Падзяліцца:
Пра фінал “Гульні тронаў”. Кропкі над “і”. Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
27 Мая 2019
Пра фінал “Гульні тронаў”. Кропкі над “і”. Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)

Прайшоў тыдзень з прэм’еры апошняй серыі галоўнага шоу дзесяцігоддзя, а спрэчкі наконт яго фіналу не сціхаюць. Прызнаюся, мне таксама многія дэталі развязкі спачатку падаліся нелагічнымі, і, магчыма, каб гэты блог выходзіў раней, я далучыўся б да хору незадаволеных галасоў. Можна наракаць на нейкую паспешнасць, дыялогі, мантаж у стылі “Рывердэйла”, але чым больш я думаў пра ўчынкі герояў, тым больш логікі знаходзіў у іх зыходзячы з таго, што адбывалася на працягу ўсёй сагі.

Тое, што гэта менавіта сямейная сага - стала відавочным пасля перамяжоўваючыхся кадраў з Джонам, Сансай, Бранам і Ар’яй. Так, з сям’і Старкаў, якая абараняе паўночную мяжу Сямі каралеўстваў, усё пачалося. Але пасля пакарання Нэда, Чырвонага вяселля і калецтва Брана мала хто верыў, што гэты род не тое што верне сабе Вінтэрфэл, а ўвогуле не сыдзе ў гісторыю.

Вар’яцтва Дэйнэрыс бачылася тым няўхільней, чым бліжэй яна падбіралася да Жалезнага трону; тое, што міласэрнасць – не яе другое імя, было зразумела яшчэ з першага сезону. Ворагаў - ад ведзьмы, якая атруціла кхала Дрога і да рабаўладальнікаў Эсаса - яна карала жорстка і паказальна. А пасля смерці брата толькі пагардліва працадзіла: “Ён не дракон”. Многія параўноўвалі “Гульню тронаў” з сагай Джона Толкіна, і тут Жалезны трон, канешне, бачыцца аналагам пярсцёнка ўлады, а Дэйнэрыс – гэта быццам Гададрыэль, добрая каралева эльфаў, якая не прайшла спакусу ўладай. Вестэрос для яе стаў апантанасцю і зямлёй запаветнай.

Таму і смерць маці драконаў лагічна, а тое, што гібель наканавана ў абдымках любімага, мы памятаем яшчэ з даўняга прадказання. Тут іншае пытанне – ці выходзіць гэтая здрада з развіцця характара Джона Сноу, гэтага быццам бы прыклада адданасці і вернасці слову, такога Нэда Старка ў квадраце (Джон, дарэчы, і загінуў таксама ад здрады – яго ж ажывіла Мелісандра). Але ўвесь шлях законнага спадчынніка Жалезнага трону ёсць не што іншае, як шлях здрады. Спачатку Джон парушыў клятву Начнога дазору, пасля “кінуў” здзічэлых, і, нарэшце ўжо ў якасці “караля Поўначы” прысягнуў іншай каралеве. Атрымалася, што нават Джэйме Ланістар, які бачыўся антаганістам Джона, ведае пра адданасць куды больш.

Што да лёсу самога Жалезнага трона – сімвал улады ператвараецца, па сутнасці, у інваліднае крэсла Брана. Давялося выслухаць шмат скептыкі і на гэты конт – маўляў, не прынясе гэта ўсё мір у Вестэрос. Але тыя, хто сабраўся на апошні савет, калі і маюць амбіцыі, то пакуль яшчэ стомленыя апошняй вайной, ды фігура калекі падаецца сапраўды кампраміснай – так лічыла атачэнне ўсіх “слабых” каралёў яшчэ з часоў Сярэднявечча, а “Гульня тронаў” гэта і ёсць Сярэднявечча.

І цяпер, калі я выказаў свае думкі наконт развязкі, некалькі разважанняў пра сам феномен “Гульні тронаў”. Відавочна, што гэта феномен менавіта серыяла, хаця і літаратурная аснова мела сваіх фанатаў. Выгаднай справай шоу стала не толькі для канала HBO, але і для аўтара цыкла “Песня лёду і полымя”– продажы кніг Джорджа Марціна выраслі ў геаметрычнай прагрэсіі, а пісьменнік стаў запатрабаваным сцэнарыстам на многіх іншых праектах, стаў выступаць з лекцыямі па ўсім свеце і… перастаў працаваць над шостай часткай сагі (хаця ёсць чуткі, што яна ўжо дапісана, а выхад адцягвае выдавецтва). Толькі ўявіце, якая спакуса зацягнуць дзеянне  была ў стваральнікаў серыяла і ператварыць яго ў класічнае шоу, якое трэба зачыняць пасля трэцяга сезону, а яго ўсё падаўжаюць на сёмы-восьмы-дзясяты. Але – трэба аддаць ім належнае - Беніоф і Вайс не пайшлі на гэта і дапісалі сцэнарый, грунтуючыся на чарнавіках і сюжэтных схемах Марціна. Так што зноў жа - любыя прэтэнзіі (і мільён петыцый з патрабаваннем перазняць апошні сезон) трэба накіроўваць найперш пісьменніку – усё зроблена па яго запаветах, такія былі ўмовы кантракта. (Што, у сваю чаргу, не перашкаджае яму прыдумаць іншы фінал у кнізе).

На момант выхаду апошняга сезону серыял стаў заложнікам уласнай папулярнасці, і незадаволеныя развязкай былі б у любым выпадку проста па законе вялікіх лічбаў. Сваё ўяўленне пра ідэальны фінал было ў кожнага; напрыклад, мае сябры перажывалі за абсалютна розных персанажаў і грунтоўна абмяркоўвалі, чаму жалезны трон павінен заняць Цірыён, Джон Сноу або Дэйнэрыс. Сага стала не толькі культурным, але сацыяльна-эканамічным феноменам, роўным “Уладальніку пярсцёнкаў” 90-х і “Гары Потэру” нулявых. Яна падзяліла грамадства на тых, хто сочыць за ёю і ўсіх астатніх. Прычым першая група актыўна папаўнялася, бо многім хацелася падтрымаць размову з сябрамі ці калегамі. Мільёны людзей прызналіся, што марнуюць мінімум гадзіну працы на абмеркаванне чарговай серыі. “Рэкапы” з’яўляюцца ва ўсіх аўтарытэтных СМІ ад The Guardian да New York Times. Асцерагаючыся спойлераў, фанаты тыднямі не заходзяць у сацыяльныя сеткі. Месцы здымак, такія як харвацкі Дуброўнік, замкі Іспаніі і Паўночнай Ірландыі, пячоры і леднікі Ісландыі сталі аб’ектам паломніцтва турыстаў. А тысячы народжаных дзяцей атрымалі такія імёны як Санса, Ар’я, Дэйнэрыс.

Што далей?.. Дэвід Беніоф і Дэніэл Вайс зоймуцца новай трылогіяй “Зорных войн”, а ў “Гульні тронаў” – пад началам іншых шоуранераў – з’явяцца спінофы і прыквелы. Але гэта будзе ўжо зусім іншыя гісторыі.

Starks.jpeg

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: