Падзяліцца:
7 Верасня 2017
Яны розныя - па ўзросце, светапоглядах, краінах, у якіх жывуць, але ў Мінск іх прывёў покліч - адзіны для ўсіх, бо Беларусь - іх Радзіма, дзе яны нарадзіліся, дзе жылі іх продкі, дзе жывуць і цяпер іх блізкія і родныя. Сёння ў нашу сталіцу з’язджаюцца ўдзельнікі трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Паводле інфармацыі розных крыніц, на сенняшні дзень колькасць беларускай дыяспары ў свеце складае каля 2,5 млн. чалавек і мае найбольшую прадстаўленасць у суседніх і гістарычна звязаных з Беларуссю краінах – Расіі, дзяржавах Балтыі, Украіне, Польшчы, Казахстане, Узбекістане, Малдове. У многіх краінах свету існуюць грамадскія аб'яднанні беларусаў, якія ажыццяўляюць розную сацыяльна-культурную дзейнасць. Большасць такіх грамадскіх аб'яднанняў актыўна дзейнічае ў краінах СНД і Балтыі. Беларуская дыяспара прысутнічае таксама ў краінах далекага замежжа – Аўстраліі, Аўстрыі, Аргентыне, Вялікабрытаніі, Германіі, Канадзе, Нідэрландах, ЗША і іншых. У верасні 2014 года створаны Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, першае пасяджэнне якога адбылося ў ліпені 2015 года. У Міністэрстве замежных спраў адбудзецца чарговае пасяджэнне кансультатыўнага савета. Падчас дыскусіі будуць абмеркаваны перспектывы далейшага ўзаемадзеяння нашай дзяржавы і дыяспары. У праграме таксама будуць сустрэча творцаў у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, адкрыццё выставы твораў беларусаў замежжа, а вечарам у філармоніі адбудзецца ўрачыстая імпрэза “З любоўю да роднай зямлі“. Шмат цікавых мерапрыемстваў чакаецца і ў іншыя дні. Сярод нашых суайчыннікаў нямала цікавых, знакамітых у сваіх краінах людзей. Сярод іх творчыя асобы ў розных галінах мастацтва, бізнесмены, грамадскія дзеячы. Але яны не парываюць сувязі са сваёй радзімай, актыўна ўдзельнічаюць у самых розных праектах, займаюцца фундатарствам. Наша Міжнароднае радыё Беларусь часта распавядае пра цікавыя справы нашых суайчыннікаў за мяжой, знаёміць слухачоў з найвыбітнейшымі і актыўнымі членамі розных нацыянальна-культурных суполак. А з першага верасня арганізавала інтэрактыўную акцыю “Гукае ласкай родны край”. Яе мэта – актывізаваць камунікацыю з беларусамі замежжа, павысіць іх цікавасць да роднай краіны і нагадаць пра іх гістарычныя карані, падкрэсліць ролю беларускіх дыяспар. Так, у кожнага ёсць родны куток, да якога, па словах нашага славутага земляка Францыска Скарыны, мы ўсе “вялікую ласку маем”. Гэта месца, дзе мы нарадзіліся і выраслі, дзе жывуць нашы родныя. І нават калі жыццёвая дарога прывяла далёка за межы гістарычнай радзімы, наша радыё дасць магчымасць суайчыннікам не губляць сувязь з роднымі мясцінамі і адправіць вестачку сваім землякам. У слухачоў радыё “Беларусь” з розных краін свету, хто мае беларускія карані, з'явіцца магчымасць перадаць онлайн-прывітанне сваёй малой радзіме. Гэта можа быць здымак з месца, дзе чалавек жыве зараз, або фота з сямейнага архіва - з дзецьмі і ўнукамі, бацькамі, сябрамі. Перадаць прывітанне роднай Беларусі можна будзе ў выглядзе сэлфі або відэа, а да матэрыялаў далучыць лісты ці ўспаміны. Спадзяёмся, што на нашу акцыю актыўна адгукнуцца не толькі ўдзельнікі фестывалю, які пачнецца сёння. А калі гаварыць увогуле пра такія вось сувязі, то яны не толькі спрыяюць узаемаабагачэнню, творчым і дзелавым ініцыятывам, яны спрыяюць цеплыні сэрцаў, пяшчотным струнам душы, якія адгукаюцца на покліч роднага краю, бо кожны з выхадцаў можа паўтарыць услед за паэтычнымі радкамі, што гукае з дальніх даляў родная Беларусь...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: