Падзяліцца:
«Роздум. Дапаможа карта госця!» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
5 Красавіка 2018
«Роздум. Дапаможа карта госця!» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Першы раз я пабываў у Мінску, калі паступаў ва ўніверсітэт; безумоўна, шмат чуў і ведаў раней пра нашу сталіцу, але пахадзіць па вуліцах буйнейшага горада Беларусі да таго часу не даводзілася. І хоць мой родны Полацк застаўся назаўсёды ў маёй душы, як духоўнае апірышча і месца майго дзяцінства і сталення, Мінск патроху зачароўваў сваёй адкрытасцю і прыгажосцю і ўрэшце стаў родным і блізкім домам, дзе ўтульна мне, маім дзецям і ўнуку. Гэта я да таго, што ўсё больш людзей у свеце ды і ў нашай краіне адкрываюць для сябе гэты цудоўны горад з гасціннымі і шчырымі людзьмі. Большасць з іх, як і я, сталі мінчанамі не па нараджэнні, але сёння яны – сапраўдныя патрыёты горада. Таму, я думаю, многія мінчане з цікавасцю ўспрынялі інфармацыю пра “Карту госця“, якую распрацавалі ў прадпрыемстве “Мінгардаведка“. Карта прадугледжвае наведванне славутасцяў сталіцы для замежных і айчынных турыстаў. На гэтым тыдні стартаваў выпуск такіх карт, па якіх можна наведваць музеі, заапарк, даецца права на безлімітны праезд на аўтатраспарце і метро. Як заявілі распрацоўшчыкі, пры выпрацоўцы гэтых форм улічаны меркаванні мінчан, якім праект, асабліва магчымасці наведвання музееў, цікавы не менш, чым гасцям сталіцы. Цікава, што да згаданага праекта на пачатковым этапе далучылася каля сарака музееў, чатырнаццаць з іх знаходзяцца за межамі сталіцы. Сярод іх такія ўнікальныя, як Нясвіжскі і Мірскі замкі, а таксама гасцініцы, аб’екты харчавання, гандлёвыя сеткі. Так паступова наша краіна становіцца ўсё больш актыўным і прывабным турыстычным цэнтрам. Нядаўна я разам з гасцямі з Санкт-Пецярбурга пабываў у Мірскім замку. За год, які там не давялося быць, ён стаў яшчэ больш прыцягальным. У выхадныя і святочныя дні тут яблыку няма дзе ўпасці. З усіх куткоў Беларусі і з розных краін – блізкіх і далёкіх – прыязджаюць сюды тыя, хто на свае вочы жадае пабачыць, што ж такое беларуская культура, гісторыя, дойлідства… У вежах наведвальнікі падымаюцца стромымі і вузкімі вінтавымі сходамі, дзе нават адзін абаронца мог затрымаць цэлы полк. Пасля нялёгкага, пакручастага шляху можна прагуляцца і па абарончых галерэях. А з вышыні вежаў, калі зірнуць у байніцы, раскрыецца панарама самога мястэчка з яго бажніцамі і старасвецкімі камяніцамі. Сярод дрэваў старога парку – дзівосная ўсыпальніца Святаполк-Мірскіх ды люстэрка замкавай саджалкі. У цэнтры дзядзінца – студня, без якой ніякая абарона немагчымая. А ў паўночнай і ўсходняй частках знаходзіцца трохпавярховы палац. Пад ім – глыбокія сутарэнні, дзе захоўваліся прыпасы на тры гады абароны. Вышэй ідуць жылыя памяшканні, дзе наведвальнік будзе ўражаны багаццем інтэр’ераў з каляровымі печамі, выкладзенымі кафляй, разьбянымі шыкоўнымі столямі, партрэтамі ўладальнікаў, сярэднявечнымі строямі… Старажытныя габелены і карціны, зброя, дакументы і многае іншае нібы пераносяць цябе ў тыя часы, калі ў замку жылі прыгожыя паненкі і адважныя рыцары. А колькі паданняў і легендаў можна пачуць у гэтых мурах! Пра прыгажуню Стэфанію Радзівіл, пра абярэг замка – каменную галаву барана, умураваную ў сцяну… Усё гэта нам цікава расказаў экскурсавод Дзмітрый Манкевіч. Думаю, той, хто ўпершыню пабываў у Мірскім замку, абавязкова захоча сюды вярнуцца. Вось такія магчымасці для захапляючых уражанняў прадстаўляе карта госця Мінска. Веру, што народзяцца і іншыя новыя формы прыцягнення турыстаў для знаёмства з нашай краінай. Пра адну з іх – конкурс сэлфі Мінск-2019 да адкрыцця другіх Еўрапейскіх гульняў — мы не так даўно распавядалі. Дарэчы, інфармацыю вы можаце знайсці на сайце «Радыё Беларусь» (radiobelarus.by) і ў сацыяльных сетках. Прыемных і незабыўных вам уражанняў!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: