Падзяліцца:
21 верасня 2017
Здаецца, не паспела адзвінець, адшумець маштабнае свята з нагоды 500-годдзя беларускага пісьменства ў Полацку, ды новая згадка пра самы старажытны горад Беларусі паклікала мяне падзяліцца сваімі развагамі з вамі, шаноўныя слухачы і карыстальнікі інтэрнэту. Днямі споўнілася пяцьдзесят гадоў Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму запаведніку. Дата, безумоўна, больш сціплая, чым тая, якую мы адзначалі напачатку верасня, але таксама мае велізарнае значэнне ў нашым культурным жыцці. Мне давялося быць сведкам, як у маім родным горадзе вярталася гістарычная памяць праз рэстаўрацыю і аднаўленне старажытных помнікаў, што станавілася асновай для стварэння такой унікальнай і маштабнай установы, як Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік. Да таго часу ў горадзе існаваў толькі адзін невялікі па памерах краязнаўчы музей, роля якога не магла цалкам адпавядаць таму значэнню, які мае ў айчыннай гісторыі слаўны Полацк. Пачалося з рэстаўрацыйных работ у славутым Сафійскім саборы. Старадаўні будынак быў у непрыглядным стане, у ім знаходзіўся склад. Дзякуючы мясцовым уладам, з дапамогай энтузіястаў была праведзена капітальная рэстаўрацыя, устаноўлены арган. Полацкі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў Пастанову аб ахоўнай зоне вакол Сафійскага сабора. Полацкі гісторыка-археалагічны запаведнік стаў філіялам Краязнаўчага музея, які ў сваю чаргу быў філіялам Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. З 1967 года сталі з’яўляцца ўмовы для даследавання, рэстаўрацыі і музеефікацыі помнікаў архітэктуры і археалогіі. Сёння Нацыянальны Полацкi гісторыка-культурны музей-запаведнік уяўляе сабой унікальную гістарычную тэрыторыю, помнікі якой ахоўваюцца, вывучаюцца, рэстаўруюцца і прыстасоўваюцца пад музейныя экспазіцыі. Экспазіцыі некаторых музеяў размешчаны ў помніках архітэктуры: Сафійскім саборы (XI-XVIII стст.), корпусе былога езуіцкага калегіума (XVIII ст.), Лютэранскай кірсе (1888 г.), Брацкай школе (XVIII ст.), жылых дамах па вуліцы Войкава, 1 і вуліцы Ніжне-Пакроўскай, 46 (XIX-пач. XX ст.), доміку Пятра I (1692 г.). Усяго ж у складзе запаведніка налічваецца адзінаццаць Полацкіх музеяў. Нельга не ўзгадаць тых сапраўдных падзвіжнікаў, якія спрычыніліся да гэтай важнай і патрэбнай справы, тых полацкіх людзей, якім трэба сказаць дзякуй за іх асабісты і дзейсны ўдзел. Гэта і былая загадчыца гарадскога аддзела культуры, якая потым ўзначаліла ўстанову, Таццяна Рудава і яе наступнік Мікалай Ільніцкі. Іх дзейнасць была няпростай, бо сустракалася нямала праблем і нават супрацьдзеяння, але тое, што сёння ўстанова – сапраўднае нацыянальнае багацце – іх несумненная заслуга. Тым не менш, казаць, што дасягнута ўсё, пакуль нельга. Полацк заслугоўвае статуса горада-музея. Але дзеля гэтага зрабіць яшчэ патрэбна нямала. Па-першае, нягледзячы на свой паважны статус, запаведнік знаходзіцца ў абласным падпарадкаванні, што значна зніжае яго магчымасці і ролю важнейшай культурна-асветнай установы краіны. Па-другое, у горадзе, хоць зроблена за апошні час і нямала, не хапае сістэмнай планавай работы па рэгенерацыі ўсіх гістарычных мясцін, стварэння спрыяльнай інфраструктуры па прыцягненню сюды айчынных і замежных турыстаў. Памятаю, як мой славуты зямляк пісьменнік-франтавік ганаровы грамадзянін горада Алесь Савіцкі выказаў пад час аднаго з выступленняў сваю запаветную мару бачыць родны горад вялізным музейным і турыстычным цэнтрам. І адзначаючы пяцідзесяцігадовы юбілей Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, хочацца таксама далучыцца да гэтай мары.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: