Падзяліцца:
«Погляд. Жыццё ў стылі «нуль адходаў». Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
16 лістапада 2019
«Погляд. Жыццё ў стылі «нуль адходаў». Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё) Рост насельніцтва Зямлі і хуткае развіццё сучасных гарадоў ставяць перад грамадствам сур'ёзнае пытанне абыходжання з адходамі. На думку навукоўцаў, да 2050 года звычка сучаснага чалавека выкарыстоўваць аднаразовыя рэчы можа прывесці да таго, што пластыка ў акіянах стане больш, чым рыбы. А прыхільнасць да перавытворчасці і гіперспажывання выльецца ў павелічэнне колькасці адходаў на 70%. І ключ да вырашэння праблемы – найперш іх перапрацоўка і другаснае выкарыстанне. «Другое жыццё» адходаў дапамагае зберагчы значную колькасць сыравіны і энергіі, паменшыць забруджванне навакольнага асяроддзя. Сучасны беларус выкідвае прыкладна 350 кг бытавых адходаў штогод. Гэта ўдвая больш, чым 15 гадоў таму. Да таго ж склад смецця кардынальна змяніўся. Сучаснае бытавое смецце — гэта разнастайны пластык, штучныя матэрыялы, з якіх зроблена ўпакоўка, адзенне, хатнія рэчы, батарэйкі, электроніка. Пры пахаванні гэтыя рэчы раскладаюцца сотні гадоў, вылучаюць пры гэтым таксічныя рэчывы ў глебу, ваду і паветра. Поліэтыленавы пакет, які паслужыў вам 20 хвілін, застанецца на смеццевым палігоне і праз 100 гадоў. Пры гэтым многія бытавыя адходы можна перапрацаваць, пусціць у справу і дзякуючы гэтаму скараціць аб'ёмы пахавання смецця. Трэба адзначыць, што ў нас на ўзроўні дзяржавы ў сферы другаснай перапрацоўкі адходаў ужо шмат зроблена. Дый беларусы становяцца ўсё больш экалагічна свядомымі – аб'ём сабранай другаснай сыравіны ў Беларусі у 2018 годзе павялічыўся больш чым удвая ў параўнанні з 2010-м. Сёння збіраецца каля 90% адходаў паперы, 30% – палімераў, палова – электрычнага і электроннага абсталявання, а таксама 28% выкарыстаных батарэек. Зараз усё больш актыўна набірае папулярнасць новы рух – Zero Waste – ці «нуль адходаў». Перапрацоўка ў большай ступені змагаецца з наступствамі залішняга спажывання і ўтварэння адходаў. Па сутнасці, перапрацоўшчыкі спрабуюць ліквідаваць вынікі. Але калі ўдумліва адносіцца да таго, што набывае кожны з нас, ацэньваць, наколькі нашы пакупкі апраўданы, мэтазгодны, а таксама, па магчымасці, аддаваць перавагу экадружалюбным таварам, верагодней за ўсё, перапрацоўваць давялося б не так ужо і шмат. Канцэпцыя Zero Waste прадугледжвае прадухіленне ўтварэння адходаў і выкарыстанне бясшкодных практык кіравання адходамі. Зараз гэта ўжо становіцца філасофіяй спажывання — пра тое, што павінна і што не павінна адбывацца з адходамі ў сучасным свеце. Напрыклад, лічыцца, што ідэальна — ствараць тавары з такім дызайнам, які дазваляе рэчы рамантаваць і абнаўляць, гэта значыць карыстацца на працягу доўгага часу, а пасля без праблем перапрацаваць. З улікам Zero Waste можна ствараць не проста асобныя рэчы, але і прасторы. «Нулявымі» могуць станавіцца вытворчасці, офісы, гарады… Калі гаварыць проста, уся канцэпцыя заключаецца ў пяці простых правілах, сфармуляваных вядомай Zero Waste-актывісткай Беа Джонсан. «Нуль адходаў» пачынаецца з адмовы ад непатрэбных рэчаў. Выкарыстоўвайце рэчы, якія ў вас ужо ёсць, каб зменшыць спажыванне і берагчы рэсурсы. Замяніце ўсе аднаразовыя прадметы на тыя, якія можна выкарыстаць паўторна. Вось некалькі прыкладаў – шматразовыя бутэлькі і кантэйнеры для ежы замест аднаразовых, экаторбы для пакупак замест пакетаў. Гэта зручна і стыльна! І яшчэ некалькі Zero Waste-правіл: замест таго, каб выкідваць рэчы, рамантуйце іх! Здайце на перапрацоўку тое смецце, якое ў вас засталося, а з арганікі зрабіце кампост. Як бачыце, Zero Waste – гэта не такі ўжо цяжкі комплекс мер, аднак, вынікі могуць быць уражлівымі! Акрамя таго, што вы не будзеце вырабляць смецце (а яго, між іншым, можа быць да некалькіх тон у год на адну сям'ю!), вы таксама будзеце выдатна эканоміць, купляючы толькі тое, што трэба. Па розных даных, прытрымліваючыся канцэпцыі «нуль адходаў», зэканоміць можна да 40% свайго бюджэту. У глабальнай перспектыве канцэпцыя Zero Waste павінна дапамагчы ліквідаваць шкодныя выкіды, якія забруджваюць зямлю, ваду альбо паветра, якія шкодзяць планеце, а таксама здароўю людзей, жывёл і раслін.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: