“Мама, я цябе люблю!” — гаворыць мой трохгадовы ўнук, адпраўляючыся ў садок.
“І мы цябе любім сынок! – адказвае мама. – Жадаю вам з татам добрага дня!”
Можа гэтае здасца некаторым залішнімі сантыментамі, але і ў наш вірлівы час узаемную любоў бацькоў і дзяцей спісваць як несучасныя праявы пачуццяў, думаю, не варта.
Больш за тое, мне здаецца, што вось такой узаемнай любові многім нашым сучаснікам якраз і не хапае.
Бо адкуль тады жахлівыя паведамленні пра тое, як сын забіў старую матулю, як маці кінула галодных дзяцей, пайшоўшы ў чарговы загул, як любімы ўнучок халаднакроўна расправіўся з бабуляй і дзедам, патрабуючы ад іх грошы…
Гэта, безумоўна, ужо надта крайнія праявы, але, пагадзіцеся, праблемы ва ўзаемаадносінах бацькоў і дзяцей – з’ява, якая, на жаль, існуе.
І ў самых розных праявах. Змагаючыся за свабоду ў асабістым жыцці, бацькі часам забываюцца пра лёс уласных дзяцей, і тыя, перажываючы стрэс, разрываючыся паміж пасварыўшыміся і разышоўшыміся бацькам і маці, прыносяць трагедыі ў сваё жыццё, атрымліваюць невылечную траўму.
І яшчэ паўбяды, калі такая няўвага з боку бацькоў абыходзіцца для іх дзяцей толькі маральнай траўмай.
Бываюць выпадкі і яшчэ горш. Што могуць сёння адчуваць бацькі злодзеяў і насільнікаў? Хіба толькі дакор сумлення і шкадобу, што ў свой час не дагледзелі, не пацікавіліся, чым жывуць іх дзеці, ці мелі яны патрэбу ў іх ласцы і спагадзе.
Ды часам і празмерная ўвага і апека, ператвараючыся ў своеасаблівы бацькоўскі дыктат, могуць нанесці неменшую шкоду.
Адзін знаёмы мне распавёў пра лёс свайго сябра, якога бацькі абавязкова хацелі зрабіць зубным лекарам. Самі яны арганізавалі прыватную клініку, мелі багатую кліентуру, і такога ж лёсу жадалі свайму сыну.
І не проста жадалі, а літаральна піхалі хлапчука з малых гадоў у сваю прафесію, нягледзячы на тое, што ні здольнасцяў, ні жадання ў яго да гэтага не было.
Так хлопца ўпіхнулі ў медінстытут, які ён з цяжкасцю скончыў, а вось лекарам так і не стаў.
Успамін пра марна страчаныя гады малады чалавек цяпер залівае ў віне, так і не знайшоўшы сябе, сваё прызначэнне ў гэтым свеце.
А каб бацькі больш чуйна паставіліся да таго, што любіць, чым захапляецца іх дзіця, не ламалі яго натуральную істоту, іх сын, магчыма, жыў бы зусім па-іншаму.
Як некаторым сердабольным мамам і татам зразумець, што не ўсе маюць здольнасці і нават жаданне быць артыстамі, знакамітымі спартсменамі і мадэлямі, што і добры слесар, і выдатны вадзіцель могуць жыць паўнацэнным шчаслівым жыццём.
А калі паміж бацькамі і дзецьмі няма належнага паразумення, цеплыні і згоды, галоўным сябрам і дарадчыкам для іх дзяцей становіцца інтэрнэт.
Выдатнае вынаходства чалавецтва можа юнаму карыстальніку нанесці куды больш шкоды, чым любы двор і дрэнная кампанія.
Навейшыя тэхналогіі мацней за наркотык могуць зацягнуць яго ў дурманны віртуальны свет, давесці да сапраўднай непапраўнай трагедыі.
Кім вырастуць, якімі пойдуць па далейшым жыцці нашы дзеці – бадай, галоўны паказчык вартасці нашага жыцця. Так было спрадвеку.
І я жадаю, каб больш было ў нас шчаслівых сем’яў, каб паміж бацькамі і дзецьмі заўсёды панавала паразуменне і шчырая любоў!