
“Ты ўжо напісаў ліст Дзеду Марозу?” – гэтае пытанне ўсё часцей задаюць дзеткам бацькі, бабулі і дзядулі, бо набліжаюцца навагоднія святы, а гэта значыць – жаданыя падарункі пад ёлкай, якіх юныя нашы грамадзяне пачынаюць чакаць задоўга да навагодняй ночы.
Правільна выбраць падарунак, узрадаваць любімых хлопчыкаў і дзяўчынак Дзеду Марозу трэба дапамагчы, бо хто іншы, акрамя бацькоў, родных і добрых сяброў зможа падказаць патрэбнае рашэнне?
А нашы выхаванцы мараць пра многае. І тут часам іх жаданні могуць не супаць з магчымасцямі старэйшых, ды і з іх уяўленнямі пра вартасць і значэнне падарунку. І справа нават не ў матэрыяльных затратах, хаця і з імі многім неабходна лічыцца.
Захоча, напрыклад, сямі-васьмігадовы хлопчык атрымаць дарагі смартфон, а гэта значыць, патрапляць будучай залежнасці, калі ён замест чытання кніжак, гульняў на свежым паветры і заняткаў спортам будзе толькі марыць залезці ў віртуальны свет з яго спакусамі, якія нічога акрамя шкоды юнай асобе не дадуць. Нездарма нядаўна вядомы расійскі артыст Дзмітрый Пяўцоў выказаўся ў тых жа сацсетках за тое, што школьнікам трэба купляць толькі кнопачныя тэлефоны, каб яны маглі, калі трэба, звязацца з бацькамі, а не праседжваць гадзінамі ў вабным свеце інтэрнэту. Хаця, па-праўдзе кажучы, і ў кнопачных тэлефонах можна адшукаць тыя ж гульні, якія так любяць нашы дзеці.
Але мы ж пра падарункі. І, безумоўна, аднымі адмовамі і забаронамі тут кантакт з Дзедам Марозам не наладзіш. Значыць, трэба шукаць тое, што сапраўды ўзрадуе дзіцё, што зробіць яго на той момант шчаслівым. Але, як раюць спецыялісты, гэта не павінна быць нешта тое, чым можна паласавацца. Па-першае, большасць дзетак сёння і так, дзякуй Богу не здзівіш цукеркай ці шакаладкай, а па-другое, салодкі падарунак хутка спажываецца і ніяк не можа прэтэндаваць на запаветную мару.
Таму хай Дзед Мароз улічыць гэта і ўсё ж пакладзе пад ёлку нешта больш істотнае – настольную гульню, напрыклад, для ўсёй сям’і, кнігу пра захапляючыя падарожжы, лыжы ці канькі, спартыўны рыштунак… Ды ці мала што можна прыдумаць, каб дзецям было радасна. І не абавязкова, каб гэты падарунак каштаваў дорага, галоўнае – выдумка і крэатыў.
А што, калі ў дзяцей няма бацькоў і жывуць яны ў дзіцячых дамах і інтэрнатах?Часта многія арганізацыі, якія шэфствуюць над такімі ўстановамі, дораць менавіта мяхі цукерак, апельсінаў і іншай смакаты.
А вось валанцёры з руху ў падтрымку Цэнтра дапамогі дзецям-сіротам “Ніці дружбы” аб’явілі кампанію “Без цукерак”, мэта якой – паказаць беларусам, што дапамагаць юным выхаванцам можна па-іншаму, не завальваючы кілаграмамі цукерак, якія псуюць зубы і апетыт.
Дзецям, якія пазбаўлены бацькоўскай ласкі, патрэбны разам з рэчамі і гульнямі асабісты кантакт. Безумоўна, замяніць адсутнасць таты і мамы для іх немагчыма, але ім трэба ўвага дарослых людзей.
Можна дапамагчы аформіць малюнкамі і інсталяцыямі гульнявыя пакоі, навучыць малечу самім вырабляць розныя цацкі, прысці, пачытаць разам любімую казку, проста пабыць разам.
Вось калі гэта стане навагоднім падарункам Дзеда Мароза, то гэта будзе і радасць для малечы, і карысць.
Cёлета Міністэрства замежных спраў прапаноўвае гасцям традыцыйнага прыёму ў гонар Новага года таксама «прымерыць» на сябе вобраз Дзеда Мароза і паўдзельнічаць у сумеснай з Домам-інтэрнатам для прэстарэлых і інвалідаў святочнай акцыі, сабраць падарункі па спісе навагодніх пажаданняў насельнікаў гэтай установы.
Безумоўна, універсальных рэцэптаў, як памагчы казачнаму Дзеду Марозу прынесці дзецям і пажылым людзям шчасце ў навагоднюю ноч, пэўна, няма. Але галоўнае – каб спагада і любоў, мудрасць і развага прынеслі свой жаданы плён і навагоднія цуды іх парадавалі.