Падзяліцца:
27 сакавіка 2017

Сёння — Сусветны дзень тэатра. У свой час я аддаў амаль 10 гадоў жыцця тэатральнай студыі, таму ў пэўным сэнсе 27-га сакавіка і маё свята. Але сёння хачу паразважаць не пра гэта.

     Памятаеце, у Шэкспіра? «Увесь свет – тэатр, А ўсе мужчыны і жанчыны - там акцёры, Што маюць час для выхаду на сцэну; І кожны грае за сваё жыццё шмат роляў...». Канечне, Шэкспір, калі пісаў гэтыя радкі, меў на ўвазе перш за ўсё нашы сацыяльныя ролі. Больш за тое, прывязаныя да ўзросту – немаўля, школьнік, салдат, каханак і гэтак далей.

     Але ж многія з нас граюць і іншыя ролі, нібыта тыя акцёры ў тэатры. На працы – адны, з сябрамі – іншыя, з роднымі – трэція. А бенефіс – у інтэрнэце, асабліва ў сацыяльных сетках. Са з'яўленнем гэтага феномену бытавое акцёрства выйшла на новыя, раней нябачаныя вышыні. Ды вы і самі не раз гэта заўважалі.

     Ёсць у мяне адзін, што называецца, шапачны знаёмы. Асабіста бачыліся ўсяго  раз у жыцці, затое ёсць агульныя сябры. Вось яны часам і «дакладваюць» падрабязнасці жыцця. Як непрыгожа ён разыходзіўся са сваёй другой жонкай, спрабаваў забраць кватэру, хоць не меў да яе ніякага дачынення і ўвогуле, былі часы, ледзь не на грошы гэтай дзяўчыны жыў. Карацей, яна на яго амаль што малілася, а ў выніку трапіла ў бальніцу з нервовым зрывам. І там у бальніцы яшчэ да ўсяго пачула ад свайго пакуль яшчэ мужа: «Ніякіх дзяцей, забудзь! Мне па горла хапае сваёй дачкі ад першага шлюбу, трэба яе ўтрымліваць!».

     Паслухаў я ўсё гэта і цікава стала: што ж гэта за хлопец такі? Чым жыве, што думае? Знайшоў яго старонку ў сацыяльных сетках. А там – прыгожыя фота з нашым героем (машыны, дзяўчыны, розныя краіны), мудрагелістыя статусы пра тое, як што ў жыцці трэба рабіць. Сярод іншага – фатаграфіі з той самай дачкой, подпісы, поўныя пяшчоты, каментарыі замілаваных сябровак. Карацей, калі б не ведаў той брыдкай гісторыі, уражанне – амаль што ўзорны тата, сапраўдны мужчына з прынцыпамі!

     Зрэшты, яго можна зразумець – лепш граць такую ролю (хоць бы і ў інтэрнэце), чым паказваць усё як ёсць. Бо можна ж рэнамэ папсаваць. А працуе гэты хлопец у адной з самых буйных прыватных кампаній у Беларусі, пра якую апошнім часам шмат гавораць.     

     Але чаго ўвогуле не магу зразумець, дык гэта нядаўняй гісторыі з «букетамі на гадзіну»! Калі не чулі, нагадаю. Маркетолаг аднаго з расійскіх агенцтваў напярэдадні нядаўняга Дня жанчын прыдумаў паслугу – здаваць у арэнду шыкоўныя кветкі для сэлфі. Працуе гэта так: дзяўчына заказвае сабе букет, скажам, з сотні ружаў, да яго яшчэ якую-небудзь упакоўку ад дарагога гадзінніка або парфумы. Іх прывозяць літаральна на 10 хвілін. Яна фатаграфуе сябе на фоне гэтай прыгажосці, публікуе фота ў сацыяльных сетках і… Вось у гэтым якраз і пытанне – а што далей? Па задуме аўтара ідэі, хлопец або муж такой дзяўчыны, убачыўшы фота, павінен прыраўнаваць яе. А ўсе сяброўкі – моцна пазайздросціць: вось, маўляў, як пашчасціла! Хтосьці ёй дарыць  і «миллион алых роз» і шыкоўныя рэчы.

     Як прызнаўся той маркетолаг, ён да апошняга не быў упэўнены, што паслуга будзе запатрабавана. Аднак, ідэя трапіла проста ў дзясятку! За некалькі гадзін колькасць заявак пераваліла за сотню, давялося падключаць кур'ераў на аўтамабілі, а праз некалькі дзён пра новы феномен паведамлялі ўжо найбуйнейшыя сродкі масавай інфармацыі. Як расказаў новаспечаны бізнесмен, сярод заказчыкаў былі абсалютна розныя людзі: ад простых студэнтак да «статусных» дам, якія да таго каталіся на «Бэнтлі» і выстаўлялі «дарагія» фота, а цяпер звярталіся па букеты ружаў. Некаторыя прасілі ў дадатак да кветак прыгожых мужчын для фота, іншыя жадалі фатаграфію на фоне прыгожага аўтамабіля.

     Звернем увагу: дзяўчын абсалютна не бянтэжыла, што праз 10 хвілін пасля фатаграфавання ў іх гэтыя букеты забіралі. Што ў рэальным жыцці ім ніхто нішто не дарыў. Больш за тое – нават калі б дарылі, факт увагі з боку мужчыны не такі важны. Куды важней было - прадэманстраваць сваю запатрабаванасць сяброўкам, сваёй аўдыторыяй у інтэрнэце. Назбіраць тысячы лайкаў і праглядаў.

     Але зноў спытаем – а што далей? Калі апускаецца заслона і ўжо не трэба граць ролю? (працягваючы наша «тэатральнае» параўнанне). Што рабіць з гэтымі лайкамі і фэйкавымі букетамі ў рэальным жыцці? Адна мая знаёмая, з якой абмяркоўвалі гэтую навіну, напісала так: «Усё роўна ў галаве не ўкладваецца. Жаданне паказаць тое, чаго няма. Мне здаецца, калі б здавалі жаніха ў арэнду, то і яго бралі б. Падпісвалі б фота: «Гуляем у парку з каханым» і гэтак далей. Усё такое несапраўднае. Целы несапраўдныя. Сябры несапраўдныя. Фатаграфіі. Жыццё - таксама». Адзначу, знаёмая гэта – маладая і прыгожая, у зайздрасці яе падазраваць не трэба. І фота падораных ёй кветак яна практычна ніколі не публікуе ў інтэрнэце.

     Вось у гэтым слове - «практычна» - і ёсць мараль сённяшняй размовы. Таму што кожны з нас не без граху. І я таксама. Кожны з нас спрабуе крыху паакцёрстваваць, а не быць самім сабой на 100%. Паказаць сябе крыху лепшым, цікавейшым, разумнейшым і г.д., чым ёсць на самай справе. Асабліва сёння, калі за тваім жыццём у сацыяльных сетках могуць назіраць тысячы (калі не мільёны) чалавек. Але ўсё ж давайце пры гэтым адчуваць маштабы і межы! І не ператвараць сваё жыццё ў суцэльныя тэатральныя падмосткі. Бо ў рэальнасці мы кантактуем з чалавекам, а не з яго профілем у сацыяльнай сетцы, і не хацелася б моцна расчароўвацца. Давайце пакінем маскі акцёрам, а ігру – тэатрам.  

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: