Падзяліцца:
“Роздум. Далучыўшыся да вытокаў”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
15 Лістапада 2018
“Роздум. Далучыўшыся да вытокаў”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Напэўна, каб я запытаў, ці ўмееце вы танчыць, скажам, Польку, Шамяля, Мікіту ці Жабку, вы б сказалі, што такія старадаўнія танцы могуць паказаць хіба толькі вельмі пажылыя людзі. “Гэта ўжо фальклор”, - скажуць і тыя, хто сёння стварае танцавальную моду. А вось днямі ў фае сталічнага Палаца культуры трактарнага завода гэтыя прыгожыя танцавальныя “па” з імпэтам выпісвалі дзеткі ў нацыянальных строях, запрашаючы прысутных далучыцца, і больш дарослыя ўдзельнікі імпрэзы з задавальненнем таксама пускаліся ў скокі. Такі танцавальны пачатак папярэднічаў канцэрту-прэзентацыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Сярод удзельнікаў канцэрта былі фальклорныя маладзёжныя і аўтэнтычныя калектывы з Мінска і абласцей, сярод якіх – заслужаны аматарскі калектыў з вёскі Мётча Барысаўскага раёна, народны фальклорны калектыў “Журавінка” з Лельчыц, мае юныя землякі з вёскі Палата Полацкага раёна і іншыя, не менш яркія і цікавыя музыкі, спевакі, танцоры. Цешыліся, пэўна, не толькі фалькларысты і старэйшыя ўдзельнікі канцэрту, сярод якіх былі звычайныя вясковыя кабеты пажылога ўзросту, але і шматлікія гледачы, якія запоўнілі залу. Цэлая панарама народнай творчасці паўстала перад імі, дзе вызначаліся адметныя мясцовыя праявы народнай культуры. І я ўзгадаў, як некалі запісваў на магнітафон купальскія і жніўныя песні на Ушаччыне, якія спявала вясковая жанчына Марыя Трафімава – бабка Марушка. Яна, памятаю, тады бедавала, што забудуцца народныя песні, не будуць маладыя працягваць тое, што ішло ад пакалення да пакалення. На шчасце, фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” вось ужо дваццаць гадоў робіць вялікую справу па захаванні народных традыцый, ужо былыя юныя ўдзельнікі прыводзяць на заняткі фальклорам сваіх дзетак, значыць, душа народа жыве. Трэба аддаць належнае Акцябрскаму выканкаму, што на Гомельшчыне, былой Рудабелкі. Гэта своесаблівая сталіца “Берагіні”, і нягледзячы на ўсе цяжкасці арганізацыі, фінансавання фестывалю, улады раёна па-ранейшаму – яго гасцінныя гаспадары і натхняльнікі. Дарэчы, і на канцэрт у Мінск кіраўніцтва раёна прыслала сваіх прадстаўнікоў. І ў той жа час, хацелася б бачыць сярод прыхільнікаў народнага мастацтва больш педагогаў, прафесійных работнікаў культуры. Дзеля справядлівасці скажу, што дзейсны ўдзел у арганізацыі і правядзенні фестывалю прымае Беларускі фонд культуры. Але гэта грамадская арганізацыя. А вось што тычыцца педагогаў школ, арганізатараў вольнага часу вучняў, то хацелася б, каб разам з сучаснымі гульнямі, спевамі і танцамі дзеці шырэй знаёміліся з культурнай спадчынай свайго народа. Каб зразумець сябе, уласны характар, гонар і самастойнасць, трэба часцей звяртацца да вытокаў, ведаць і памятаць тое, чым адметны народ і ўласная Радзіма.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: