Падзяліцца:
«Роздум. Гаючая сіла матчыных песень». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
25 Студзеня 2019
«Роздум. Гаючая сіла матчыных песень». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Гэтая жанчына сёння – ўвасабленне народнай мудрасці, прыгажосці і спеўнасці. Пэўна, яна сама не ведала, што ёй выпадзе такі лёс, што простае сялянскае дзяўчо будзе на сцэне іграць каралеў ці оперных зорак, але больш за ўсё – беларускіх вясковых жанчын з іх няпростым жыццём, і што тыя песні, якія ёй спявала маці, будуць слухаць тысячы людзей. І не проста слухаць, а выціраючы слёзы, узнагароджваць яе ўдзячнымі гарачымі апладысментамі. Так, я пра народную артыстку Таццяну Мархель, юбілей якой у гэтыя дні адзначае ўся краіна. “Мархель? Даваць званне заслужанай? Дык яна акрамя песень на сцэне нічым не вызначаецца”, — чуў я ў свой час ад некаторых эстэтаў у Віцебску ў далёкія сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя. Але рэжысёр Валерый Мазынскі адкрыў у Мархель арганічны талент народнай актрысы, якая нібыта не іграла сваіх гераінь, а проста жыла на сцэне звычайным, знаёмым ёй жыццём. Я рады, што былы загадчык літаратурнай часткі тэатра Якуба Коласа Уладзімір Ганчароў пазнаёміў мяне з акцёрскай сям’ёй Таццяны Мархель і Яўгена Шыпілы, што мне пашэнціла нават пабываць у іх віцебскай кватэры. З таго часу Таццяна Рыгораўна не проста старая знаёмая для мяне – з яе талентам, з яе акцёрскім і жыццёвым лёсам я сутыкаюся доўгія гады з пачуццём выключнай павагі і спагады. А час усё ж запатрабаваў менавіта такі вобраз народнай гераіні, і простыя немудрагелістыя матчыны песні сталі глыбока патрыятычным брэндам для многіх, каму давялося іх слухаць. Як калісьці і Уладзіміру Караткевічу, які ўпершыню ў Віцебску заўважыў гэты самабытны народны талент актрысы. Сёння пра Таццяну Мархель можна прачытаць і пачуць шмат. І я хачу паразважаць не пра яе біяграфіію ці пра безліч яе сцэнічных вобразаў. А пра ролю і месца мастака ў станаўленні чалавека, у выхаванні ў ім пачуцця грамадзяніна і носьбіта адметнасцяў сваёго народа, сваёй культуры. Чаму хлопец з расійскага Свярдлоўска Валодзя Мулявін стаў нацыянальным гонарам Беларусі, па-сапраўднаму народным артыстам, які зрабіў так шмат для захаваня і адраджэння беларускай песні? Таму што зразумеў і душой адчуў песні беларускіх маці. І сам на сцэне выглядаў часам гэткім каларытным вясковым шляхцюком. І не танны кіч ці якія падробкі цікавілі яго, а падслуханыя і запісаныя ў беларускіх вёсках жніўныя і радзінныя, калядныя і веснавыя песні. Мы адзначаем Год малой Радзімы. Для многіх нашых землякоў малая радзіма – гэта любая вёска, шчырая любоў да бацькоўскай хаты, цёплыя ўспаміны пра аднавяскоўцаў, пра дарагія сэрцу мясціны. У “Краязнаўчай газеце” Беларускага фонда культуры я вычытаў прапанову доктара гістарычных навук Леаніда Лыча стварыць у кожным раёне “Кнігі памяці зніклых вёсак”. Разам з тым, хацелася, каб у гэтых кнігах знайшлося месца і для старадаўніх народных матчыных песень, такіх, якія з глыбокай любоўю і павагай нясе па жыцці і дзеліцца з намі народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: