Падзяліцца:
«Роздум. Чаму вучыць людскі досвед?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
18 Студзеня 2018
«Роздум. Чаму вучыць людскі досвед?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Памятаеце некалі папулярную песню пра лётчыкаў са словамі, што зверху ўсё відаць? Вось сказаў «памятаеце», і схамянуўся — новае пакаленне, хутчэй за ўсё, нічога не ведае пра тую песню. Прынамсі, як доказ: рэдактар маёй новай кніжкі ў выдавецтве не магла расшыфраваць абрэвіятуру ВІА, хаця ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя кожны школьнік мог сказаць, што ВІА – гэта вакальна-інструментальны ансамбль. Дарэчы, пад гэтым, як сёння кажуць, “нікам”, былі і славутыя “Песняры”. Да чаго гэта я? А да таго, што надзвычай хутка мяняюцца звыклыя паняцці і ўстойлівыя стэрэатыпы, што прыходзяць зусім новыя з’явы і традыцыі, што ў поўным сэнсе ідзе татальная спроба памяняць усё тое, што накоплівалася стагоддзямі, і ідзе настойлівая спроба “вывесці” зусім “новага” чалавека. Зрэшты, такія спробы былі і раней, дастаткова толькі ўзгадаць розныя звышновыя маральныя пастулаты пачатку і сярэдзіны дваццатага стагоддзя. Ды ўсе яны заставаліся ў мінулым. Бо людзі па-ранейшаму нараджаліся, кахалі, заводзілі сем’і, гадавалі дзяцей. І ведалі: красці і біцца – дрэнна, маніць і зласловіць – таксама, што трэба шанаваць бацькоў, дапамагаць бліжняму, калі той трапіў у бяду… І многае іншае, чаму вучылі з маленства сям’я, рэлігія, школа. Не ўсе, безумоўна, прытрымліваліся гэтых запавядзяў, за што грамадства іх асуджала і нават карала. А цяпер… Не, далёка не ўсё так безнадзейна і змрочна. І моладзь расце дастойная, і харошых людзей вакол шмат. Ды ўсё ж нешта часам парушаецца ў звыклых маральных крытэрыях, і проста цяжка паверыць, што такое можа адбывацца. Я ўжо казаў, што ў навамодных флэшмобах і перфомансах трэба адрозніваць сапраўды творчы пошук ад бяздумнага блазнавання, тупога хамства і вандалізму. Як можна было дадумацца на тэрыторыі былога нацыстскага лагера смерці Асвенцыма, дзе атрымалі пакутную смерць тысячы ні ў чым не вінаватых людзей, распрануцца групе маладзёнаў дагала, прыкавацца ланцугамі і наўмысна забіць пры гэтым маленькага ягняці, нібы язычніцкую ахвяру? Нездарма гэтыя так званыя перфомансеры паўсталі перад судом за знявагу помніка ахвярам нацызму. Тут традыцыйная мараль стала на шляху вандалаў. Але ёсць і вандалы духоўныя. Паглядзіце, як настойліва ўкідваюцца праз сацыяльныя сеткі ідэі, які наўпрост супярэчаць традыцыйным прынцыпам маралі. Ужо сам інстытут традыцыйнай сям’і становіцца пад пагрозай. Цікава, адкуль будуць паяўляцца на свет дзеці, а калі толькі з прабіркі штучных шляхам, то хто з іх вырасце, і хто ўрэшце будзе насяляць нашу планету? Робаты, безумоўна, патрэбны людзям, але не ў замену іх саміх. Можа, я і крыху згушчаю фарбы. Але ўсё пачынаецца з малога. І далёка не бяскрыўдна, калі вучань рэжа нажом настаўнікаў, калі ўнук забівае бабулю з дзядуляй, калі юныя бандыты наладжваюць разню малых сверснікаў проста ў школе, калі гвалт у сям’ і ператвараецца ў суцэльны жах для саміх сямейнікаў і блізкіх суседзяў… Калі можна занядбаць усё, чым жылі і гадаваліся продкі, калі можна прыдумваць свабоду выяўленню ўсіх жывёльных вычварэнцтваў пад ідэяй дазволенасці і разумення... Традыцыйныя каштоўнасці таму і традыцыйныя, што яны дазвалялі чалавецтву праз стагоддзі захавацца як грамадству не толькі чалавекападобных, а людзей. І перад імі цярпелі паражэнне ўсе нялюдскія ідэі і сімвалы. З вышыні пражытых гадоў гэта бачыцца больш ярка і акрэслена.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: