
Гастрольнае лета, здаецца, закончылася, але гродзенскіх аматараў тэатральнага мастацтва чакаў падарунак – Нацыльны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў на абласной сцэне свае папулярныя работы – неўміручую «Паўлінку» і гогалеўскага «Рэвізора» ва ўласнай трактоўцы. Як паведамляе прэса, спектаклі прайшлі з аншлагам, іх наведала звыш тысячы гледачоў.
Купалаўскі тэатр працягвае гастрольнае турнэ па гарадах Беларусі з нагоды святкавання 100-га тэатральнага сезона. Наступны выезд тэатра на гастролі адбудзецца ўжо 5 лістапада – у Бабруйску будзе паказаны спектакль «Ураджай» паводле п’есы Паўла Пражко ў межах VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Як адзначыў генеральны дырэктар тэатра Павел Латушка, «гастролі – важная частка функцыянавання калектыву, якая дазваляе паказваць і папулярызаваць тое, што было назапашана гадамі, – для паказу ў іншых краінах і беларускіх гарадах мы выбіраем спектаклі, якія сталі культавымі для самога тэатра і для Мінска ў цэлым».
У юбілейны год Купалаўскі ажыццявіць даўнюю мару – пакажа «Паўлінку» ў Вязынцы. Плануецца, што гэты паказ будзе самы масавы за ўсю гісторыю яго існавання.
А сто гадоў назад ні жыхары Мінска, ні тым больш іншых беларускіх гарадоў і мястэчак не маглі ўявіць, што сціплая трупа аматараў беларускага мастацкага слова вырасце ў галоўны дзяржаўны тэатральны калектыў, які на ўвесь свет будзе прадстаўляць сваю адметную творчасць.
1 мая 1917 года артысты «Першага беларускага таварыства драмы і камедыі», створанага акцёрам і рэжысёрам Фларыянам Ждановічам, прадставілі на сцэне губернскага тэатра «Паўлінку» Я. Купалы і «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшкі.
Акцёры таварыства склалі аснову трупы Беларускага Дзяржаўнага Тэатра, які адкрыўся ў будынку на вуліцы Энгельса 14 верасня 1920 года. Гэтая дата лічыцца датай заснавання Купалаўскага тэатра.
Пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча ў тэатры працавалі Ірына Ждановіч, Еўсцігней Міровіч, Канстанцін Саннікаў, Стэфанія Станюта. Плеяду айчынных тэатральных зорак у хуткім часе папоўнілі Лідзія Ржэцкая, Барыс Платонаў, Уладзімір Уладамірскі, Глеб Глебаў, Сцяпан Бірыла, Леанід Рахленка. Гэтыя імёны сёння знаёмыя ўсім, хто цікавіцца здабыткамі беларускай культуры.
Здавалася б, важная, канечне ж, дата – стагоддзе тэатра. Але ж гэта толькі тэатр, прычым у сталіцы, куды можа трапіць не кожны. Ды і глядзельная зала разлічана не на тысячы наведвальнікаў.
Але наш купалаўскі – гэта гісторыя і сённяшні дзень нашай мовы, культуры, прыгожага пісьменства.
Гэта цэнтр духоўнасці, гэта вернасць традыцыям народа, гэта погляд у будучыню і пошук важкіх маральных крытэрыяў.
(Выкарыстаны ілюстрацыі з
публікацыі Агенцтва «Мінск-Навіны» –
minsknews.by).