Падзяліцца:
«Погляд. Ці ёсць у Вас Zerro-waste звычкі?» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
9 кастрычніка 2019
«Погляд. Ці ёсць у Вас Zerro-waste звычкі?» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё) Ёсць у зялёным календары Міжнародны дзень па памяншэнні небяспекі стыхійных бедстваў; можна дзівіцца, як магчыма ўплываць на прыродныя стыхіі, але справа ў тым, што колькасць экстрэмальных прыродных з’яў, лічаць навукоўцы, апошнім часам значна ўзрасла з-за змянення клімату. Пакуль адны рэгіёны знемагаюць ад анамальнай спёкі, іншыя моцна залівае дажджамі, з кожным годам павялічваецца колькасць прыродных катаклізмаў з разбуральнымі наступствамі. Большасць прыродных і тэхнагенных катастроф свету сёння прымае такія маштабы, што ліквідацыя іх наступстваў выклікае сур'ёзныя праблемы нават для высокаразвітых краін. Эканамічны ўрон часта складае 5-10% ад валавога ўнутранага прадукту. Праблема змянення клімату мае глабальны характар. Навукоўцы сцвярджаюць, што пагроза глабальнага пацяплення на планеце робіцца ўсё больш выразнай: змяняюцца тэрміны міграцыі птушак, раней распускаюцца кветкі, зрушыліся тэрміны змены пораў года. Глабальнае пацяпленне – адна з найвялікшых небяспек для чалавецтва. Па ацэнках спецыялістаў, калі не прымаць мер па ахове клімату, сярэдняя тэмпература ніжніх пластоў атмасферы ў канцы XXI стагоддзя можа павысіцца на 3 градусы цэльсія (плюс-мінус паўтара градуса). Наступствы такой з’явы могуць быць драматычнымі – перамяшчэнне кліматычных і раслінных зон, пераразмеркаванне ападкаў і пагаршэнне агульнай сітуацыі з харчаваннем. Пацяпленне клімату значна ўплывае на вядзенне сельскай гаспадаркі, бо змяняюцца кліматычныя паясы, а таксама моцна дэградзіруюць глебы. Гэтыя фактары – рэальная пагроза для захавання біялагічнай разнастайнасці. Кліматычныя змяненні могуць прывесці да знікнення ва ўсім свеце мільёна біялагічных відаў да 2050 года. Сярод іншых магчымых наступстваў – раставанне гіганцкіх ледавікоў Грэнландыі, што выклікае павышэнне ўзроўню Сусветнага акіяна, затапіўшы шэраг прыбярэжных краін. Капрызы нябеснай канцылярыі не абыходзяць бокам і Беларусь, дзе перасталі ўжо быць рэдкасцю нетыповыя для ўмераных шырот трапічныя ліўні, засухі і замаразкі, усё часцей здараюцца тэмпературныя рэкорды і ўстанаўліваецца не характэрнае для сезона надвор'е. Сапраўды, змяненне клімату мы заўважаем перш за ўсё па надвор’і. Яно, сапраўды, робіцца ўсё больш непрывычным для нас. Халодныя і цёплыя перыяды, як зімой, так і летам змяняюцца даволі рэзка, ападкаў становіцца больш, але яны нераўнамерныя. Пачасціліся і экстрэмальныя з’явы надвор’я. Інструментальныя назіранні сведчаць – за апошнія 30 гадоў сярэднегадавая тэмпература ў Беларусі павялічылася крыху больш чым на адзін градус. Нашу краіну сусветны акіян, мабыць, не залье. Але мы не будзем больш вырошчваць лён на Віцебшчыне. Атрымаць кавуны, але згубіць бульбу і пшаніцу – ну, таксама вельмі дзіўны “бонус”. Новыя хваробы, скарачэнне біяразнастайнасці – гэта ўсё вельмі побач. Кліматычныя змяненні, што зараз адбываюцца ў нашай краіне і ва ўсім свеце, тычацца шматлікіх галін народнай гаспадаркі – аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва, энергетыкі, прамысловасці, камунальных службаў. І гэта, на самой справе, ужо датычыцца кожнага. Таму адна з актуальных задач сёння – мінімізацыя ўплыву змянення клімату і адаптацыя.… Найбольш значныя меры звязаны з павышэннем эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў ва ўсіх сферах гаспадарчай дзейнасці. Увагі патрабуюць такія галіны, як прамысловасць, жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўніцтва і транспарт. Безумоўна, сельскагаспадарчая вытворчасць таксама вельмі залежыць ад магчымых змяненняў клімату. Так, найбольш небяспечным можа стаць рост нізкіх ураджаяў у выніку павелічэння частаты і паўтаральнасці засух. Новы клімат, як ужо казала, наўрад ці спадабаецца спрадвечна беларускім культурам: бульбе, ячменю і льну. Затое спрыяльным ён стане для вырошчвання сланечніка, цукровых буракоў, соі, кукурузы. Аднак, па прагнозах навукоўцаў, калі інтэнсіўнасць земляробства застанецца на сённяшнім узроўні, то пацяпленне клімату прывядзе да падзення прадукцыйнасці сельскагаспадарчых культур. Павышэнне тэмператур і памяншэнне атмасферных ападкаў можа прывесці і да скарачэння водазабеспячэння і павелічэння попыту на ваду. Таксама гэта можа выклікаць паніжэнне якасці вады ў прэснаводных вадаёмах. Яшчэ адна з адчувальных да кліматычных змяненняў галін – лясная гаспадарка. Як прагназуецца, зменіцца структура лясоў, што паўплывае і на астатнюю расліннасць. Ягад на нашых землях стане больш у асноўным з-за павелічэння ўраджайнасці чарніц, а вось запасы журавін і брусніц, наадварот, знізяцца. Менш стане і грыбоў. Пацяпленне можа стварыць ідэальныя ўмовы для размнажэння шкоднікаў лесу, пагоршацца ўмовы зімоўкі раслін. Павялічыцца працягласць пажаранебяспечнага перыяду. Усё гэта запатрабуе сур'ёзных капіталаўкладанняў для захавання лясоў. Канечне, такія прагнозы навукоўцаў у гаспадарчай дзейнасці ўжо ўлічваюць. Ёсць асобныя праграмы па адаптацыі да змяненняў клімату лясной, сельскай гаспадаркі… Але і ўдзел кожнага з нас таксама важны. Якім чынам я уплываю на змяненне клімату і тым больш магу яго спыніць, напэўна, можаце запытацца і вы. Гэта ж глабальныя працэсы – як жа асобны чалавек можа ўплываць на змяненне сітуацыі. Аднак уплыў на змяненне клімату ідзе ад кожнага з нас – ці карыстаемся грамадскім транспартам ці ўласным аўто, што зразумела… і – ці выключаем ваду, калі чысцім зубы. А яшчэ, раяць эколагі, прыпыніць змяненне клімату выдатна дапамагаюць Zerro-waste звычкі – мінімізацыя ўтварэння адходаў. Можна асобна збіраць смецце самастойна і ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, каб тыя ж сметніцы для пластыка, паперы і шкла былі побач з домам. А яшчэ можна саджаць дрэвы, ездзіць на ровары. І гэта звычкі, у тым ліку, здаровага ладу жыцця.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: