
Нішто так не спрыяе асалодзе чытання добрых кніг, як летні адпачынак. Прынамсі, для мяне.Так было і на гэты раз, і пад шатамі стромых соснаў і бярозак на ўзбярэжжы Мінскага мора хораша чыталася і перачытвалася, балазе, у санаторскай бібліятэцы быў шырокі выбар твораў.
Сіла сапраўднай значнай літаратуры праяўляецца ў самых розных напрамках. Адзін з іх – уменне мастака слова выклікаць роздум пра самыя балючыя і трапяткія пытанні сучаснасці, дзе кожны з чытачоў можа адчуць асацыяцыі з уласным лёсам і лёсам усяго чалавецтва.
Да прыкладу, мае ўлюбёныя пісьменнікі-фантасты браты Стругацкія, Айзек Азімаў, Рэй Брэдберы, Артур Кларк і іншыя, нягледзячы на спецыфічнасць жанру, прымушаюць глядзець на нашы зямныя сённяшнія падзеі, думаць і разважаць пра наша паўсядзённае жыццё, пра тыя праблемы, якія паўстаюць у глабальным маштабе.
І той апакаліпсіс, які часам паўстае ў іх творах як напамін і перасцярога ад згубных тэндэнцый, якія праяўляюцца, на жаль, у штодзённым жыцці нашай невялікай планеты.
І тое, што адбываецца на прыдуманых імі тэрыторыях і грамадскасцях выклікае аналогію з тым, што адбываецца з намі ў сапрадным, невыдуманым жыцці.
І мы бачым увачавідкі, да чаго прыводзяць войны і разбурэнні, братазабойства і псіхалогія выключнасці розных нацый, занядбання правоў іншых на свой лад жыцця.
І зусім не ў фантастычных творах, а наяве ў розных кутках планеты ліецца кроў, гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі, бушуюць кліматычныя катаклізмы.
Ці не помсціць прырода чалавеку за бяздумнае і злачыннае ўмяшанне ў спракаветную сутнасць усяго жывога на зямлі?
Так вось ад асалоды чытання любімых твораў вяртаешся да нашых штодзённых праблем, не прыдуманых, а зусім сапраўдных.
Пра гэтыя праблемы ішла нядаўна гаворка тут, у нашым Мінску на летняй сесіі парламенцкай асамблеі АБСЕ.
І што б хто ні гаварыў, а менавіта наша краіна выступіла ініцыятарам прапаноў, накіраваных на мір і згоду паміж дзяржавамі і народамі, на супрацоўніцтва і сяброўства. Правядзенне ў Мінску 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ стала адным з відавочных сведчанняў прызнання новай ролі Беларусі.
Гэта было падкрэслена і падчас толькі што прайшоўшай нарады па прыярытэтах знешняй палітыкі дзяржавы з удзелам кіраўніка дзяржавы.
Адзначана, што ў выніку шматвектарнай палітыкі Беларусі мы дасягнулі новага ўспрыймання нашай краіны і ў свеце – як незалежнай міралюбівай дзяржавы, свайго роду донара бяспекі ў рэгіёне.
Беларусь, якая спазнала горыч страт і разбурэнняў, перанесла столькі ліха і бедаў, заклікае палітыкаў імкнуцца да ўзаемаразумення, да выбудоўвання людскіх добрасуседскіх узаемаадносін.
І гэта ў тым ліку будзе спрыяць таму, каб не спраўдзіліся змрочныя прагнозы пісьменнікаў-фантастаў.