Падзяліцца:
«Роздум. Духоўны здабытак народа». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
25 кастрычніка 2019
«Роздум. Духоўны здабытак народа». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Адным з самых цікавых і папулярных экспанатаў на нядаўнім міжнародным кірмашы ў нямецкім Франкфурце быў факсімільны экземпляр Берасцейскай бібліі. Гэта самае вядомае выданне першай друкарні на беларускай зямлі. Як лічыць вучоны і даследчык Алесь Суша, Берасцейская біблія – доказ уключанасці беларускай культуры ў сусветны працэс. Дарэчы, Брэст першы з беларускіх гарадоў атрымаў магдэбургскае права, быў цэнтрам эканомікі і культуры свайго часу. Мы ўсё часцей адкрываем цікавыя старонкі нашай гісторыі, якія сведчаць пра багацце нашай культуры. Па-сапраўднаму раскрыўся вобраз слыннага палачаніна, першадрукара Францыска Скарыны, асветніка і гуманіста Сымона Буднага, канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. На беларускіх землях жылі і тварылі Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Валенцій Ваньковіч, Міхал Агінскі. На ўвесь свет прагучалі гарачыя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Старажытныя паркі і замкі, адноўленыя сядзібы прыцягваюць усё больш турыстаў, многія з якіх прыязджаюць з-за мяжы, каб дакрануцца да славутасцяў нашай зямлі. А геній Марка Шагала зрабіў беларускі Віцебск вядомым на ўвесь свет. Але не толькі для замежнікаў важна пазнаёміцца са здабыткамі беларускай гісторыі і культуры. Пэўны час і мы самі не ў поўнай меры спасцігалі тое багацце, тую веліч нашай культурнай адметнасці. Возьмем, да прыкладу, мову. У далёкім 1910 годзе Янка Купала пісаў: «Для мовы, для гэтай выразіцелькі душы і думак чалавека, не патрэбна ні скіпетраў, ні каронаў, як не патрэбна для сонца якога-небудзь яшчэ пазалочана абруча, рамак. Сонца само па сабе адна аздобнасць — і золата, і брыльянт. Таксама і мова якога-небудзь народа ёсць для яго і скіпетрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасцяй». Сапраўды, мова – увасабленне таленту, інтэлекту і духоўнай велічы народа. У нядаўнім артыкуле на старонках часопіса «Беларуская думка» прафесар Іван Саверчанка сцвярджаў: «Менавіта беларускае мастацкае слова і літаратурная мова з'яўляюцца галоўным складнікам дзяржаўнай ідэалогіі, ключавым энергетычным ядром духоўна-культурных працэсаў, якія ўтвараюць адзіную нацыянальную прастору». У гэтыя дні рыхтуецца адзначыць свой дзевяностагадовы юбілей Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. З гэтай нагоды ў Нацыянальнай акадэміі навук адбудзецца першы міжнародны навуковы кангрэс «Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы». Безумоўна, не толькі беларускай мовай вызначаецца багацце і самабытнасць нашай культуры. Цудоўныя здабыткі нашых землякоў, уключаных у сусветны культурны працэс, належаць да рускай, польскай культур, а некаторыя шэдэўры, створаныя на іншых мовах, мы па-праву далучаем да нацыянальных здабыткаў беларускага народа. Але, як засведчыў зноў жа Іван Саверчанка, беларуская мова з'яўляецца той урадлівай глебай, на якой расце сучасная нацыя. Ёй належыць выключная дзяржаватворчая місія. І сённяшнія працэсы развіцця і ўдасканальвання мовы з'яўляюцца працягам духоўных высілкаў слынных папярэднікаў, адзін з якіх – Францішак Багушэвіч – пакінуў нам бессмяротны запавет «Не пакідайце мовы беларускай». Думаецца, што маючы адбыцца міжнародны навуковы кангрэс у Нацыянальнай акадэмііі навук стане яшчэ адным важкім крокам у гэтым працэсе.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: