Падзяліцца:
15 Жніўня 2017
Памятаю, бабуля пасылала мяне ў краму па свежы хлеб. У наш бліжэйшы магазін трэба было ісці праз завулак хвілін дваццаць, часам даводзілася чакаць, калі прыедзе машына з хлебзавода. Тады ля прылаўка збіралася невялікая чарга, бо ўсе ж хацелі менавіта свежых духмяных боханаў. Але што паробіш, маці з бацькам з раніцы былі на рабоце, а бабуля заставалася са мной і малодшай сястрой. А я быў ужо школьнікам, і краму нашу добра ведаў, бо яна была якраз па дарозе да нашай дзевятай школы. Затое дадому я вяртаўся з карычневымі, з корачкай боханамі, ад якіх так прыемна пахла, ажно кружылася галава. Я не вытрымліваў, і патроху адломваў па кавалачку, якія літаральна таялі ў роце. Бывала, такім чынам, па дарозе дадому з’ядаў аж пабуханкі. Але не сказаць, каб мы заставаліся без хлеба, каб бегчы за ім абавязкова з раніцы. Мама заўсёды пакідала кавалкі, сушыла сухарыкі, і ў хлебнай талерцы ніколі не было пуста. Да хлеба і ўвогуле да прадуктаў яна ставілася з асаблівай увагай и павагай. “Гэта ў яе пасля блакады, - уздыхала бабуля. – Ох, і нацярпелася яна галадухі! Што такое блакада і галадуха, я даведаўся з бабуліных аповядаў, калі яшчэ ў школу не хадзіў. Мая мама вучылася ў Ленінградзе на настаўніцу ў педінстытуце. Калі пачалася вайна, яна не змагла выехаць з горада і перажыла страшныя гады, калі ад голада падалі і паміралі побач здаровыя раней людзі, калі пад бамбёжкамі яны з сяброўкамі падбіралі бульбяное бацвінне, каб што-небудзь зварыць і пад’есці. Хлеб тады быў літаральна на вагу золата, бо людзі гатовы былі аддаць за тоненькую скібку ўсё, што мелі. Пасля, калі яе паўжывую, вывезлі праз Ладажскае возера на ”вялікую зямлю”, яна доўга яшчэ прывыкала да нармальнага “хлебнага“ жыцця. Ды і ў нашым прыгарадным пасёлку хлеб у людзей быў у пашане. Не надта паважалі тых, хто карміў хлебам свіней, не выкідвалі ніколі хлебныя рэшткі ў сметніцу. Мяняліся часы. Я завёў уласную сям’ю, але ўрокі, атрыманыя ў дзяцінстве, засталіся і для маіх дзяцей. Па хлеб хадзіць сёння не праблема. Вакол маёй мінскай кватэры ажно пяць крамаў, дзе можна практычна ў любы час сутак купіць бохан хлеба. Праўда, мы цэлы бохан ужо бяром не заўсёды, каб не пакідаць рэшткі назаўтра, а выкідваць хлеб рука не падымаецца. Вось як бы мама парадавалася, часам думаю. Дык што такое для нас хлеб? Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Так тлумачыць значэнне слова энцыклапедыя. А вось як узнёсла пішуць пра хлеб нашы паэты: Які надзвычайны ў нас хлеб і які Прыгожы, духмяны бясконца. (Максім Танк) *** І людзі, што пшаніцу, жыта сеюць, І сонца, што палеткі саграе, І дождж, і вецер, што над полем вее, І аграном, што рана устае, І хлебапёк, І нават прадаўшчыца; Камбайны, элеватары, млыны, І грузавік, што пад дажджом імчыцца, - Ствараюць хлеб Для нас усе яны. А гэтыя радкі належаць Пімену Панчанку. Так вось ад звычайных дзіцячых успамінаў да высокіх паэтычных радкоў мы ўслаўляем хлеб, які сёння на палях краіны здабываюць нашы хлебаробы. Добрых ім намалотаў!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: