Падзяліцца:
1 чэрвеня 2017
Думаю, цяжка знайсці дарослага чалавека, які б раз-пораз не ўзгадваў сваё дзяцінства, мілыя сэрцу імгненні радасці і пазнавання свету, цёплыя рукі бацькоў і ўсмешку першай настаўніцы, летнія падарожжы на прыроду, любімыя кніжкі, захапляльныя гульні з равеснікамі… Менавіта пра дзяцінства, пра светлую і прыгожую пару ў жыцці кожнага хочацца гаварыць сёння, у Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта напамінак дарослым аб неабходнасці выконваць правы дзяцей на жыццё, на свабоду меркавання і рэлігіі, на адукацыю, адпачынак і вольны час, на абарону ад дыскрымінацыі, фізічнага і псіхалагічнага насілля, на абарону ад эксплуатацыі. Нагадаю, у 1959 годзе ААН прыняла Дэкларацыю правоў дзіцяці. 20 лістапада 1989 года Генасамблея ААН зацвердзіла Канвенцыю аб правах дзіцяці, якую падпісала 191 краіна. Гэты дакумент з’яўляецца адным з прызнаных міжнародных пагадненняў па правах чалавека. Адным з першых міжнародных актаў, да якіх далучылася незалежная Беларусь, стала Канвенцыя аб правах дзіцяці, на аснове якой прыняты закон «Аб правах дзіцяці» — першы ў краінах СНД. Беларусь далучылася да факультатыўных пратаколаў Канвенцыі аб правах дзіцяці, якія тычацца ўдзелу дзяцей ва ўзброеных канфліктах, а таксама гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі. Каб успаміны пра светлую пару ў жыцці чалавека былі сапраўды для кожнага цёплымі і шчаслівымі, нам, дарослым, нямала трэба зрабіць. І на дзяржаўным, і на асабістым узроўні. Адной з праблем, якія хвалююць грамадства, з’яўляецца сацыяльнае сіроцтва. Наша дзяржава клапоціцца пра дзяцей, якія пазбаўлены бацькоўскай ласкі. Яны выхоўваюцца ў дзяржаўных інтэрнатных установах, атрымліваюць усе ўмовы для паўнацэннага жыцця і вучобы. На жаль, большасць такіх дзяцей пазбаўлены бацькоўскай апекі і ласкі па віне саміх бацькоў, якія вядуць амаральны вобраз жыцця. Так што супрацьстаянне сацыяльнаму злу з боку дарослых – гэта і клопат пра шчаслівае дзяцінства тых, каго яны пускаюць на свет. Школа. Тут важная не толькі роля настаўніка як выкладчыка прадмета. Галоўнае — сфарміраваць у дзяцей устойлівае меркаванне, што асабістае і прафесійнае развіццё адбываецца на працягу ўсяго жыцця. На гэта ўплывае не толькі сістэма адукацыі, але і тое, што нас акружае, тое, што мы самі здабываем. Хлопчыкі і дзяўчынкі павінны адчуць і ўсвядоміць, у якой дзяржаве яны жывуць, якая багатая гісторыя і культура Бацькаўшчыны, зямлі сваіх продкаў. ”Галоўнае – гэта зямля, на якой нарадзіўся”, - як было падкрэслена на нядаўняй сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са школьнікамі краіны. Напярэдадні сённяшняга міжнароднага дня ў нас, у Беларусі, было арганізавана нямала цікавых акцый у падтрымку шчаслівага дзяцінства. Валанцёры БРСМ ”Добрае Сэрца", да прыкладу, арганізавалі для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прыёмнікаў-размеркавальнікаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дзяцей, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах больш за 500 святочных праграм, тэатралізаваныя паказы, гульнявыя квэсты, розныя конкурсы, фестывалі фарбаў і інш. Але важна ўсведамляць, што клопат пра дзяцей – гэта не толькі справаздачы і мерапрыемствы да гэтага дня. Дзяцей падсцерагаюць розныя праблемы штодзённа. З болем трэба канстатаваць, што ў самых розных кутках свету падчас узброеных канфліктаў ахвярамі часта становяцца самыя маленькія, нямала дзяцей сярод бежанцаў і вымушаных мігрантаў. Ды і ў спакойных з першага погляду грамадствах дзеці таксама нярэдка становяцца ахвярамі гвалту і насілля, наркаманіі і п’янства, бяздушных адносін з боку дарослых. У кожнай сям’і клопат пра здароўе хатніх выхаванцаў – гэта не толькі ранішняя зарадка ці паход у паліклініку – гэта стварэнне той атмасферы дабразычлівасці і даверу, якая спрыяе выхаванню высокай духоўнасці, чалавечай прыстойнасці. Ці ўсе сучасныя бацькі задумваюцца пра гэта? Дзіцячыя гады пралятуць хутка. Але гэта надзвычай працяглы і напоўнены час фарміравання асобы. Хочацца, каб для кожнага з сённяшніх юных грамадзян ён быў па-сапраўднаму светлы і шчаслівы...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: