
Пад адным небам
У суседзяў у садзе наўсцяж
Праз таполі імкнецца святло.
Дожджык раптам пайшоў, і гучней
Шолах лісцяў я чую праз шкло.
Мне не спіцца, сяджу ля вакна,
Адзінока і ціха вакол,
Так і быў быў бы адзін, ды ляцяць
Зноў чародкі начных матылькоў.
Цудоўныя радкі, праўда? А напісаў гэта Су Шы, вялікі кітайскі паэт яшчэ ў 11-м стагоддзі. Напісаў, безумоўна, па-кітайску, а я пераўвасобіў па-беларуску з падрадкоўніка, які прафесійна і дакладна склалі перакладчыкі – тонкія знаўцы мовы.
Гэта з беларускамоўнага зборніка вершаў паэта «Подых усходняга схілу», які толькі што выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. А ўвогуле гэта ўжо дванаццатая кніга кітайскай паэзіі з серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая”.
Дарэчы, у серыі існуе міжнародны рэдакцыйны савет, у які ўваходзяць і прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі Кітая. Да нядаўняга часу актыўна развіццю серыі спрыяў славуты кітайскі перакладчык Гаа Ман. Саюзам пісьменнікаў Беларусі ён адзначаны знакам «За вялікі ўклад у літаратуру».
Я пачаў размову пра нашы стасункі з паэзіі, таму што кітайскі народ надзвычай высока цэніць паэтычнае слова і думку, і каб лепш зразумець важнасць і важкасць нашай агульнай дружбы, трэба ведаць здабыткі культуры нашых народаў.
Я думаю, што да тых значных агульных праектаў, як “Шаўковы шлях” і Індустрыяльны парк “Вялікі камень”, іншых, а таксама сумесных эканамічных узаемаадносін, дадасца важкі гуманітарны чыннік – турызм. Тым больш, што 2018 год у Кітаі абвешчаны годам турызму ў Беларусь.
Зрэшты, узаемныя паездкі дэлегацый, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый сталі трывалай традыцыяй. Дарэчы, у гэтыя дні ў рэспубліканскім аздараўленчым дзіцячым лагеры “Зубраня”, што ў Мядзельскім раёне, адпачываюць і дзеці з Кітая.
І, безумоўна, надзвычайнае значэнне мае падпісанае ўзаемнае пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж нашымі краінамі, якое ўступіла ў сілу 10 жніўня.
З падпісаннем дакумента Беларусь апынулася ў ліку нямногіх краін Еўропы, у якіх устаноўлены бязвізавы рэжым з Кітаем.
Надзвычайны і паўнамоцны пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін у шматлікіх інтэрв’ю адзначыў, што дзякуючы бязвізаваму рэжыму, жыхары дзьвух краін будуць часцей падарожнічаць і змогуць больш даведацца пра сваіх сяброў. “Гэта ўмацуе нашу дружбу “, - сказаў ён.
Так, гэта яшчэ адзін важкі крок да больш глыбокага ўзаемаразумення і сяброўства нашых народаў. Вялікі Кітай і не вялікая ў параўнанні з ім Беларусь могуць стаць прыкладам самых цесных і шчырых узаемастасункаў. Нават ёсць чаму павучыцца ў нашых сяброў у самых розных сферах чалавечай дзейнасці, і партнёрам, думаецца, цікава будзе лепш зразумець менталітэт і душу нашага народа.
У Кітаі існуе старажытная прымаўка: «Добры пачатак – залог поспеху ва ўсіх справах». У сваю чаргу госць для беларуса заўсёды з’яўляўся асобай жаданай. У народзе казалі: “Добраму госцю вароты самі расчыняюцца”.
Вось гэтыя мудрыя залацінкі з фальклору нашых народаў і ёсць залог нашага трывалага і шчырага сяброўства.