Падзяліцца:
Репортаж: Чем живут и о чем мечтают выпускники?
13 чэрвеня 2025
Репортаж: Чем живут и о чем мечтают выпускники?

Больш за 50 тысяч школьнікаў – сёння ўжо выпускнікі. Святочныя вечары пройдуць па ўсёй краіне, падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Чым жывуць і пра што мараць маладыя людзі?

Цэнтралізаваныя экзамены і тэсціраванні пройдзены, паўплываць на колькасць набраных балаў для паступлення ўжо нельга. Так што да пачатку прыёмнай кампаніі засталіся толькі самыя прыемныя клопаты, асабліва ў дзяўчынак: як хутка разносіць новую пару туфляў, зрабіць ідэальны макіяж, пераканацца, што сукенка сядзіць так як і пры куплі – і яшчэ шмат-шмат рэчаў, якія праз гады будуць успамінацца з цеплынёй у сэрцы.

Заканчэнне школы – асаблівы момант. Больш кранальным ён становіцца, калі ты адзінаццаць гадоў вучышся ў адной школе разам з сябрамі.

Сённяшняя выпускніца Аляксандра Гуд ведае гэта не па чутках. Яна хвалюецца, што такі важны этап жыцця завяршаецца, але ўпэўненая, на змену абавязкова прыйдзе нешта новае:

– Выпускны ў нас будзе праходзіць у школе. Спачатку гэта фотасесія, на якую могуць прыйсці ўсе нашы блізкія, каб засталася агульная памяць ад такога вечара. Далей нам урачыста будуць уручаць атэстаты, мы будзем выступаць для бацькоў і настаўнікаў. Потым бацькі будуць выступаць для нас – мне вельмі цікава, які творчы падарунак яны для нас падрыхтавалі! Далей мы ідзем у сталовую.

Акрамя вучобы я займаюся танцамі і выкладаю хіп-хоп дзецям ва ўзросце ад 6 да 8 гадоў. Паступіць хачу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на харэографа. Але, калі ў мяне нешта не складзецца (усякае бывае), можа не хапіць месцаў, у мяне ёсць запасны план.

Але наогул вельмі падабаюцца танцы, жыву імі. Хацела б з гэтай справай звязаць сваё жыццё.

Лізавета Шруб таксама з першага класа вучылася ў адной і той жа школе. Яна ведала, што выпускны – справа сур'ёзная:

– Да выпускнога я пачала рыхтавацца вельмі загадзя, а менавіта шукаць сукенку. Ведала, што ўжо вясной яе будзе дастаткова цяжка знайсці, таму ў лютым мы з мамай адправіліся ў салон – адразу ж там знайшлі яе. Першапачаткова хацела іншую, але знайшла не менш прыгожую, якая мне вельмі падабаецца.

Паступіць я хачу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «сацыяльна-культурны менеджмент і камунікацыі». І думаю, што ў мяне гэта дакладна атрымаецца!

Кім я хачу стаць? Цяжкі пытанне ў 17 гадоў, таму што вельмі шмат думак. Але дакладна хачу займацца чымсьці творчым, каб мая справа прыносіла мне прыбытак. Каб Я гэтай справай гарэла і яна мне вельмі падабалася.

Выпускны вечар – апагей адзінства для тых, хто разам пражыў школьныя гады. Важна, што адчуваюць гэтую згуртаванасць і тыя, хто далучыўся да калектыву не з пачатку навучання. Вікторыя Зіноўева з бацькамі жыла ва Украіне, потым у Польшчы і Канадзе, і вось яна заканчвае школу ў Беларусі:

– Для мяне стала нечаканасцю, што свой адзінаццаты клас я заканчваю ў Мінску. Я гэтым цалкам задаволеная, і паступленне не будзе скданым, так як я валодаю рускай мовай. Шмат чула, што мясцовую адукацыю моцна хваляць.

У Беларусі мне падабаюцца ў першую чаргу вельмі чыстыя гарады. Таксама шмат цікавых месцаў для наведвання. І людзі тут вельмі добрыя і спагадлівыя.

Паступаць планую ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, каб стаць зубным урачом. Калі я ўбачыла гэтыя велізарныя балы для паступлення, была проста ў шоку! Але нічога страшнага, прарвуся.

А на выпускны ў нас даволі насычаная праграма, думаю, як і ва ўсіх.

Гэтае лета для сённяшніх выпускнікоў – апошняе дзіцячае, далей студэнцкае і дарослае жыццё, у якім будзе шмат чаго цікавага і добрага. І, вядома ж, мноства магчымасцей рэалізаваць нават самыя запаветныя мары.

Дзіяна БЫЧКОВА

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: