Падзяліцца:
«Роздум. Час саджаць дрэвы». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
1 лістапада 2018
«Роздум. Час саджаць дрэвы». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Роўна год назад у такі ж пахмурны лістападаўскі дзень мне давялося паўдзельнічаць у пасадцы дрэў будучага сада. Неаднойчы ў жыцці даводзілася рабіць такую работу, і кожны раз з унутраным трапятаннем прыходзіў на тое месца праз пэўны час, каб пацікавіцца, ці прыжыліся гадунцы, ці хапае ім сілы і моцы, каб стаць паўнацэннымі дрэвамі. Далекавата, на Полаччыне, штовесну цвіце мой сад, і я не заўсёды нават пазнаю ў магутным пладаносным дрэве былы тоненькі і кволы саджанец. Здавалася, звыклая гаспадарчая работа, якой займаліся нашы бацькі і дзяды, а нешта сакральнае, нешта ўнутрана сімвалічнае ёсць у тым, як пасаджаны табой расток выпростваецца і сталее, як тоненькія пруцікі стновяцца магутнымі дрэвамі, нагадваючы табе пра пражытыя гады, юнацтва, маладосць і сталасць. Сады і лясы на нашай зямлі – гэта наш дом, наша жыццё, нашы надзеі і мары. Нездарма паэт Алесь Разанаў у свой час напісаў такія радкі, звяртаючыся да дрэў: «Губляючы вас, напэўна, Губляем сябе саміх». Дрэвы служылі нам прытулкам і цяплом, мудрае іх маўчанне выклікала наш штодзённы роздум, ад іх заўсёды веяла вечнасцю і спагадай. Пляліся рукамі людскімі І лапці, і кашалі. Вы нашы браты, якія За намі ўслед не пайшлі. Гэта зноў з таго разанаўскага верша «Дрэвы». Нядаўна мой сын працягнуў мне маю ўласную кніжку з падкрэсленымі ім радкамі з навэлы «Радня», дзе я распавядаў пра майго палескага цесця, а яго дзеда Івана: “Вось гэты сад садзіў мой бацька, – сказаў цесць. – Ён далёка на флоце служыў, потым вярнуўся дадому. А калі мы пад Польшчай былі, знайшлі паліцыянты, што ён на агародзе тытунь высадзіў, і пабілі яго. Ды так моцна, што потым год пахварэў і памёр. А сад во жыве...» – Ты слухай, што я табе скажу. Сёння гэты сад во, і хата, значыць, і ўсё, што тут ёсць, і тваё таксама, – зноў загаварыў цесць. – Ты, значыць, будзь як дома. І нічога не думай такога. Мы ж цяпер радня. Ад гэтых яго бясхітрасных слоў у мяне раптам нешта зашчымела. Я ўспомніў свой Полацк і свайго бацьку, невысокага, з адной здаровай рукой, бо другая, параненая на фронце, вісела нерухома, маці, ціхую і хваравітую, з разумнымі і заўсёды сумнымі вачамі… «Гэта ж пра Радзіму, — сказаў мой Максім, – і ўсё зразумела». Што ж, сапраўды, на гэтай, нашай зямлі, пладаносяць сады, пасаджаныя яшчэ нашымі дзядамі, стаяць лясы, як памяць мінулых гадоў, і мы ўсе тут радня, перадаючы сваім дзецям і ўнукам гэтую спадчыну. Бо гэта наша зямля, дадзеная нам адвеку, і яе нам берагчы і заўсёды любіць. Так што будзем саджаць дрэвы! Гэта, я вам скажу, высакародны і плённы занятак!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: