Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візітам у Расійскай Федэрацыі. 25 снежня кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага саюза. У парадку дня саміту – больш за два дзясяткі пытанняў, якія ў тым ліку датычацца ключавых напрамкаў далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС, міжнароднай дзейнасці, макраэканамічнай палітыкі, работы па ўстараненні бар’ераў, скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку саюза.
Мерапрыемства праходзіла ў Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Барыса Ельцына. Установа размешчана ў цэнтры Санкт-Пецярбурга ў гістарычным будынку Сінода на Сенацкай плошчы. Будынак бібліятэкі даволі часта выкарыстоўваецца для правядзення такіх сустрэч і самітаў.
Спачатку кіраўнікі краін размаўлялі ў вузкім складзе за зачыненымі дзвярыма. Пасля перагаворы прадоўжыліся ў пашыраным складзе.
Падчас выступленняў на саміце ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка назваў галоўным дасягненнем у Еўразійскім эканамічным саюзе стабільныя функцыянальныя агульны ўнутраны рынак і адзіную мытную прастору.
«Наша пасяджэнне ў пэўнай ступені знакавае. Завяршаецца чарговы этап развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза. У наступным годзе мы адзначым дзесяцігоддзе (падпісання Дагавора аб ЕАЭС. – Зв.). Нам прадстаўлены шырокі і грунтоўны даклад аб выніках работы саюза за мінулы перыяд. Мы можам не толькі ацаніць вынікі, але і пагаварыць аб шляхах удасканалення, неабходных вырашэннях праблемных пытанняў. Лічу галоўным дасягненнем стабільныя функцыянальныя агульны ўнутраны рынак і адзіную мытную прастору з усімі недахопамі», – сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што ў ЕАЭС не ізалююцца ад знешняга свету. «Наша інтэграцыйнае аб’яднанне адкрыта для ўзаемавыгаднага і раўнапраўнага супрацоўніцтва з вядучымі эканомікамі. Мы не ізалюемся ад знешняга свету, як бы камусьці гэтага ні хацелася», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што партнёры па ЕАЭС будуюць дыялог на ўмовах роўнасці і павагі да інтарэсаў. «Апошні прыклад – падпісанне пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з Іранам. Сёння гэта найбуйнейшая эканоміка Сярэдняга Усходу, ключавы элемент паўднёвага гандлёвага шляху з Блізкім Усходам і Паўднёвай Азіяй», – адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб перспектывах еўразійскай інтэграцыі да 2045 года. Увазе лідараў краін была прадстаўлена падрыхтаваная ў перыяд расійскага старшынства дэкларацыя аб асноўных задачах і ключавых напрамках далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза на перыяд да 2030 і 2045 гадоў.
«Важна, што нашы краіны жывуць не толькі сучаснасцю. Мы дакладна разумеем мэты інтэграцыі ў агляднай будучыні. Па ініцыятыве расійскага боку падрыхтавана дэкларацыя, якая вызначае задачы развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і інтэграцыі да 2045 года. У строгім духу эканамічнага пракматызму, зразумелыя мэты: далейшае будаўніцтва агульнага еўразійскага рынку, забеспячэнне яго ключавымі таварамі і рэсурсамі, развіццё кааперацыі, фарміраванне агульнай транспартна-лагістычнай прасторы і агульнага фінансавага рынку, актыўнае міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС», – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у развіццё дэкларацыі неабходна выпрацаваць і дарожную карту рэалізацыі намечанага.
Беларускі лідар заявіў, што ў саюзе захоўваецца высокі ўзровень самазабяспечанасці сыравіннымі рэсурсамі і ключавымі відамі харчавання.
Напрыклад, краіны ЕАЭС утрымліваюць другое месца ў свеце па здабычы нафты і газу, вытворчасці мінеральных угнаенняў, трэцяе – па вытворчасці пшаніцы, бульбы, жывёлагадоўчай прадукцыі, чацвёртае – па здабычы вугалю.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў самым пачатку функцыянавання ў ЕАЭС было адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу па таварах харчовай групы, якое ў 2015 годзе склалася ў памеры амаль $13 млрд.
«Цяпер дзякуючы зладжанай рабоце ў рамках саюза ліквідавалі дысбаланс і выйшлі ў плюс па харчаванні. Дасягнуты высокі ўзровень харчовай самазабяспечанасці, які, напрыклад, па Беларусі складае амаль 100 працэнтаў. За кошт уласнай вытворчасці мы пакрываем свае ўнутраныя патрэбы ў збожжы, свініне, мясе птушкі, малацэ, агародніне, алеях, курыных яйках і ў іншых прадуктах», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што такія вынікі дасягнуты ў вельмі неспрыяльных знешніх умовах.
Перад пачаткам паседжання Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў прама на прыступках бібліятэкі. Як заўсёды, шчыра, расстаўляючы ўсе важныя акцэнты, у тым ліку і аб ролі ЕАЭС, і аб дзейнасці і перспектывах аб’ядання.
Кіраўнік дзяржавы пракаментаваў пытанне аб тым, ці дастаўлена ў Беларусь уся расійская ядзерная зброя, якая планавалася.
«Даўно. Я ж гаварыў ужо, калі скончылася пастаўка. Яшчэ ў верасні, па-мойму, або ў кастрычніку. У пачатку кастрычніка апошняя. Усё на сваіх месцах у добрым стане», – сказаў беларускі лідар. Адказваючы на пытанне, калі найбліжэйшыя ваенныя вучэнні, ён адзначыў: «Кожны дзень вучымся. Нават былыя вагнераўцы, якія ў нас засталіся, працуюць сёння ў нас у падраздзяленнях, перадаюць вопыт».
Гаворачы аб урэгуляванні канфлікту ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў маючым адбыцца годзе ёсць шанц прасунуцца ў гэтым пытанні.
«Думаю, што самы шанц. Будзем з імі неяк больш цесна працаваць, каб яны разумелі, што гэта адзіны шанц. Калі яны ім не скарыстаюцца, будзе наогул крах», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на ўдакладняючае пытанне, аб якіх рашэннях ідзе размова, ваенных або палітычных, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Цяпер ужо і да палітыкаў дайшло. Ваенныя падціскаюць. Як я заўсёды гаварыў, ваенныя бачаць, што адбываецца. Ціск вельмі моцны ўжо. Вы, напэўна, па прэс-канферэнцыі Зяленскага заўважылі, што ён пачынае разумець».
Кіраўніку дзяржавы таксама было зададзена пытанне адносна бяспекі на граніцах на заходнім напрамку. «З Польшчы не ціснуць?» – спытаў адзін з журналістаў.
«Нічога страшнага. Я ж стары пагранічнік. Як я магу (не гарантаваць бяспеку на рубяжах. – Зв.)», – запэўніў беларускі лідар.
Прагучала пытанне: «Разганяецца ўжо тэма, што Барэль (вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. – Зв.) казаў у Еўрасаюзе, што Расія ледзь не збіраецца напасці на НАТА. Гэта значыць, зараз з Украінай разбярэмся... »
«Гэта дурасць. Гэта чалавек дурны проста. Ён да палітыкі не мае ніякага дачынення. Калі б ён разумны быў, ён бы падумаў так, па-гаспадарску: нам з Расіяй дай бог з гэтымі праблемамі разабрацца. Мы што, на гэтыя праблемы наслойваць будзем новыя? Любы чалавек так бы падумаў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Нам што, да вайны сёння новай? Нам з гэтай (ва Украіне. – Зв.) трэба разабрацца. Тым больш зараз, калі сітуацыя складваецца спрыяльна. І не толькі для нас. Але і для іх, каб не страціць Украіну. Я так разумею гэта», – дадаў беларускі лідар.
Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці няма крыўды на тое, што Нікол Пашынян прыехаў у Санкт-Пецярбург на саміт ЕАЭС, але раней не ўдзельнічаў у саміце АДКБ у Мінску. «Вы што?! Гэта розныя фарматы. Я ведаў пра гэта. Я ж тады казаў, што ён прыляціць у Піцер. Калі я з ім размаўляў, я яму кажу: „Мікол Ваваевіч, у Піцер ты ж прыляціш?“ „Ну, гэта іншы фармат – эканамічны. Мы пакрыўджаныя на ваенна-палітычны – АДКБ, а гэта эканоміка“. Таму я ведаў, што ён прыляціць у Піцер. І ў гэтым яго падтрымаў тады, падтрымліваю і зараз. Якая тут крыўда?!» – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Журналісты працягнулі міні-прэс-канферэнцыю: «Не страцім Арменію з ліку сяброў?»
Аляксандр Лукашэнка ў адказ сказаў: «Калі Арменія хоча „памерці“ эканамічна, то мы яе можам страціць. Але я не думаю, што армяне неразумныя людзі. Гэта разумныя людзі. Таму не, я пра гэта нават не думаю і не турбуюся. Я ўпэўнены. „Што яна, не бачыла, як у Афганістане падалі людзі – за шасі чапляліся. Памятаеце, калі амерыканцы сыходзілі? Дакладна так выкарыстоўваюць Арменію і зваляць. Вы думаеце, гэтага не будзе? Будзе так. Гэта іх палітыка“. І армяне разумны народ, разумныя людзі. Яны разумеюць, што менавіта так і будзе».
«Хто ім што дапаможа? Там Еўропа, Францыя спрабуюць нешта зрабіць. Вы бачыце, што адбываецца ў Францыі. Ім бы ў сябе разабрацца – французам, а потым ужо лезці на Каўказ. Яны ў сябе разабрацца не могуць. Гэта армяне бачаць. Паверце мне. Тое, што публічна адбываецца, – гэта адно. Тое, што адбываецца за рамкамі публічнасці, – гэта зусім іншае. У гэтым сутнасць палітыкі. Там адбываюцца галоўныя працэсы. Вось у сілу тых працэсаў Арменія абавязкова будзе тут з намі. Таму што тут найважнейшы напрамак іх развіцця», – дадаў беларускі лідар.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўзровень супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза значна вышэйшы, чым, напрыклад, у ШАС або БРІКС, і партнёрам неабходна працаваць над далейшым развіццём аб’яднання.
«Аналізавалася раней работа ўсіх аб’яднанняў: ШАС, БРІКС і іншыя. Мы (гаворка пра ЕАЭС. – Зв.) самыя прасунутыя. Ні ШАС, ні БРІКС не маюць такіх цесных сувязяў, не размаўляюць на адной мове, як усе мы – без перакладчыка. І самае галоўнае – у эканоміцы не маюць гэтай адзінай эканамічнай прасторы. Мы за дзесяць гадоў у ЕАЭС падвоілі тавараабарот, ВУП – 2,5 трлн долараў. Вялікая колькасць тавараў і паслуг, якія мы вырабляем тут. Што нам яшчэ трэба? Нам трэба рухацца ў гэтым напрамку», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ШАС і БРІКС хоць і важныя, але ў асноўным больш палітычныя арганізацыі: «Яны не маюць таго, што маем мы, – матэрыяльнага, што можна пакратаць. Хоць у нас недахопаў дастаткова. Я гавару пра нашу эканамічную арганізацыю. Пра АДКБ, не пра СНД. Хоць СНД – каласальны рэзерв вось гэтага нашага эканамічнага саюза. Таму нам трэба проста ў гэтым напрамку рухацца, а не затлумляцца на нейкіх дробязях».
«І вось гэта ваенная аперацыя ва Украіне – яна нас многаму навучыла і штурхае проста далей рухацца. А мы застылі. Трэба рухацца. База самая вялікая. Ні ў адной арганізацыі няма такой базы», – падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы прывёў канкрэтны прыклад з ШАС, якая з’яўляецца магутнай арганізацыяй і добрай пляцоўкай для двухбаковых перагавораў. У тым ліку Беларусь імкнецца набыць у ёй паўнапраўнае членства. Тым не менш, палітыка многіх буйных удзельнікаў ШАС розная. «Індыя і Кітай. Розная палітыка. Індыю клічуць туды ў так званае НАТА Ціхага акіяна. Адна палітыка. У Кітая – іншая. У Расіі – трэцяя. А тут (у ЕАЭС. – Зв.) больш адзінства, тут ёсць аснова. У гэтым адносінах трэба працаваць. І мы будзем як цэнтр прыцягнення», – заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на супрацоўніцтва ЕАЭС з Іранам. Дарэчы, у Санкт-Пецярбургу на палях саміту з гэтай краінай было падпісана пагадненне аб свабодным гандлі. «Гэта наймагутнейшая краіна з развітой гандлёвай, вытворчай базай. Стварылі зону свабоднага гандлю. І мы павінны быць такой зонай прыцягнення. Але, самае галоўнае, мы не павінны расчараваць тых, хто да нас прыйдзе. Я пра Кубу (краіна-назіральнік у ЕАЭС). – Зв.) ужо не гавару», – дадаў Прэзідэнт.