
Памятаеце славуты выраз з папулярнага некалі мультфільма “Рабяты, давайце жыць дружна!”? З таго часу тых, хто гэдак жа заклікае да ўсеагульнай спагады і сяброўства, завуць “катамі Леапольдамі”, укладваючы часам у гэта іранічны сэнс: маўляў, пустая і марная спроба – прымірыць розных і палярных па сваіх прынцыпах і паводзінах людзей, нават цэлыя народы і краіны, гэта як маленькую мышку – з драпежным катом.
Дарэчы, як ламаюцца стэрэатыпы: сучасныя хатнія коцікі не надта імкнуцца паляваць на мышак, а інтэрнэт напоўнены здымкамі, як мірна існуюць разам кот з сабакам.
Між тым дружна і лагодна, на жаль, жыць не заўсёды атрымліваецца. Чаму? На гэта заўсёды знаходзяцца тысячы прычын.
Не буду шукаць глабальныя прыклады. Возьмем проста наш звычайны будзёны дзень. Ці не сустракаліся вы з такой карцінай: з самай раніцы маці накрычала на сына, муж на жонку, хоць істотных прычын на гэта не было, проста хлопчык марудна апранаўся ў школу, а, скажам, жонка даўгавата затрымалася ў ванным пакоі, куды благаверны імкнуўся, каб пагаліцца.
Далей – больш. У метро нехта не прытрымаў за сабой уваходныя дзверы, нехта незнарок наступіў на нагу ў перапоўненым трамваі… Ваша фантазія хутка можа намаляваць яркія карцінкі таго, што адбывалася потым…
На працы таксама часам бывае зусім не бязвоблачна.
І вось такая агрэсія, якая накапілася з самага ранку, проста расцвітае і напаўняе, нібыта вірусы, усё наваколле. І выліваецца ў самыя розныя сферы нашага паўсядзённага існавання.
Ну, і як вы, пэўна, здагадаліся, у інтэрнэт. Сёння сучасны чалавек больш часу праводзіць у інтэрнэце, чым дзе.
А там ужо – самая воля да агрэсіі, зняваг, жорсткіх спрэчак і публічных абраз!
Чаго толькі не сустрэнеш у гэтай усеагульнай сметніцы! Як шчыра прызнаўся адзін з сучасных блогераў: “Пішу ў блог, мабыць, таму, што ўсе пішуць. Вельмі цяжка зараз не весці блог, калі ўсе навокал толькі гэтым і займаюцца.”
Зусім нядаўна мы маглі стаць сведкамі адной “высокаінтэлектуальнай” спрэчкі, калі людзі высакароднага занятку з гучнымі і не вельмі імёнамі наладзілі такую публічную сварку, якой бы пазайдросцілі насельнікі камунальных кватэр часоў Булгакава ці Ільфа і Пятрова. У ход ішлі такія выразы і ненарматыўныя слоўцы, якіх некаторым не толькі ўжываць, але чуць да гэтага не даводзілася.
А як вам публічны пошук пазашлюбных дзяцей ці прыхаваных каханак у біяграфіях славутых і паважаных людзей, абраз на адрас педагогаў, дактароў, артыстаў, пісьменнікаў, увогуле на любога, хто па нейкіх прычынах не даспадобы таму, хто выліў свае пачуцці ў інтэрнэт?
Агрэсія і жорсткасць ад такіх вось так званых “малых” крокаў выліваецца ў больш глабальную прастору, параджае ксенафобію, ваяўнічаць, прыводзіць да трагічных наступстваў.
Але вернемся да нашых паўсядзённых звычайных спраў. Я разумею, што ў адначассе далёка не кожны з нас стане “белым і пухнатым”. Але імкнуцца да гэтага нікому не пашкодзіць. І знізіць градус супрацьстаяння і нецярпімасці, зірнуўшы адзін аднаму ў вочы, усміхнуўшыся і паціснуўшу руку. Давайце ўспомнім дзіцячы мультфільм і словы яго персанажу: “Давайце жыць дружна!”