іх не падала? Кожны раз, мяне ўжо ведае на пошце загадчыца, пастаянна я плачу за ўсё. Я кажу: буду плаціць толькі тое, што мне набегла па лічыльніку. Чаму я павінна плаціць такую агромністую суму?»
Мы звярнуліся ў разлікова-даведачны цэнтр (РДЦ) Маскоўскага раёна Мінска. Калі чалавек не паведамляе даныя, камп’ютар вылічвае сярэдняе спажыванне вады. Кажучы прасцей, суміруюцца 2 месяцы фактычных паказанняў. Аказалася, Тамара Ляліхава некалькі месяцаў не паведамляла даныя па вадзе, а калі паведаміла, ёй і выставілі кошт за папярэднія месяцы, – расказвае начальнік разлікова-даведачнага цэнтра
Юлія Цвірко:
«Сітуацыя з Ляліхавай мне вядомая, яна да нас неаднаразова звярталася. Што адбылося? Яна працяглы час наогул не паведамляла паказанняў па вадзе. Разлікова-даведачны цэнтр ставіў ёй сярэдні расход, таму што мы не ведалі, якія ў яе рэальныя паказчыкі. Калі я паглядзела яе расход, ён быў вельмі вялікі – 33 кубаметры. З улікам таго, што яна жыве адна, напэўна, шмат месяцаў можна было б расходаваць столькі вады
».
Таксама ў цэнтры нам расказалі, куды можна паведамляць даныя па вадзе:
«Са студзеня ў нас такая сістэма, што людзі пры аплаце камунальных паслуг могуць падаваць даныя праз банк, пошту. РДЦ таксама прымае паказанні – у нас ёсць аўтаадказчык, кантактныя тэлефоны. Былі і журналы, але зараз іх адмянілі. Калі паказанні падаюцца праз банк і калі яны нам не паведамляюць, то мы не маем права гэтыя паказанні карэкціраваць, у нас проста няма доступу, яны трапляюць у нашу базу».
Падаваць своечасова даныя па вадзе і іншых камунальных паслугах, на жаль, забываюць многія. А потым здзіўляюцца, адкуль набягаюць такія лічбы. Між тым, паведамляць паказанні цяпер можна і онлайн.