
Са словамі «бабуля», «дзядуля», бадай, у многіх з нас адразу ўсплываюць цёплыя ўспаміны, прыемныя моманты дзяцінства…
Самой мне вельмі пашанцавала: у мяня былі бабуля і прабабуля, дзед і прадзед. І кожны пакінуў у маім лёсе свой адметны след, падарыў неацэнныя веды, даў важныя жыцццёвыя ўстаноўкі. Памятаю, як прадзед Іван знаёміў з этыкетам, паводзінамі за сталом, як правільна карыстацца сталовымі прыборамі і сурвэткамі, а строгая прабабуля Паліна вучыла варыць няхітрую кашу і даглядаць кветкі. Дзед Васіль, кадравы афіцэр, вучыў вальсаваць, гуляць ў шашкі і шахматы, а яго франтавыя ўспаміны і жыццёвыя развагі дапамаглі глыбей зразумець ваенную гісторыю і ўладкаванне свету. Бабуля Марыя наогул была ўсім: другой мамай, калі тая з ранку да вечара выкладала ў школе, мудрым памагатым на шляху да ведаў і асэнсаванага чытання, сяброўкай, з якой я дзялілася сваімі дзявочымі сакрэтамі. Іх навука ўнікальная і важная — на ўсё жыццё…
Чаму гэта ўзгадалася? Сёння, 28 кастрычніка, у некаторых краінах, як у Расіі, адзначаецца Дзень бабуль і дзядуль. Наогул, ён існуе больш чым у 30 краінах свету. І наконт яго паходжання ёсць некалькі версій. Адны крыніцы сцвярджаць, што ўпершыню адзначаць Дзень бабуль пачалі ў Польшчы ў 1964 годзе па ініцыятыве штотыднёвіка «Жанчына і жыццё». Далейшая гісторыя звязана з ЗША, дзе свята набыло нацыянальны характар у 1978 годзе з падачы шматдзетнай сям’і МакКуэйд, у якой было 15 дзяцей, 43 унукі і 10 праўнукаў. Па іншых крыніцах, ідэя вылучыць асобны дзень для ўшанавання старэйшага пакалення нарадзілася ў Кветкавым бюро Нідэрландаў 10 гадоў таму. І ініцыятыва была дарыць пажылым родным не звыклы букет, а кашпо з жывымі пакаёвымі кветкамі, якія сімвалізуюць сувязь паміж пакаленнямі: каранямі (бабулі і дядулі) і маладымі парасткамі (унукамі і праўнукамі). Ініцыятыва спадабалася, яе падхапілі іншыя бізнес-кветкаводы і простыя людзі.
Дарэчы, у гэтай урачыстасці няма агульнай для ўсіх зацверджанай даты. У адных краінах яна зафіксавана ў календары, а ў большасці – так званая плаваючая. Але часцей за ўсё прыпадае на восень. Для нас, славян, гэта зразумела, здаўна старажытныя восеньскія Дзяды закліканы былі умацоўваць сувязь з продкамі і аб’ядноўваць пакаленні. Калі гаварыць пра дакладныя даты, то Дзень бабуль і дзядуль у Францыі, напрыклад, адзначаецца 26 верасня, у Італіі 2 кастрычніка, 16 кастрычніка ў Чылі, а ў Мексіцы 28 жніўня. У ЗША такое свята прыпадае на першую нядзелю верасня, на другую нядзелю верасня — у Канадзе, Эстоніі і на Філіпінах. У першую нядзелю кастрычніка віншаванні прымае старэйшае пакаленне ў Аўсталіі, Вялікабрытаніі і Паўднёвай Афрыцы, а ў другую нядзелю кастрычніка — у Германіі, Пакістане і Ганконгу. Лістапад для свята бабуль і дзядуль выбралі ў Паўднёвым Судане (першая нядзеля) і Сінгапуры (4 нядзеля). А вось парагвайцы вырашылі ўшаноўваць сваіх старэйшых родных у маі, а уругвайцы — у чэрвені. У Польшчы паасобку віншуюць бабуль — 21 студзеня, а дзядуль — на наступны дзень. Ёсць дзве краіны, Францыя і Аргенціна, дзе адзначаецца ў год тры святы: акрамя сумеснага дня, ёсць паасобку Дзень бабуль і Дзень дзядуль. Але незалежна ад даты ў календары паўсюль такі дзень падкрэслівае важнасць пажылых людзей і іх ўнікальны ўклад ў жыццё асобнай сям’і і ўсяго грамадства.
Дарэчы, апякаць унукаў карысна для здароўя. Адзін з нямецкіх часопісаў надрукаваў вынікі назірання за паўсотнямі жыхароў Берліна ва ўзросце 70 гадоў і больш. Аказалася, што тыя, хто дапамагаў гадаваць унукаў нават перыядычна, жылі на 20 гадоў больш за іншых. На думку доктара Ронана Фактора, існуе прамая сувязь паміж клопатам пра дзяцей і зніжэннем стрэсу. Таму цёплыя адносіны паміж сталымі і дзецьмі робяць першых не толькі больш фізічна актыўнымі, але і шчаслівымі. Унукі таксама атрымліваюць бонус ад стасункаў з бабулямі і дзядулямі. Ёсць даследаванне Оксфардскага ўніверсітэта, якое даказвае: маладое пакаленне вырастае больш паспяховым і фінансава багатым, калі мела цесныя стасункі з бацькамі сваіх тат і маці. І тыя маладыя людзі, у выхаванні якіх прымае ўдзел старэйшае пакаленне, маюць менш эмацыянальных праблем, яны больш актыўныя, амбіцыйныя і лепш сацыялізаваныя.
Так што сёння добрая нагода наведаць сваіх пажылых родных. Разам пасядзець за кубачкам чаю, пагартаць сямейны альбом, узгадаць прыемныя моманты дзяцінства. Альбо проста пазваніць ці звязацца з «прагрэсіўнымі продкамі» па скайпе ці вайберы і сказаць шчырыя словы ўдзячнасць за іх дабрыню і ласку. Дарэчы, у Японіі няма дакладнай даты ўшанавання бабуль і дзядуль, бо культура японцаў вучыць паважаць сваіх старэйшых увесь час. Таму ў Краіне ўзыходзячага сонца шанаванне людзей залатога ўзросту адбываецца ўсе 365 дзён штогод. Цудоўная традыцыя! Я так думаю, а вы?