Падзяліцца:
3 сакавіка 2016
4 сакавіка інфармацыйна-аналітычная праграма "Радыёфакт" адзначае юбілей. На працягу 25 гадоў ўнікальны праект задае тон для сваіх шматлікіх прыхільнікаў і радыёслухачоў, пачынаючы раніцу з порцыі аператыўных, аб'ектыўных і кампетэнтных навін.

Вось ужо чвэрць стагоддзя праграма "Радыёфакт" арыентуе слухачоў на галоўныя падзеі дня, аналізуе асабліва важныя моманты грамадска-палітычнага жыцця краіны і свету, а таксама дае магчымасць даведацца меркаванне аўтарытэтнага эксперта і сустрэцца з цікавым госцем. Дзякуючы аператыўнай працы ўласных карэспандэнтаў па ўсёй краіне, слухачы могуць апынуцца ў эпіцэнтры важных падзей і мерапрыемстваў па прынцыпе «тут і цяпер».

Кожны будні дзень у рэжыме оnline з 7.00 да 8.00 у рамках «Радыефакта» - афіцыйная хроніка, каментарыі, спецыяльныя рэпартажы, эксклюзіўныя інтэрв'ю, навіны бізнесу, культуры, спартыўны агляд, карысная рэкламная інфармацыя, самы дакладны прагноз надвор'я.

«Гісторыя «Радыефакта» - гэта ўжо пяць пакаленняў аўтараў і вядучых. Сёння ля яго мікрафона - маладыя беларускія радыёжурналісты, якія паспяхова працягваюць традыцыі сваіх старэйшых калег, тых, хто стаяў ля вытокаў праграмы. Галоўны прынцып работы аўтарскага калектыву - паспяваць за часам, быць заўсёды ў цэнтры падзей, любіць і паважаць сваіх радыёслухачоў, быць для іх карыснымі і цікавымі», - кажа намеснік галоўнага дырэктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Алена Давідовіч.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: