Падзяліцца:
«Роздум. Ад чыстага сэрца». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
27 Красавіка 2018
«Роздум. Ад чыстага сэрца». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Сярод падзей мінулага тыдня я звярнуў увагу на цырымонію ўшанавання ўдзельнікаў рэспубліканскай акцыі «Мецэнат культуры Беларусі». Ганаровых дыпломаў былі ўдастоены кіраўнікі і прадстаўнікі арганізацый рознай формы ўласнасці, якія на працягу мінулага года аказвалі спонсарскую дапамогу арганізацыям культуры краіны. Як мы ведаем, гісторыя мецэнацтва, або фундатарства, звязана з асабістай дзейнасцю і ўласным імем выхадца са знакамітага этрускага роду, багатага конніка, грамадзяніна Рыма Мецэната. Ён падтрымліваў маладых паэтаў Вергілія, Гарацыя, Праперцыя, дапамагаў ім матэрыяльна. Імя Мецэната стала агульным і перайшло ў назву з'явы мастацкага жыцця, якая вызначае бескарыслівую падтрымку творцаў. Мецэнатства, або фундатарства, на Беларусі мае багатую гісторыю. Еўфрасіння Полацкая, якая дбала аб асвеце і кніжнасці, была фундатаркай будаўніцтва царквы святога Спаса, ініцыятаркай адкрыцця школ і вучылішчаў, заказчыцай напрастольнага шасціканцовага крыжа для царквы святога Спаса, выкананага майстрам Лазарам Богшам. Пісьменнік, стараста Лідскі, ваявода Мінскі і Смаленскі Ян Абрамовіч у XVI стагоддзі заснаваў кальвінісцкі сабор, бальніцу і школу ў Варнянах на Гарадзеншчыне. Пад апякунствам Канстанціна Астрожскага ў XVI стагоддзі ўзнікла славяна-грэка-лацінская калегія, так званая Астрожская акадэмія. Канечне ж, вялікую ролю ў развіцці мецэнацтва ў розных сферах культуры адыграў род Радзівілаў. У нашы дні такой высакароднай дзейнасцю займаюцца многія калектывы і грамадзяне. Як было заяўлена падчас цырымоніі, іх аб’ядноўвае клопат пра лёс айчыннай культуры, імкненне памножыць мастацкае багацце краіны і падтрымаць намаганні дзяржавы ў справе захавання і развіцця духоўнай спадчыны народа Беларусі. Летась на правядзенне розных культурніцкіх праектаў дзяржаўныя арганізацыі атрымалі спонсарскую дапамогу ў памеры амаль шасці з паловай мільёнаў долараў. Сярод найбольш актыўных фундатараў былі такія вядомыя брэнды, як МТС, Вэлком, вядомыя ў Беларусі банкі. Да прыкладу, Белгазпрамбанк арганізаваў у сталічным Палацы мастацтва работу пастаянна дзеючай галерэі праекта «Арт-Беларусь». Упершыню ў нашай краіне ў рамках адной экспазіцыі прадстаўлены больш як пяцьдзесят шэдэўраў беларускіх майстроў з карпаратыўнай калекцыі банка. У год пяцьсотгоддзя беларускага кнігадрукавання карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанка папоўніў помнік нацыянальнай кніжнай культуры «Малая падарожная кніга», надрукаваная Францыскам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе. Дзякуючы спонсарам, былі рэалізаваныя такія буйныя праекты, як міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў, міжнародны форум вулічных тэатраў і іншыя, ажыццёўлены выданні музейных каталогаў, рэкламных матэрыялаў. Безумоўна, у наш прагматычны час, такія высакародныя ўчынкі трэба толькі вітаць. Бо імі рухаюць часцей за ўсё самыя шчырыя гуманныя памкненні. Працягваючы слаўныя традыцыі фундатарства, сённяшнія мецэнаты пацвярджаюць вартасць біблейскага выслоўя, што не хлебам адзіным жыве чалавек, служаць роднай культуры і высокай духоўнасці. За што ім пашана і падзяка.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: