Падзяліцца:
Роздум. Адкрываючы свой край. Радыёблог Навума Гальпяровіча
20 красавіка 2017
Роздум. Адкрываючы свой край. Радыёблог Навума Гальпяровіча “…Дарога ўдалеч клалася абрусам, Плылі паважна сосны за вакном. І адкрываўся родны, беларускі, І той адзіны, што да скону, дом…” Гэтыя радкі я напісаў даўно пасля адной захапляючай паездкі, у якую мы з маладымі літаратарамі з Наваполацка адправіліся на спецыяльна замоўленым аўтобусе на два незабываемыя дні. Коласавыя мясціны – Ласток, Альбуць, Мікалаеўшчына, старажытны Нясвіж, Мірскі замак - я ўпершыню адкрываў для сябе надзвычай цікавыя мясціны са сваёй адметнай гісторыяй і прыгажосцю. І, здавалася б, - якая невялікая наша Беларусь, а колькі прыемных і радасных адкрыццяў дорыць яна падарожніку. З таго часу я пабываў у многіх куточках нашай Бацькаўшчыны. Возера Нешчарда на Расоншчыне з цёплымі хвалямі і высокімі пясчанымі берагамі, Замкавая гара ў цэнтры Браслава, велічныя Каложа і Фарны касцёл у Гродне, суровыя, авеяныя славай камяні Брэсцкай крэпасці, нарачанскія сасновыя бары, старажытныя віцебскія вулачкі, па якіх некалі блукалі Шагал і Малевіч, драўляная царква ў Кажан-Гарадку на Палессі, шырокая плынь Прыпяці і Дняпра… Я па-новаму адкрываў для сябе родны Полацк з Сафійскім саборам, які, як пісаў Караткевіч, плыве над Дзвіною, нібы карабель, з невялікай цэркаўкай Спаса, заснаванай самой Еўфрасінняй Полацкай, з захаваўшымся будынкам брацкай школы, у якой выкладаў Сімяон Полацкі… Я з душэным трапятаннем заходзіў у сялянскую хату ў Вязынцы і глядзеў на калыску, у якой гушкалі нашага песняра Янку Купалу… Я мог бы пералічваць яшчэ дзесяткі цудоўных, незабыўных мясцін нашага краю, дзе давялося пабываць і адчуць асалоду ад далучэння да яркай прыгажосці і велічы нашага краю. Так сталася, што сёння мне з калегамі з нашага міжнароднага «Радыё Беларусь» даводзіцца шчодра дзяліцца са слухачамі на васьмі мовах аўдыяпаштоўкамі, рэпартажамі і замалёўкамі пра выдатнасці нашай Беларусі. І трэба сказаць, што мы атрымліваем водгукі з усяго свету ад тых, хто не толькі чуў, але на ўласныя вочы змог пабачыць нашу любую зямлю і таксама палюбіць яе краявіды і гістарычныя мясціны. Так, сёння ў Беларусь едуць турысты з іншых краін, і мы рады паказаць ім многае з таго, што ведаем і чым ганарымся. Але колькі нязведаных і цікавых мясцін застаюцца яшчэ для саміх беларусаў. Безумоўна, многім хочацца пагрэцца ля цёплага мора, паблукаць па вуліцах Парыжа і Лондана, падняцца ў горы на Гімалаях… Але ж ёсць выхадныя і канікулы, ёсць магчымасць правесці адпачынак на Нарачы і Браслаўскіх азёрах, зрабіць цікавае падарожжа ў Полацк ці Наваградак. Адкрываючы для сябе прыгажосць родных мясцін, напаўняешся гонарам за свой край, жаданнем падзяліцца сваімі адкрыццямі з гасцямі. А яшчэ адчуць прыналежнасць да велічнай славы продкаў, да тых трывалых каранёў, якія лучаць нас з зямлёй, што нам дадзена лёсам. Дык яркіх і цікавых падарожжаў вам сябры і незабыўных уражанняў!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: