Падзяліцца:
6 красавіка 2017
Памятаеце рахманага кракадзіла Гену з папулярнага мультфільма, які спяваў песню пра добрага чараўніка, што прыляціць у верталёце і бясплатна пакажа кіно, і яго сябра – маленькага Чабурашку. Песню з гэтага мультфільма пра тое, што дзень нараджэння, на жаль, бывае толькі раз на год, яшчэ і цяпер спяваюць за святочным сталом і дзеці, і дарослыя. Потым для малышоў прыйшлі дыснееўскія Том і Джэрі і, нарэшце, папулярныя дзіцячыя “блокбастары“ “ Машанька і мядзьведзь”, дзе маленькая Машанька як толькі ні здзекуецца з няўклюднага і добрага мішкі. Нядаўна я нават прачытаў паведамленне, што ў Ізраілі не рэкамендуюць дзецям глядзець гэты мульцік з-за, на погляд аўтараў рэкамедацыі, прапаганды жорсткасці. Можа такая рэкамендацыя і празмерная, але, шчыра кажучы, жорсткасці, хоць і ў гумарыстычнай афарбоўцы, у фільме хапае. А яшчэ і цуд ХХІ стагоддзя - інтэрнэт - падкідвае малышам нямала спакусных гульняў з далёка не бясрыўдным зместам. То трэба шукаць розных “пакемонаў”, а то раптоўна небывалы ажыятаж выклікалі новыя героі – іншапланяцяне “бонсцікі”. Як паведаміў адзін з інтэрнэт-рэсурсаў, на тым тыдні ў адным з гандлёвых цэнтраў у Мінску аграмадны натоўп дзяцей з мамамі і татамі ледзь не разнёс сцэну і пляцоўку, выкрыкваючы імёны іншапланетных істот. Па падліках арганізатараў відовішча, яго наведала больш як десяць тысяч чалавек! Размова тут нават не пра тое, што арганізатары яўна недаацанілі ажыятаж і стварылі, мякка кажучы, досыць неадэкватную атмасферу: па сведчанні аўтараў матэрыялу ў сацыяльных сетках, давялося нават спыніць эскалатары і адкрыць дадаткова на трэцім паверсе лесвічны пралёт. Смех, захапленне, роспач і плач панавалі па ўсёй перапоўненай малышамі прасторы. Новая гульня, як і гульня ў “пакемоны”, аказала пэўны нават замбіруючы ўплыў на многіх людзей і не толькі дзетак. Калекцыямі “бонсцікаў” мяняюцца ў школах, у дварах, у сем’ях, прычым некаторыя бацькі таксама з азартам уцягнуліся ў гэтыя дзеянні. Уявіце, як задаволена паціраюць рукі аўтары і вытворцы вынаходніцтва, ды і гандлёвыя работнікі – яно ж прыносіць небывалы даход! Не хочацца быць артадоксам і ханжой і не ўлічваць, што сённяшняя малеча жыве ў іншы час і вакол шмат таго, пра што старэйшае пакаленне ў свае юначыя гады нават і не ведала. Але ж дабрыня, людскасць, узаемадапамога не страцілі свайго значэння і ў наш час. Як жа вучыць дзяцей гэтым неабходным кожнаму чалавеку якасцям, як іх засцерагчы ад усяго, што разбурае душу, што сее агрэсію і злобу, што разбурае маральныя прынцыпы? Сёння адгарадзіцца ад усяго, што робіцца ў свеце немагчыма. Гэта тычыцца і такіх тонкіх матэрый, як каханне, шлюб, нараджэнне дзіцяці... Адкуль і якую інфармацыю атрымліваюць у гэтых пытаннях нашы дзеці, ці не наносяць сваю шкоду навацыі некаторых замежных педагогаў, пра якія мы зноў жа даведваемся з інтэрнэту, іншых крыніц? У кожнага народа, кожнай краіны склаліся свае традыці выхавання. Ад часоў Скарыны, ад народных казак і песень на нашай зямлі ішлі традыцыі дабрыні, павагі да старэйшых, любові да працы. Любімыя дзіцячыя персанажы выклікалі толькі добрыя пачуцці. Не адгароджваючыся ад дасягненняў сучаснай цывілізацыі і нашым педагогам, і тым, хто мае дачыненне да выхавання дзяцей, дзядулям і бабулям, татам і мамам варта шукаць магчымасць, каб нашы дзеці ў сваіх захапленнях не гублялі таго, што культывавалася ў народзе стагоддзямі, каб на чале ўсяго ішло толькі светлае і добрае, што процістаяла б разбуральным выклікам нашага няпростага часу...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: