Падзяліцца:
28 ліпеня 2017
14 мая 2017 года на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў г. Мінску Белтэлерадыёкампанія пры садзейнічанні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта правяла патрыятычную акцыю «Слаўся, зямлі нашай светлае імя!", прымеркаваную да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Галоўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі дыпламанты музычна-патрыятычнага праекта-конкурсу «Слаўся, зямлі нашай светлае імя!», які праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё ў мэтах папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі, фарміравання ў грамадстве глыбокай павагі да гераічнага мінулага і культуры свайго народа, любові да Айчыны і гонару за яе дасягненні. Слоган праекта - «Веда Гімн сваёй Краіны!». З верасня 2016 года па 1 сакавіка 2017 года ішоў прыём заявак, папярэдні адбор і праслухоўванне дасланых матэрыялаў. Заяўнікі, якія прайшлі папярэдні адбор, запрашаліся да ўдзелу ў аднайменнай тэматычнай штотыднёвай радыёперадачы «Слаўся, зямлі нашай светлае імя!». Для ўдзелу ў праекце было прынята 53 заяўкі ў 3 намінацыях: харавое і ансамблевае выкананне, выкананне сола. Сярод удзельнікаў - прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны, вайскоўцы і курсанты, навучэнцы сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, прафесійныя і аматарскія музычныя калектывы. Усяго каля 1.700 чалавек. У красавіку адбылося праслухоўванне ўдзельнікаў прафесійным журы ў жывым выкананні ў Вялікай студыі Дома радыё. У складзе журы - паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карызна (старшыня), мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады, народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, прафесар, загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кузняцоў, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава і іншыя дзеячы культуры Беларусі. У патрыятычнай акцыі 14 мая 2017 года на Плошчы Дзяржаўнага сцяга ў г. Мінску фіналісты конкурсу сумесна выканалі Дзяржаўны Гімн. Вакальнае і інструментальнае суправаджэнне ім аказалі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі і сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі, якія ажыццявілі раней запіс эталоннай версіі Дзяржаўнага Гімна. Сярод удзельнікаў акцыі таксама былі прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў, дзеячы культуры, спорту, адукацыі - ўсяго больш за 3.500 чалавек!!! Прысутнасць у гэты дзень на плошчы Дзяржаўнага сцяга прадстаўнікоў розных узростаў і сфер прафесійнай дзейнасці сімвалізавала адзінства беларускага народа ў любові да Радзімы, згуртаванасць беларускага грамадства, пераемнасць пакаленняў і захаванне нацыянальных традыцый. Тэлеканал "Беларусь 1" 3 ліпеня 2017 года паказаў тэлеверсію акцыі ў сваім эфіры. https://youtu.be/GMVl5qXyrgI
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: