
Нядаўна давялося прысутнічаць на жалобнай імпрэзе. Хавалі вядомага ў горадзе чалавека – педагога. Ён шмат зрабіў для сваёй вышэйшай навучальнай установы, выхаваў нямала цудоўных спецыялістаў, многія сталі потым яго паплечнікамі ў працы. Да апошняга дня ён аддаваў усе сілы рабоце, у свае паважныя гады не пакідаў выкладчыцкай дзейнасці.
Пра гэта з цеплынёй і горыччу страты гаварылі шаноўныя ў горадзе людзі. Некаторыя прыехалі з іншых месцаў, каб развітацца з выдатным чалавекам.
Вось толькі сённяшніх студэнтаў было малавата, дакладней, амаль не было. Безумоўна, у апраўданне можна сказаць: канікулы, адпачынак у разгары, нехта паехаў адпачываць далёка.
Але ж не ўсе. Горад невялікі, навіны разносяцца хутка. Упэўнены, у гэты дзень знайсці крыху часу, каб завітаць аддаць апошнюю даніну памяці любімаму выкладчыку можна было б…
У маладосці ўвогуле да такіх жалобных імпрэз ставяцца па-рознаму. Некаторыя проста ніяк: маўляў, няма сэнсу марнаваць час на такія сумныя падзеі.
А вось могілкі… Тут, аказваецца, можна і «павесяліцца». Таму і навіны трапляюцца ў сеціве такія: маладыя вандалы скакалі на магілах, бурылі агароджы, нявечылі надмагільныя камяні.
У адным з нашых гарадоў быў такі выпадак: зусім юныя брат з сястрой нават малаток спецыяльны прыдбалі і пачалі выпрабоўваць, ці хутка паваліцца той ці іншы помнік…
Гаварыць пра такія рэчы вельмі няёмка, асабліва калі даводзіцца пераносіць горыч страты.
Але ж для чаго мы гаворым тады тыя прачулыя словы, ставім помнікі, прыходзім з кветкамі да ціхіх кладзіш?
Як трапна сказаў паэт – гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым.
І ўзгадаць тых, хто аддаў жыццё семдзесят пяць гадоў таму, калі вызвалялі ад карычневай чумы маю Радзіму.
Хай іх імёны нам незнаёмыя, хай няма сярод іх родных бацькоў і дзядоў, ды ёсць жа ўдзячная памяць.
Памяць, якая ўласцівая толькі людзям. Памятаць і шанаваць тых, хто быў да нас, хто ваяваў і будаваў, хто проста жыў, расціў дзяцей, садзіў сады, араў зямлю.
Памяць, якая дапамагае нам быць удзячнымі ранейшым пакаленням і перадаваць тую ўдзячнасць і гонар наступным…