Хайп вакол “Гульні тронаў” яшчэ не паспеў сысці, а канал НВО ўжо разразіўся новым хітом. Серыял “Чарнобыль” зараз мае найвышэйшыя ацэнкі ў дзвюх самых папулярных інтэрнэт-базах кінафільмаў - 9.6/10 на imdb і 9.1 на “Кинопоиске”. Фільм зацікавіў гледачоў не толькі ў Беларусі, Расіі і Украіне, што было б зразумела; яго абмяркоўваюць у сацыяльных сетках па ўсім свеце, а вядучыя выданні ЗША і Еўропы публікуюць рэцэнзіі – у асноўным, пазітыўныя. Называюць серыял гісторыяй пра лепшае і горшае, што было ў Савецкім Саюзе. Да недахопаў ставяць галівудскую патэтыку і сюжэтны хаос.
У нас жа найперш адзначаюць неверагодную ўвагу да дэталяў. Дасягнуць гэтага атрымалася ў тым ліку за кошт рэквізітаў з калекцыі “Беларусьфільма”: практычна ўся вопратка на героях - з Мінска. Стваральнікі дакладна аднавілі выгляд савецкіх кватэр і чыноўніцкіх кабінетаў, а натурныя здымкі вялі на Ігналінскай АЭС і ў вільнюскім раёне Фабіёнішкес, копіі нашай Кунцаўшчыны або Сухарава. Хацелі зняць некалькі сцэн і ў самой Прыпяці, але зараз гэты горад выглядае зусім не так, як у 1986-м.
Серыял мастацкі, амаль усе героі маюць рэальных прататыпаў. Фільм не адкрывае "новай праўды" пра Чарнобыль, у ім няма нічога сенсацыйнага - усе дакументы, інтэрв’ю, кнігі, хронікі можна лёгка знайсці ў Інтэрнэце. Але мы жывём у часы інфармацыйнага перанасычэння. Адбываецца так шмат усяго, што нават даступныя даныя аказваюцца пахаваныя пад гарой іншай актуальнай інфармацыі.
Галоўная заслуга стваральнікаў "Чарнобыля" у тым, што яны змаглі ўвасобіць ужо вядомыя факты і гісторыі ў самы актуальнае і запатрабаваны на сённяшні дзень фармат – серыял, і вывесці яго ў цэнтр грамадскай увагі. Ці абмяркоўвалі б цяпер па ўсім свеце катастрофу 33-гадовай даўніны? І ці глядзелі б серыял, калі б ён не быў цудоўным узорам жанравага кіно? Тут ёсць усё, што трэба для поспеху: і глабальная катастрофа, што пагражае мільёнамі ахвяр, і самаадданыя людзі, якія ратуюць свет. Усе каноны супергеройскага фільма!
У сувязі з тэмай Чарнобыля ў мастацтве многія ўзгадваюць фільм “У суботу”, але пры ўсёй павазе да Аляксандра Міндадзэ, ад чытання яго сцэнарыяў асабіста я атрымліваю куды большую асалоду, чым ад прагляду кінастужак; магчыма, справа ў пастаноўцы і тым, як граюць акцёры, а магчыма, ува мне.
Калі я пачаў гаварыць пра асабістае – 86-ты я памятаю не вельмі добра, ніякіх жахаў адносна радыяцыі не адчуваў, і нават ездзіў з бацькам на поўнач Украіны, у Жытомірскую вобласць. Гэта ўжо бліжэй да канца 80-х радыёнукліды сталі галоўнай пужалкай і заклікам есці ўсё, што я не любіў, бо гэта ўратуе. Раптам пра Чарнобыль сталі складаць песні, ставіць п’есы, у школах з’явіліся ўрокі радыяцыйнай абароны, а эндакрынолаг стаў самым запатрабаваным урачом.
Слоган “Чарнобыля” – “Колькі каштуе хлусня” – адсылае нас не толькі ў мінулае. І не толькі нас. Сёння дзякуючы развіццю медыя і сацыяльных сетак схаваць праўду атрымаецца наўрад ці, але не мной заўважана: мы, быццам той наглядны матэрыял, што выкарыстоўваў на судзе акадэмік Лягасаў, з “чырвонага” боку манаполіі на інфармацыю мы перайшлі на “сіні” бок – фэйкавых навін, якія ўсё цяжэй адрозніць ад рэальных. За прыкладам і тут далёка хадзіць не трэба – узгадайце, колькі пісалі пра нібыта новыя выбухі ў Мінску адразу пасля тэракту ў метро.
Ну а калі вы яшчэ не паглядзелі “Чарнобыль”, то крыху пачакайце. Як стала вядома нядаўна, яго перакладуць на беларускую мову. Гэтым займаецца адзін з відэасэрвісаў. Паказ запланаваны на пачатак ліпеня.