Падзяліцца:
«Погляд. Унікальныя і экалагічныя. Рыхтуем навагоднія падарункі!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
10 снежня 2019
«Погляд. Унікальныя і экалагічныя. Рыхтуем навагоднія падарункі!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё) Мы паступова акунаемся ў атмасферу калядных і навагодніх свят, і многія, безумоўна, ужо задумваюцца пра падарункі. У гэты час асабліва хочацца родным і блізкім стварыць цудоўны настрой, паказаць, што яны нам вельмі дарагія. Але ж пагадзіцеся, з кожным годам падрыхтаваць прэзент усё складаней: пераднавагодні выбар асабліва вялікі, таму прэтэндаваць на арыгінальнасць сёння ўжо не даводзіцца. І выхадам для многіх становяцца падарункі ручной працы. Галоўная асаблівасць такога сюрпрызу – яго ўнікальнасць. І, што бывае нярэдка ў такіх падарунках – экалагічнасць! Тым больш сёння тэндэнцыя да выкарыстання натуральных прадуктаў ужо не проста модная, а неабходная. Бо на сувеніры і «аднаразовыя» падарункі, якія ў лепшым выпадку перадораць, у горшым — адправяць у смецце, выдаткаваны рэсурсы, запасы якіх абмежаваныя. Альтэрнатыва – экалагічныя падарункі – тыя, што зроблены з натуральных матэрыялаў, пазбаўлены ўпакоўкі і аказваюць мінімум негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Падаецца складана? Можа, толькі на першы погляд. Разбяромся на прыкладах. Даволі сучасны трэнд – драўляныя падарункі. Вырабы з натуральнага дрэва выглядаюць не толькі прыгожа, але і лёгка ўпісваюцца практычна ў любы хатні інтэр'ер. Святочныя фотарамкі, скрыначкі, навагоднія цацкі, падстаўкі пад гарачае і многае іншае. Усё гэта вы зможаце зрабіць самастойна без асаблівых намаганняў і без вопыту працы з дрэвам. Прычым для стварэння такой утульнай рэчы ні ў якім разе не трэба ісці ў лес з сякерай, для працы выдатна падыдуць абрэзкі драўніны і апалыя галінкі. Прадметы з дрэва праслужаць вам шмат гадоў і застануцца ў сваім першапачатковым выглядзе. А калі змайстраваць драўляны падаруначак самастойна не атрымліваецца, можна звярнуцца да майстроў сваёй справы – рамеснікаў. Іх асартымент заўсёды багаты і адметны святочнай разнастайнасцю. Асабліва папулярны драўляныя аксэсуары: кольцы, бранзалеты, гадзіннікі, клатчы, кашалькі. Адзін з самых практычных і мілых падарункаў у экастылі – мыла ручной працы. Чаму менавіта ручной? Толькі такім чынам можна стварыць па-сапраўднаму экалагічны прадукт без хімічных дадаткаў, араматызатараў і фарбавальнікаў. Замест ужо звыклых кансервантаў і араматызатараў у «хатняе» мыла дадаюць травы, эфірныя алеі, натуральны скраб. Інфармацыю, як зрабіць такое мыла, можна атрымаць з майстар-класаў у Інтэрнэце. Ёсць магчымасць і замовіць мыла ў майстрых. Адным з самых карысных падарункаў для людзей, якія клапоцяцца пра экалогію, стане экаторба. У паход па крамах, на пляж, на шпацыр… Экаторба будзе дарэчы заўсёды. Для яе пашыву не патрабуецца вялікая практыка. А вось ужо дзе можна праявіць фантазію – так пры афармленні ўнікальным дэкорам. Выкарыстоўваючы прыродныя матэрыялы, можна стварыць мноства прыгожых і карысных прадметаў. І калі вам гэта сапраўды цікава, то яшчэ ёсць час, каб прагуляцца ў бліжэйшы парк альбо лес. Колькі прыгажосці можна зрабіць з яловых і хваёвых шышак – ад невялікіх пацешных цацак да раскошных калядных вянкоў. Дарэчы, не варта забываць, што важная частка «зялёнага падарунку» – таксама ўпакоўка, зробленая сваімі рукамі. Выдатнай абгорткай для экападарунка паслужыць крафт-папера, газета альбо часопіс. Таксама можна пакласці прэзент у мяшэчак з натуральнай тканіны альбо ў плецены кошык. Не забывайце, што дарыць можна «духоўныя» падарункі, напрыклад, білеты ў тэатр, кіно альбо на канцэрт любімай музычнай групы. Парадуйце родных і блізкіх «здаровым» абанементам — напрыклад, у трэнажорную залу альбо басейн. Наўрад ці хтосьці адмовіцца ад білетаў на каток альбо ад сертыфіката ў салон прыгажосці. Сёння можна дарыць веды, аплаціўшы моўныя, кулінарныя альбо любыя іншыя адукацыйныя курсы. Аднак, напэўна, самыя каштоўныя ў жыцці рэчы – гэта ўсё ж не рэчы… Дарыце адзін аднаму цёплыя словы, усмешкі. Не паддавайцеся спакусе, змятаючы з вітрын усё, што там ёсць. Падарыце родным і блізкім самае галоўнае – свой час і сваю ўвагу.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: