Падзяліцца:
“Роздум. Ад трыццаці міль да вечнага шляху”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
27 лістапада 2019
“Роздум. Ад трыццаці міль да вечнага шляху”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Гэтая тоненькая кніжачка, якую я трымаю ў руках, сапраўды народная – на яе выданне збіралі грошы прыхаджане Шаркаўшчынскага Свята-Успенскага храма, і кожны мог далучыцца да слоў у памяць колішняга настаяцеля храма айца Канстанціна, які прыняў пакутніцкую смерць за веру вясной 1919 года. “Трыццаць міль да святасці”, – гэтыя словы з эсэ аднаго з аўтараў кнігі пісьменніка Віктара Праўдзіна. Так назвалі зборнік прачулых слоў на адрас святара ўкладальнікі на чале з пенсіянеркай, былой бібліятэкаркай Любоўю Сяргееўнай Сырцовай. Сярод аўтараў кнігі як архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, пратаірэй, благачынны Шаркаўшчынскай акругі Пётр Бараноўскі, так і простыя звычайныя вернікі, патрыёты свайго краю і сваёй праваслаўнай абшчыны. Шаркаўшчынскі Свята-Успенскі храм яшчэ ў 1912 годзе быў асвечаны як новы, у чым была несумненная заслуга айца Канстанціна Жданава. Сын мясцовага святара пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Літве быў у 1900 годзе прызначаны настаяцелям царквы. Яго рупнымі стараннямі храм быў адбудаваны нанова, і гэты велічны будынак і зараз упрыгожвае места. Ваяўнічыя бязбожнікі з мясцовых рэвалюцыйных актывістаў жорстка забілі святара без суда і следства. У 2010 годзе Патрыярх Кірыл блаславіў ініцыятыву Беларускай Царквы аб увядзенні айца Канстанціна Жданава ў лік святых. Сваю жудасную смерць Жданаў прыняў у суседняй Дзісне, куды яго, арыштаванага, адправілі па даносу. Гэта і ёсць тыя трыццаць міль таго пакутніцкага шляху, як абазначыў гэта ў сваім творы Віктар Праўдзін. Дарэчы, вядомы сталічны пісьменнік зараз большую частку жыцця праводзіць у родных мясцінах, мае ў адной з вёсак дом, гаспадарку, актыўна ўдзельнічае ў мясцовым літаратурным жыцці. Прыклад айца Канстанціна вучыць землякоў вернасці роднаму краю, мужнасці і стойкасці ў адстойванні сваіх ідэалаў, высокай веры. Мы часта гаворым аб тым, што людзей павінны аб’ядноўваць менавіта такія светлыя запаветы, і таму ініцыятыва мясцовых жыхароў заслугоўвае глыбокай павагі. 515 гадоў невялікаму мястэчку на паўночным захадзе нашай краіны. Калісьці яно звалася Стара-Шаркаўшчына. Мне не раз даводзілася бываць там, знаёміцца з цудоўным людзьмі, з гісторыяй і традыцыямі гэтага прыгожага куточка, які не раз адлюстраваны ў малюнках “вечнага вандроўніка” Язэпа Драздовіча. Дарэчы, першы музей жыцця і дзейнасці Драздовіча паўстаў менавіта тут, у блізкіх Германавічах. Зараз мясцовыя літаратары, прадстаўнікі інтэлігенцыі збіраюць матэрыялы для новай кнігі. У ёй акрамя матэрыялаў шаркаўшчынскіх аўтараў плануецца змясціць творы, прысвечаныя тэме, ад пісьменнікаў з Мінска і іншых мясцін Беларусі. Прыемна, што на ініцыятыву адгукнулася сталічнае выдавецтва “Чатыры чвэрці” і яго дырэктар Ліліяна Анцух. Значыць, будзе яшчэ адна кніга, якая ўслаўляе веліч роднай зямлі, раскрывае душу нашага народа. На завяршэнне працытую радкі Віктара Праўдзіна з яго эсэ: “І сягоння, як і сто гадоў таму, благавесцяць званы Свята-Успенскага храма. Іх мелодыі лунаюць над Шаркаўшчынай і наваколлем. Тут зноў гучыць малітва, а людзі, як і сто гадоў назад, ідуць да бацюшкі Канстанціна. Ідуць з болем і радасцю…” Так светлы прыклад і ўдзячная людская памяць становяцца асновай таго, што аб’ядноўвае людзей, кліча да добрых высакародных учынкаў у імя сваёй Радзімы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: