Падзяліцца:
24 Жніўня 2017
У мінулы раз мы гаварылі пра часам бяздумнае перайманне ўсяго таго, што “не па-нашаму”, пачынаючы з надпісаў на адзенні, часам безгустоўных і непісьменных, заканчваючы назвамі крам і буцікоў, музычных калектываў, ды яшчэ шмат чаго, што гучыць, так бы мовіць, “па-замежнаму”... Між тым, мы маем багацейшую культурную спадчыну ў музыцы, узорах адзення, у тапаніміцы. Доўгі час па розных прычынах пра гэта або мала ведалі або проста лічылі старасвецкім і несучасным. Я, безумоўна, не за местачковую пыху і адмаўленне ўсяго, што маюць і чым ганарацца іншыя, але спазнаць сваё, роднае, што вызначае нас у свеце – гэта тое, што нават у самых, здаецца, дробязях выхоўвае пачуццё гонару за сваю зямлю. Сёння тысячы турыстаў, якія наведваюць нашу краіну, хочуць адчуць нашу адметнасць, пазнаёміцца з традыцыямі і сучаснымі брэндамі, якія раскрываюць нашу арыгінальнасць і непаўторнасць. Возьмем, да прыкладу, тыя ж майкі. Аказваецца, сучасная моладзь можа смела “быць у трэндзе”, апранаючы моднае адзенне з нацыянальнымі матывамі. Нездарма кажуць, што мова – гэта душа народа ,а адзенне – яго твар. У Беларусі, памятаеце, напярэдадні Дня Незалежнасці прайшоў дзень вышыванкі. Здавалася б, акцыя, але які мае глыбінны сэнс. Калі моладзь апранае рэчы з элементамі традыцыйнай культуры – гэта пачатак пераемнасці пакаленняў, цікавасць да сваіх каранёў, таго велізарнага культурнага багацця, якім валодае беларускі народ. Як сведчаць этнографы, нацыянальны арнамент мае сакральнае значэнне. Гэта своеасаблівы абярэг. Гэта не проста кветачкі і геаметрычныя знакі, гэта гісторыя жыцця народа, яго сімвалы, якія дапамагалі яму жыць у свеце. Гэта своеасаблівыя просьбы, каб таму, хто носіць гэта адзенне, шчасціла ў яго лёсе. Таму вяртанне спрадвечных каштоўнасцяў становіцца натуральнай патрэбай чалавека, які нарадзіўся і жыве на сваёй зямлі. У сацыяльных сетках сёння можна сустрэць нямала прапаноў на сучасныя брэнды з нацыянальнай адметнасцю. Гэта не толькі майкі і строі, гэта і касметыка, прыгожыя рэчы для дому, прадметы дызайну, арыгінальныя сувеніры для родных і сяброў. Вялікай папулярнасцю ў пакупнікоў з розных краін свету карыстаюцца, стаўшы сапраўднымі брэндамі, беларускі трыкатаж, беларуская бялізна, беларускі лён. Сёння ў Беларусі працуе шмат фірм, якія шыюць актуальнае стыльнае адзенне, выпускаюць эксклюзіўныя калекцыі таленавітых мадэльераў. Папулярнасць набывае і ўласная касметычная галіна, многім падабаюцца беларускія гадзіннікі. Кожнае пакаленне атрымлівае ў спадчыну правілы паводзін, вызначаныя нормы, пэўныя стэрэатыпы як эталоны і ўзоры для новых пакаленняў. Праз гістарычныя традыцыі народ аднаўляе сваю духоўную і матэрыяльную культуру, свой менталітэт і характар. Таму адметнасць і самаідэнтыфікацыя – не жыць па чужых лякалах, а ствараць сваё - непаўторнае...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: