
Як думаеце, можа чалавек абысціся без паперы? Калі такое здарыцца нечакана, спыніцца праца ў офісах, школах, знікнуць газеты і часопісы… Здаецца, жыццё спыніцца. У той жа час, па даных Асацыяцыі па пытаннях Упраўлення Інфармацыяй, эканомія альбо перапрацоўка тоны паперы дазваляе «выратаваць» 17 дрэў, 26000 літраў вады, 3 кубічных метра зямлі, 240 літраў гаручага і 4000 квт/г электрычнасці. Аднак тэндэнцыі сусветнага спажывання паперы сведчаць пра тое, што неабходныя калектыўныя меры па прыцягненні ўвагі да праблемы. За апошнія 20 гадоў расход паперы павялічыўся прыкладна на 26%. І аб'ём высечкі лесу сёння ў некалькі разоў перавышае аб'ём яго натуральнага аднаўлення.
Ці можна знайсці разумны баланс паміж дзвюма крайнасцямі? Напярэдадні Міжнароднага дня без паперы паразважаем на гэтую тэму.
«Навучымся выкарыстоўваць паперу рацыянальна!» — такі асноўны тэзіс гэтай экадаты. З паперай мы сутыкаемся паўсюдна: дома, у офісе, у школе, гартаючы кнігі, газеты, часопісы, праглядаючы паштоўкі і білеты...
Добра, калі б папера, на вытворчасць якой выдаткавана не толькі драўніна, але і вада, электраэнергія, рацыянальна выкарыстоўвалася. Але не заўсёды гэта так. Напрыклад, сярэднестатыстычны супрацоўнік офіса за год выкідвае ў сметніцу да 160 кг непатрэбных ужо яму паперак. Прычым, палова з іх трапляе туды на працягу 24 гадзін пасля раздрукоўкі.
Але не ўсё так сумна. Калі граматна падысці да пытанняў скарачэння спажывання паперы, можна толькі выйграць. Адзін банк некалькі гадоў таму перагледзеў працэс сартавання дакументаў. Ён аддаў перавагу электронным магчымасцям, укараніўшы іх па максімуме. І здолеў зэканоміць за год каля 100 млн. долараў! Больш за тое, пераход на безпапяровыя тэхналогіі дапамагае прадпрыемствам эканоміць не толькі грошы, але і прастору, а таксама павысіць прадукцыйнасць працы і гарантаваць больш бяспечныя і зручныя захоўванне і абмен інфармацыяй. І безумоўна, безпапяровы офіс дапамагае абараняць навакольнае асяроддзе.
Але не трэба думаць, што справа тычыцца толькі буйных арганізацый з вялізным дакументаабаротам. Кожны з нас здольны ўнесці свой уклад, і зрабіць свет больш утульным і экалагічным. Напрыклад, падумайце перад раздрукоўкай дакумента: ён вам сапраўды неабходны альбо можна абысціся чытаннем з экрана? А як яшчэ скараціць спажыванне паперы ў побыце? Вось толькі некалькі варыянтаў:
Скарачэнне шрыфту, міжрадковых інтэрвалаў і палёў могуць істотна скараціць памер дакумента, адгэтуль – зэканоміць паперу. Калі ёсць магчымасць друкаваць дакументы не толькі з аднаго боку – таксама добры варыянт;
Назапасілася макулатура? Многія кампаніі арганізуюць масавы збор непатрэбнай паперы. Вы можаце вызваліць не толькі сваю працоўную прастору, але і прынесці лішняе з дому. У выніку выратуеце новыя дрэвы ад высечкі, бо макулатура адправіцца на другасную перапрацоўку;
Калі без выкарыстання папяровых носьбітаў увогуле не абысціся, загладзіць віну перад прыродай можна — пасадзіўшы некалькі дрэў.
А галоўнае, памятаць – акцыя «Міжнародны дзень без паперы» – гэта не аднадзённая падзея. Чым хутчэй вы ўкараніце яе ў побыт на пастаяннай аснове, тым хутчэй палепшыце сваё жыццё. Да таго ж яшчэ і станеце больш прасунутымі ў пытаннях электроннай інфармацыі. І не забудзьце паведаміць пра безпапяровы дзень сябрам!
І хоць зразумела, што пакуль поўная адмова ад папяровых дакументаў недасягальная, – асвойваючы сучасныя тэхналогіі ў галіне ІТ і кіравання інфармацыяй, можна дабіцца важкага ўкладу ў эканомію рэсурсаў, як на ўзроўні кампаніі і дзяржавы, так і ў практыцы кожнага асобнага чалавека.