Падзяліцца:
Пра крызіс жанру. Кропкі над “і”. Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
24 Чэрвеня 2019
Пра крызіс жанру. Кропкі над “і”. Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)

Не варта памнажаць сутнасці без неабходнасці.

Уільям Акам



«— Уже пишет, халтурщик, овсом. К старой манере, говорит, перехожу. Жалуется на кризис жанра». Гэта адна з бессмяротных цытат з Ільфа і Пятрова. Пра мастака Феафана калегі казалі хутчэй з зайздрасцю – усё ж ён, а не яны, пісаў партрэт знакамітасці, але і іроніі там хапала.

Прайшло два гады з моманту майго першага радыёблога, і тэмы неяк скончыліся, а брацца за авёс не хочацца.

Не важна, чым ты займаешся – каб мыць падлогу, грузіць вагоны або лавіць зайцоў у транспарце патрэбна не меншае натхненне, чым пры напісанні тэксту, інакш як жыць? А я гляджу на калег, якія даўно страцілі гэтае натхненне (хаця ёсць, канешне, і адваротныя прыклады – мне б такую энергію і запал у 70, як у некаторых), і больш за ўсё баюся стаць такім жа - працаваць па інерцыі, падманваць сябе – а можа, так і трэба, а пасля, як у “Вечарынцы ў Рэндальфа” Джона Ленана: «Никогда то мы не любили тебя, дурья твоя башка, и чего ты только к нам примазывался, олух…»

“Ну, што за лайно мы сёння паедзем здымаць?” – у часы працы на тэлебачанні пытаў у мяне адзін аператар, між іншым, прафесіянал, якому даручаюць самыя адказныя здымкі. І тым самым не толькі збіваў маю матывацыю ніжэй за нуль. Адсутнасць інтарэсу наўпрост адлюстроўвалася на якасці яго работы.

Гэта пра натхненне. А цяпер пра напаўненне. Усе гэтыя разважанні – пра кіно, віно і даміно, як ні круці, маюць цану не большую за размовы, што вядуць людзі, якім больш няма пра што гаварыць. Адсюль і іх каштоўнасць; гэта добрае пачуццё – калі нам усім нешта падабаецца, калі наадварот – таксама карысна: “значыць, добрыя боты, трэба браць”. Але найчасцей усім абыякава, што гаворыць, канешне, не пра ўсіх, а пра мяне.

Узяць для прыклада вынікі года, якія так любяць падводзіць усе аглядальнікі, і калісьці – проста каб зверыць нашы эстэтычныя компасы – любіў і я. А потым перастаў. Тыя, хто за год не ўбачыў/не пачуў/не прачытаў ваш “топ”, наўрад ці кінуцца наганяць у студзені. Тыя, хто ведае больш за вас, панаракаюць на вашу абмежаванасць і недасведчанасць. Тыя, хто прывык гартаць стужку навін, выхопліваючы мемы і фота, не спыніцца на вашым тэксце далей за першы абзац; роўна як і тыя, хто падсеў на сур’ёзную аналітыку - або не вельмі сур’ёзную, а часам і адкрыта спекулятыўную, але якая хаця б цікава падаецца.

Добра, калі ёсць водгук – і бясцэнна, калі ён крытычны. Людзей, якія нас не любяць (не ў сэнсе ненавідзяць, а менавіта не_любяць, скажам так - нейтральных), або ставяцца паблажліва, трэба цаніць не менш за сяброў. Проста не за тое. Сябры нас шкадуюць і не заўсёды кажуць праўду, хаця любім мы іх не за падтрымку, а проста таму, што яны ёсць. А вось да меркаванняў нейтральных, а часам і прадузятых, варта прыслухоўвацца – каб не спыніцца, не ўпэўніцца ва ўласнай бездакорнасці, не пайсці добра вядомай гладкай сцежкай. (Здаецца, зноў банальнасць, але калі сутыкаешся сам – больш не здаецца).

Герой аднаго з маіх любімых фільмаў на ўсе часы, двайнік Майкла Джэксана, доўгі час хаваецца за звыклым камфортным абліччам. Выступае на нейкіх ранішніках, забаўляе непатрабавальную публіку. Ён не мае ілюзій адносна свайго лузерства, але толькі погляд-штуршок звонку ў рэшце рэшт прыводзіць яго да рашэння кардынальна змяніць імідж і больш не паходзіць на знакамітага артыста.

“- Шкада, я ніколі не падтрымаю цябе ў гэтым рашэнні”, – кажа яго імпрэсарыа.

“- Усё ў парадку, ты і не павінен”.

“- Я не ведаю, хто сядзіць у крэсле насупраць мяне. І ты не ведаеш, ці не так?”

“- Так. Але я павінен даведацца”.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: