
Зранку, у так званы «дзень траўматолага», я рушыла па рэцэпты на лекі для маёй матулі. Ад прыпынку да паліклінікі метраў 150 і там, дзе асфальт, тратуарная плітка — сапраўдны каток. Людзі, больш пажылыя, слізгалі, падхоплівалі адно аднаго, не даючы ўпасці, трымаліся за веткі кустоў і пры магчымасці йшлі па газонах. На шчасце, ля прыступак было пасыпана пяском, за што вялікі дзякуй санітаркам, бо дворніка, як аказалася, у паліклініцы няма. Людзі ля кабінетаў у гэты дзень гучна лаялі не доўгія чэргі, а «любімых» камунальшчыкаў, дарожнікаў, а заадно і сіноптыкаў, якія, дарэчы, ні ў чым не вінаватыя. Яны загадзя папярэджвалі аб галалёдзе і яго наступствах, аб’явілі нават аранжавы ўзровень небяспекі. Потым Міністэрства аховы здароўя агучыла лічбы: да медыкаў усяго па краіне звярнуліся за суткі 408 чаловек, шпіталізаваны з сур’ёзнымі траўмамі 108. А колькі проста абыйшліся пры падзенні на слізкім тратуары лёгкімі ўдарамі, сінякамі, шышкамі — не злічыць.
Інтэрнэт ўзарваўся. Адны папярэджвалі: «У Мінск прыйшоў галалёд, будзце асцяродныя!» Некаторыя давалі парады: «Неабходны правільны абутак, без абцасаў». Знаходзіліся і жартаўнікі, падпісвалі здымкі: «Маю гонар прызямліцца». Але больш абурэнняў: «Чаму жыллёва-камунальныя службы не паклапаціліся аб пяску?», «Куды зніклі дворнікі?»
І праўда, чаму ў дварах спальных раёнаў, ля магазінаў, на прыпынках, ля школ нават зранку ў мінулую пятніцу не было пасыпана пяском? На старонках аднаго з выданняў я знайшла тлумачэнне пэўнай адказнай асобы. Маўляў, ўвечары папрасілі дворнікаў вярнуцца на працу, пасыпаць дваровыя тэрыторыі пяском, але адгукнуліся толькі самыя сумленныя. Напрошваюцца лагічныя пытанні: а дзе адміністрацыйны рэсурс, чаму пры надзвычайнай сітуацыі не змяніць графік работы, знайсці стымулюючыя фактары?
Зноўку атрымліваецца, што сталічныя ЖЭСы, дарожнікі аказаліся не гатовыя да першых зімовых выпрабаванняў? Праўда, прадстаўнікі «Гаррамаўтадар» Мінгарвыканкама сцвярджаюць, што ў такіх умовах яны працуюць кругласутачна, выконваюць усе неабходныя патрабаванні, і на гэты раз на дарогі сталіцы вывелі больш за 600 адзінак спецтэхнікі, выкарысталі 984 тоны супрацьгалалёдных реагентаў на апрацоўку праезнай часткі, прыпынкаў, пешаходных тратуараў і пераходаў, за якія адказваюць. Чаму ж тады на дарогах было слізка, горад стаяў у пробках з-за дробных аварый, а да траўматолагаў ствараліся чэргі?
Можа, неабходна больш дакладна акрэсліць зоны адказнасці? У нас жа кожны сантыметр гарадской зямлі мае ўласніка, няхай той і даглядае свой участак якасна ў кожную пару года. І можа, настаў час увесці персанальную адказнасць і за транспартны калапс пры галалёдзе, і за траўмы на слізкай тратуарнай плітцы?
Тут мне ўзгадалася адна гісторыя. У свой час у Аляксандраўскім скверы, што ля Купалаўскага тэатра, і ў цэнтры якога знакаміты мінскі фантан «Хлопчык з лебедзем», паклалі новую плітку. Прыгожая, роўная, гладкая. А калі надарылася такая ж галалёдзіца, дарожкі, зразумела, пераўтварыліся ў каток. Падалі амаль ўсе: жыхары бліжэйшых дамоў, якія прагульваліся ў скверы, моладзь, што бегла ў тагачасную Ленінку, сур’ёзныя людзі, якія спяшаліся на службу. Мабыць, пасля скаргаў апошніх праз пэўны час на плітках з’явіліся дробныя дзіркі і драпіны, дарожкі сталі шурпатыя, як наждачная папера, і па іх можна было рухацца з меншай апаскай.
Гэта я да чаго? Зараз у многіх месцах сталіцы кладуць такую тратуарную плітку, што падчас звычайнага дажджу ісці небяспечна. Што тады казаць, калі дождж ледзяны? Ці такі прыклад. «Асцярожна, слізкая падлога». Упэўненая, кожны з нас сустракаўся з такім надпісам. Сучасныя офісы, гандлёвыя цэнтры любяць бліскучай, гладкай пліткай упрыгожваць свае вестыбюлі, зоны адпачынку, тэматычныя лакацыі. Грашаць гэтым, на жаль, і некаторыя медыцынскія цэнтры. Зразумела, на выгляд вельмі чыста, амаль стэрыльна. А ці зручна і бяспечна пацыентам? У адной такой установе летам рабілі падлогу менавіта з гэтай бялюткай і бліскучай пліткі. Нешматлікія пацыенты і сам персанал разводзілі рукамі: што будзе зімой? І вось зіма прыйшла, і зараз людзі з апаскай спыняюцца перад гэтым «люстрам», а потым пакідаюць на ёй чорныя сляды ад абутку…
Так, па ўсім бачна – зіма прыйшла, капрызлівая, наравістая. Вось і на бліжэйшыя суткі сіноптыкі прагназуюць няўстойлівае надвор’е: з ваганнем тэмпературы ад мінуса да плюса, з дажджом і мокрым снегам, туманам і галалёдам. Значыць, неабходна ўсім адпаведным службам і нам самім быць напагатове і адэкватна рэагаваць на такія прыродныя з’явы. Таму на завяршэнне сённяшняй размовы ўзгадаю яшчэ адно назіранне. У дні галалёду ля адного з мінскіх офісаў бачыла прыгожую дзяўчыну ў строгім касцюме. Яна старанна пасыпала прыступкі і прылеглую тэрыторыю звычайнай харчовай соллю з шэрых папяровых пакетаў. На маё пытанне, а дзе дворнік з вядром пяску, яна ўсміхнулася: «Пакуль таго дачакаешся, так лепей я сама».
Што ж, гэта добры варыянт самавыручкі. Я так думаю, а вы?