Падзяліцца:
28 Верасня 2017
Першая арганізаваная група турыстаў з Кітая гасцюе зараз у нашай краіне - за шэсць дзён іх чакае цікавая насычаная праграма з наведваннем розных славутасцяў сталіцы і іншых прывабных для гасцей мясцін. А наступны год у беларуска-кітайскіх адносінах увогуле аб’яўлены Годам турыста. Улічваючы немалы патэнцыял будучага людскога патоку, можна толькі ўявіць, колькі на нашых вуліцах мы ўбачым гасцей! Між тым, гэта толькі частка, хаця і значная, пашырэння турыстычнага руху ў Беларусь. Мы чакаем гасцей, імкнемся паказаць ім як мага больш цікавага, і сёння я хацеў бы спыніцца на адным з важных складнікаў культурнай праграмы для тых, хто цікавіцца нашым нацыянальным мастацтвам. Што можна прапанаваць, скажам, паглядзець у нашых тэатрах і на канцэртных пляцоўках? Цікавую тэму закранула ў сваім нядаўнім артыкуле ў газеце “Культура” паэтэса і журналіст Таццяна Мушынская. Размову яна павяла пра рэпертуар нашых музычных тэатраў, а іх у нас, як вядома, два – Вялікі тэатр оперы і балета і музычны тэатр. Дык вось, калі прааналізаваць рэпертуарную афішу чарговага тэатральнага сезона, то з вялікай цяжкасцю можна адшукаць творы айчынных аўтараў, а калі адзін-два знойдзецца, то ідуць яны вельмі рэдка. І часта госці нашай сталіцы кажуць, што хацелі б пабачыць нешта адметнае, беларускае, каб адчуць узровень нашага мастацтва, арыгінальнасць і самабытнасць здабыткаў беларускай культуры. На жаль, хваліцца нам асабліва не даводзіцца... Дык што, настолькі слабыя айчынныя творцы, настолькі няздольныя стварыць нешта вартае, што можна прапанаваць гледачу? “Відаць, гэта асаблівасць менталітэту: захапляцца чужым, а да свайго ставіцца з прыхаванай грэблівасцю”, - слушна заўважае аўтар артыкулу. Дадам, што і мне давялося сутыкнуцца з гэтай праблемай і не па чутках адчуць гэтае пазабяганне перад зусім іншымі аўтарытэтамі. Здавалася б, праблема гэта наша ўнутраная, але калі паглядзець на яе з іншага боку, то міжволі задумаешся: што скажуць пра нас у свеце, як даказаць замежнаму госцю, што ён прыехаў не ў чыю-небудзь правінцыю, а ў цікавую краіну са сваёй самабытнай культурай, традыцыямі. Чамусьці традыцыямі ў нас некаторыя дзеячы культуры лічаць народныя песні і скокі, выцінанкі і саламяныя брылі. А музыка, тэатр, літаратура, сучаснае выяўленчае мастацтва? Замежныя гастролі нашых артыстаў, выстаўкі мастакоў, дарэчы, іх нямала зараз арганізоўваецца ў тым жа Кітаі, сведчаць, што цікавасць да нашай нацыянальнай культуры вялікая! Вось толькі чамусьці ў сябе дома мы не заўсёды клапоцімся пра свае традыцыі, пра духоўную спадчыну, якая павінна быць асновай сапраўднай сучаснай беларускай культуры. Часам, пабываўшы на нашых святах, наведваючы забаўляльныя мерапрыемствы, ходзячы па вуліцах нашых гарадоў, не адразу можна зразумець, дзе, у якой краіне знаходзішся. Гэта звязана і са знешнім афармленнем, з назвамі крамаў і кафэ, з тым, што часам гучыць на эстрадных пляцоўках, у эфіры радыёстанцый. У пэўнай меры, вяртаючыся да згаданага артыкулу, гэты папрок можна аднесці да творчай інтэлігенцыі, спевакоў, кампазітараў, сцэнарыстаў. Любое падражальніцтва ёсць копія, ёсць другаснасць і правінцыйнасць. Мулявін і Лучанок, Дудараў і Станюта сталі цікавыя не толькі беларусам менавіта таму, што яны абапіраліся на ўласную самабытнасць, на традыцыі роднай зямлі. Наша растучая адкрытасць усяму свету, гасціннасць і імкненне пазіцыяніраваць сябе як цікавую, з багатай культурай краіну вымагае значнай увагі да з'яўлення па-сапраўднаму яркіх творчых дасягненняў ва ўсіх відах айчыннага мастацтва...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: