Падзяліцца:
21 сакавіка 2017
Гэтыя радкі я знайшоў у інтэрнэце сярод самых розных пастоў, каментарыяў, спрэчак: Завірухі зімы адшалелі – Абуджэння прырода чакае. Не спыніліся часу арэлі, Зноў вясну наваколле гукае. Ачышчальная веліч паводкі… І сумлення майго вартавыя І бацькі, і далёкія продкі – Прад вачыма ўстаюць, як жывыя. І упэўненасць стукае ў сэрцы, Што вясна свае песні зайграе, Што прырода не можа памерці: Снег зімовы – вада веснавая… Ведаеце, нібы свежым, ачышчальным ветрам падзьмула ў пракураным, сціслым ад духаты пакоі ад гэтых паэтычных радкоў Георгія Ліхтаровіча. Значыць, паэзія яшчэ жыве, падумаў я, значыць, яшчэ мы маем у ёй патрэбу. Гэта як у Маякоўскага – “калі зоркі запальваюць, значыць гэта некаму патрэбна”. Паэзія. Як часам сярод розных жыццёвых бур і навалаў яна, нібы выратавальны круг, выцягвае нас з віроў злобы і супрацьстаяння, пошасці і фарысейства, бо гэта тое, што нельга запляміць няшчырасцю і крывадушшам што ратуе душу і лечыць сэрца. Памятаю, як мы з сябрамі Сашам Канавалавым і Валодзем Варпаховічам купілі ў Полацку ў кнігарні паэтычны зборнік Андрэя Вазнясенскага “Ахілесава сэрца”. Мы былі яшчэ школьнікамі, і, шчыра кажучы, вялікімі аматарамі паэзіі нас назваць было цяжка. Але гэтая невялікая кніжка з маленькім чырвоным сэрцам на цёмным фоне вокладкі нешта літаральна перавярнула ў нас. Паэзія Вазнясенскага ўварвалася ў нашы юначыя душы, нібы магутны ніягарскі вадаспад. Мы сталі шукаць вершы іншых паэтаў і пранікаліся той шчырай захопленасцю і высокім духоўны узрушэннем, што дораць людзям сапраўдныя вершы. Акрамя мяне ніхто з маіх сяброў цяжкі шлях у літаратуру так і не выбраў для сябе, але, я ведаю, любоў да паэзіі назаўсёды прапісалася ў іх сэрцах. Сёння радкі паэтаў на розных мовах будуць гучаць па ўсёй планеце. І гэта тое, што селіць надзеі на лепшую долю, на светлыя памкненні, на дабрыню і спагаду. Ты — боль, паэзія. Ты — быль. Твае суровыя законы He для забаў, не для гульбы — А пошук ісціны да скону. Так напісаў паэт Леанід Галубовіч.Слушна, па-мойму. Сапраўдная паэзія не разбурае, яна стварае свет прыгожага і сапраўднага. Гэта, як пісаў мой незабыўны сябар Алесь Пісьмянкоў: І ўсё-такі цуда бывае! Захочаш, і я пакажу, Як сонечны промень іграе На струнах гарэзных дажджу. І роспач сплыве, бы пена… Захочаш – і я дакажу, Што дождж на ўзроўні Шапэна, Ты толькі даверся дажджу… Што ж давайце даверымся сапраўднай паэзіі, яе высокаму і глыбокаму пачуццю. І не толькі ў свята, а кожны дзень і адчуем яе светлае адхланне!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: