Падзяліцца:
«Роздум. Дом для ўсіх». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
7 Снежня 2017
«Роздум. Дом для ўсіх». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Рузана Аванесян прыехала ў Беларусь з Ерэвана больш як 25 гадоў таму; прыехала на вучобу, дый засталася тут жыць, знайшла сваё шчасце, завяла сям’ю. Муж таксама армянін. Для гэтай армянскай сям’і Беларусь стала другім домам, а для дзетак, якія нарадзіліся тут – сапраўднай Радзімай. Тут Рузана стварыла фальклорный ансамбль Эрэбуні, які стаў удзельнікам шматлікіх канцэртаў, фестываляў, конкурсаў як у Беларусі, так і за яе межамі. І на ўсіх міжнародных пляцоўках дзяўчаты з ансамбля прадстаўляюць нашу краіну. Дарэчы, разам з армянкамі ў калектыве танцуюць і беларускія дзяўчаты. “У мяне двое дзяцей, а ансамбль – маё трэцяе дзіця, – гаворыць Рузана. –Палавіна калектыву – гэта мае хроснікі!” Армен Сяргеевіч Сардараў – дэкан архітэктурнага факультэта Беларускай політэхнічнай акадэміі – аўтар многіх цікавых нацыянальных праектаў у нашай краіне, адзін з якіх – памятны знак у гонар беларускай дзяржаўнасці ў старажытным Полацку. Дарэчы, яго дачка – таксама адна з танцорак ансамбля Эрэбуні. Цікавасць у гледачоў шматлікіх выстаў выклікаюць заўсёды работы мінскага мастака азербайджанца Кемала Камала, ён плённа працуе і ў кніжнай графіцы. На рахунку пісьменніка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі курда Ганада Чарказяна каля паўсотні кніг паэзіі і прозы ў перакладзе на беларускую і рускую мовы. Даўно заваяваў прызнанне ў беларускай культуры скульптар і паэт кахецінец Хазры Абдулаеў. Пры Рэспубліканскім Доме нацыянальных культур плённа працуюць народны рускі хор імя Нікіцінай, хор украінскай песні “Крыніца”, ансамбль карэйскага танца “Арыранг”, ансамбль народнага танца Грузіі “Сонечная Грузія”… Для беларусаў спрадвеку была характэрнай рыса сапраўднай талерантнасці і сяброўскасці да іншых народаў і культур. І рыса гэтая знайшла ўвасабленне ў палітыцы сённяшняй незалежнай беларускай дзяржавы. Таму наша краіна з гонарам і годнасцю менавіта так пазіцыяніруе сябе ў свеце, пра што ішла гаворка ў пачатку снежня ў ходзе 94-й сесіі Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі. Як адзначалася ў прадстаўленым перыядычным дакладзе, у нашай краіне пражываюць прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасцяў. Пры гэтым колькасць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў складае каля 70 тысяч чалавек. І тое, што захоўваючы сваю адметнасць і самабытнасць, яны адчуваюць сябе роўнымі ў родным доме – гэта ў наш няпросты час трэба ўмацоўваць і берагчы…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: