Першы нацыянальны канал Беларускага радыё працягвае прыём заявак на ўдзел у V Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі», які праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі маладых адораных выканаўцаў у розных жанрах музычнага мастацтва. Дэдлайн адпраўкі заявак - 1 лістапада ўключна.
У гэты раз творчае спаборніцтва прымеркавана да Года моладзі і 90-годдзя Беларускага радыё. Конкурс праводзіцца з верасня па снежань па трох намінацыях: «Эстрадны вакал», «Інструментальная музыка, салісты» і «Спадчына» (творчы пошук у галіне фальклору і этнічнай музыкі).
«На сёння мы ўжо атрымалі шмат заявак на ўдзел у конкурсе «Маладыя таленты Беларусі». Прыярытэт па колькасці - у намінацыі «Эстрадны вакал», таму мы асабліва чакаем таленавітых дзяцей, якія праявяць сябе таксама ў намінацыях «Інструментальная музыка, салісты» і «Спадчына». Як паказвае практыка, не ўсе паспяваюць своечасова адправіць заяўку, таму звяртаем увагу на тое, што часу застаецца крыху менш за тыдзень», - падкрэсліла аўтар і кіраўнік праекта Таццяна Якушава.
Нагадваем, у творчым спаборніцтве могуць прыняць удзел маладыя людзі ва ўзросце ад 10 да 21 года, навучэнцы дзіцячых музычных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, удзельнікі музычных і эстрадных студый, а таксама студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Узрост удзельнікаў вызначаецца на момант правядзення конкурснага праслухоўвання (па стане на 1 лістапада 2015 года).
Радыёконкурс будзе складацца з трох тураў:
I тур - папярэдні адбор і праслухоўванне заяўленых матэрыялаў (з 1 верасня да 1 лістапада 2015 г.).
II тур - адбор запісаў канкурсантаў, якія прайшлі I тур, праслухоўванне іх у жывым выкананні прафесійным журы (лістапад 2015 года).
III тур - фінал радыёконкурсу, аб'яўленне і ўзнагароджанне пераможцаў (снежань 2015).
Для ўдзелу ў творчым спаборніцтве неабходна прадставіць два рознахарактарныя творы ва ўласным выкананні на аўдыяносьбітах альбо ў электронным выглядзе (запісы павінны быць зведзены ў студыйных умовах), заяўку на ўдзел, суправаджальны ліст (рэзюмэ), фота ў лічбавым фармаце (для размяшчэння на інтэрнэт-старонцы праекта) і копію дакумента, якi сведчыць узрост.
Заяўкі і запісы прымаюцца на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Чырвоная, 4. Альбо на электронны адрас talentbelarus@gmail.com.
Тэлефон для даведак: 8 (017) 284-32-05.
Падрабязная інфармацыя - на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё - www.radio1.by.
Як адзначаюць арганізатары, па выніках 2014 года за паспяховае выступленне на IV Рэспубліканскім радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі» 22 лаўрэата адзначаны стыпендыямі і прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Плануецца, што першае праслухоўванне юных дараванняў адбудзецца ў сярэдзіне лістапада.