Падзяліцца:
“Роздум. Духоўны патэнцыял дойлідства”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
13 Чэрвеня 2019
“Роздум. Духоўны патэнцыял дойлідства”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) “Дойлідства, як і літаратура, добра адлюстроўвае думку кожнага народа і часу” – гэтыя словы беларускага паэта-гуманіста дзевятнаццатага стагоддзя Уладзіслава Сыракомлі доктар архітэктуры, прафесар Армен Сардараў вынес эпіграфам сваёй кнігі, прэзентацыя якой адбылася ў Музеі беларускай дзяржаўнасці. Гэта была незвычайная прэзентацыя, хутчэй круглы стол, на які аўтар запрасіў прадстаўнікоў міністэрства культуры, творчых саюзаў, навукоўцаў, рэлігійных дзеячаў. Бо назва кнігі-даследавання “Архітэктура: імя і вобраз. Сінтэз у сусветнай і беларускай архітэктуры” вымагала менавіта такой зацікаўленай размовы. Аўтар падкрэсліў, што на яго погляд, архітэктура не толькі і не столькі мастацтва. Гэта таксама спосаб уздзеяння на грамадства з боку ўлады, рэлігіі, асобы. У архітэктуры заключаецца вялікі духоўны патэнцыял: яна ў многім вызначае ўзровень цывілізацыі і культуры дадзенага гістарычнага перыяду, краіны і народа уплывае на чалавечую свядомасць і фарміруе яго адносіны да мінулага, цяперашняга і будучыні. Таму тэарэтычнае даследаванне ператварылася падчас круглага стала ў зацікаўленую размову пра лёс беларускай архітэктуры, пра яе адметнасць, пра неабходнасць захавання яе важнейшых традыцый. Прынамсі, наколькі беражліва трэба ставіцца да захавання важнейшых элементаў старажытнага дойлідства, на гэтую тэму выказваліся прадстаўнікі Беларускага фонда культуры. На іх погляд не столькі рэстаўрацыя сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі патрэбна асобным рэшткам старажытных замкаў, а, да прыкладу, узвядзенне купалаў, аглядных пляцовак, каб захаваць індэнтычнасць шэдэўраў дойлідства, што, дарэчы, шырока практыкуецца зараз у многіх краінах. Цікавай была думка пра тое, што побач з адноўленымі і адрэстаўраванымі такімі перлінамі беларускага дойлідства, як, да прыкладу, Мірскі замак, варта паклапаціцца аб упарадкаванні бліжэйшай інфраструктуры, бо экскурсантам будзе цікава, як выглядала ландшафная прастора вакол, як упісваўся ў гэтую прастору гістарычны сёння аб’ект. Дарэчы, менавіта развіццё турызму вымагае больш пільна і ўважліва паглядзець на здабыткі айчыннай архітэктуры. Нават тое, што мы лічылі не вартымі нашай увагі, сведчыць што гэта з’яўляецца ў многім пэўнай візітоўкай нашай самабытнасці, прыцягвае цікавасць наведвальнікаў і спецыялістаў. Узяць, скажам, галоўны праспект нашай сталіцы. Ансамбль праспекта Незалежнасці — помнік савецкай архітэктуры. Галоўнае ў ім тое, што праз архітэктуру можна прасачыць, якія падзеі адбываліся ў краіне, як мяняліся ментальныя канструкты людзей, і усё гэта адлюстравалася ў архітэктуры. Кампазіцыйная цэласнасць цэнтра Мінска, якасць і багацце дэкору яго будынкаў робіць з яго сапраўдны помнік горадабудаўніцтва савецкай эпохі, нездарма ўвагу да яго выказала аўтарытэтная камісія ЮНЭСКА. Не менш цікавыя і іншыя ўзоры больш старажытнай забудовы нашых гарадоў і былых мястэчак. Гэта стварае непаўторны воблік краіны, цікавы многім, хто прыязджае да нас. Захаваўшы ўсё лепшае, айчыннае дойлідства ў сваім развіцці павінна арыентавацца на непаўторныя ўласныя традыцыі, вопыт і досвед стагоддзяў, тых майстроў, якія стварылі ўнікальныя шэдэўры архітэктуры на нашай зямлі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: