
Сёлета лясгасы Віцебскай вобласці да нарыхтоўкі бярозавага соку прыступілі раней звычайнага. Першыя партыі вітаміннага напою ўжо паступілі на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці і краіны. Плануецца рэалізаваць на экспарт каля 100 тон соку. Зараз ідуць перамовы з літоўскімі партнёрамі. Наш карэспандэнт Святлана Машканава назірала за нарыхтоўкай бярозавіка.
У Лосвідскім доследна-вытворчым лясніцтве да збору бярозавага соку прыступілі аднымі з першых у вобласці. Паспрыяла надвор'е. Празрыстыя пакеты на дзялянцы плошчай больш за тры гектары — практычна пад кожнай бярозай. Участак на ўзвышшы - самы «ураджайны». Ляснічы Аляксей Ліпчанскі дасканала абследуе кожную бярозу: дрэва павінна быць здаровым. Сам працэс здабычы соку патрабуе строгага выканання тэхналогіі. Аптымальная тэмпература для збору— да дзесяці градусаў. Збіраць яго можна толькі з дарослых бяроз — за некалькі год да іх вырубкі. Дыяметр ствала павінен быць не меншы за 20 сантыметраў, - гаворыць ляснічы
Аляксей Ліпчанскі.
«За суткі прыкладна 30 літраў набягае ў адзін мяшочак. Спелыя бярозы падышлі ўжо да ўзросту рубак. Драўніну трэба вырубаць, каб не страціць яе якасці. Але перад тым, каб атрымаць, скажам так, двайную карысць, мы з гэтай драўніны забіраем сок».
Усяго ж у Віцебскай вобласці плануюць сабраць каля паўтары тысячы тон веснавога напою. Купіць яго можна ў лясніцтвах і проста на бярозавых плантацыях. Нарыхтоўваць можна і самастойна, аднак толькі ў вызначаных месцах, - папярэджвае начальнік лесапункта «Віцебскі» Віцебскага лясгаса
Дзмітрый Швыдрык.
«Гэта бясплатнае задавальненне для насельніцтва, але пад нашым пільным прыглядам. Калі чалавек вырашыць самастойна нарыхтаваць бярозавы сок, можа атрымаць штраф да 20 базавых велічынь».
Сабраць сок і хутка даставіць на перапрацоўку. Гэты вітамінны прадукт вельмі хутка псуецца. Да прыкладу, на камбінаце «Цяплічны» выпускаюць восем відаў бярозавага соку. З чаборам, лімонам і нават кменам. Кожная партыя праходзіць строгі лабараторны кантроль, - запэўнівае майстар кансервавага ўчастка камбіната «Цяплічны» РУП «Віцебскэнерга»
Алена Жаўняк.
«Сыравіна паступае якасная. Захоўваць яе больш чым 24 гадзіны нельга. Хуценька мы перапрацоўваем – даводзім да 85 градусаў, прычым захоўваюцца ўсе харчовыя ўласцівасці».
Сёлета лясгасы Віцебскай вобласці заключылі шэсць дагавораў на пастаўку бярозавага соку на перапрацоўчыя камбінаты Віцебскай і Мінскай абласцей. Ідуць перамовы з Літвой, куды летась прададзена каля 100 тон беларускага бярозавіка.