
З дзяцінства кожны паход у кнігарню быў для мяне падзеяй жаданай і значнай, але калі хлапчуком я больш глядзеў на прыгожыя вокладкі, бо жылі мы ў нашай сям’і досыць сціпла, то калі пачаў сам зарабляць грошы, то заўсёды знаходзіў некалькі рублёў, каб купіць новую кнігу. Перажыў і гады так званага кніжнага буму, калі добрая кніга часам была ў дэфіцыце і трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб прыйсці дадому з жаданай пакупкай.
Цяжка сёння ў гэта паверыць, калі бачыш паліцы сучасных кнігарань, якія зіхацяць рознакаляровымі вокладкамі, дзе можна знайсці творы любога любімага аўтара, пазнаёміцца з новымі маладымі творцамі.
Як жа пачуваецца ў гэтым размаітым свеце кнізе айчынных аўтараў, якія цікавыя адкрыцці нашых творцаў прапануюць нам выдаўцы і кнігагандляры?
Не буду называць кнігарню, дзе я пабываў у мінулыя выхадныя, таму што, на жаль, такія прыклады не адзінкавыя.
- Скажыце, як знайсці кнігу? – і называю прозвішча вядомага і дастаткова папулярнага аўтара.
- Як-як? Каго? – перапытвае малады хлопец. – Сёння ў прадаўца беларускага аддзела выхадны.
- Тады паглядзіце, калі ласка, па камп’ютары, што ў вас ёсць гэтага аўтара. – Зноў па літарах дыктую прозвішча.
Нарэшце высвятляем, што ў кнігарні ажно пяць найменняў кніг пісьменніка.
- А дзе яны схаваліся? Я ўжо амаль дваццаць хвілін шукаю па паліцах і не магу знайсці.
Хлопец заве на дапамогу калегу, і нарэшце, амаль праз паўгадзіны, неабходныя кнігі знайшліся, якія сціпла і незаўважна стаялі на адной з ніжніх паліц амаль на самай падлозе.
А спытай часам, з дазволу сказаць, такога прапагандыста айчыннай літаратуры, чаму не купляюць кнігі названага аўтара, скажа, не міргнуўшы: “не карыстаюцца попытам”.
Я не хачу агулам кідаць папрок усім кнігагандлярам. Сам ведаю кнігарні, дзе аўтар – жаданы госць, дзе праводзяцца аўтограф-сесіі, сустрэчы з чытачамі.
Ды ўзяць, да прыкладу, тую ж “Акадэмкнігу”. Тут аўтограф-сесіі збіраюць шмат прыхільнікаў мастацкай літаратуры, а за кнігамі некаторых аўтараў выстройваюцца чэргі.
Дык, аказваецца, можна знайсці дарогу да патрэбнай людзям кнігі, зацікавіць аматараў прыгожага пісьменства набыць цікавы твор! І, вядома, не толькі на беларускай мове. Але нядаўні Дзень роднай мовы, які мы адзначалі ў гэтым месяцы, паказаў, што ўсё больш людзей цікавяцца творчасцю як вядомых нашых класікаў, так і сучасных творцаў. І дзяржава клапоціцца, каб задаволіць гэты попыт, а разам з дзяржаўнымі выдавецтвамі дзесяткі прыватных прапаноўваюць чытачу родную літаратуру.
Толькі летась на беларускай мове было выпушчана амаль паўтары тысячы кніг тыражом больш за чатыры тысячы экземпляраў.
А ўсяго за гэты час выдавецтвамі і выдавецкімі арганізацыямі розных форм уласнасці выпушчана 9665 найменняў кніг і брашур агульным тыражом 25,6 млн экзэмпляраў. У параўнанні з папярэднім годам колькасць выпушчаных выданняў узрасла.
І вельмі важна, каб гэтыя кнігі знайшлі свайго чытача, не пыліліся мёртвым грузам на паліцах кнігарняў і на выдавецкіх складах.
Безумоўна, тут патрэбны клопат не толькі кнігагандляроў, але без іх зацікаўленасці гэты шлях будзе больш складаны і марудны.