Падзяліцца:
“Роздум. Гістарычная літаратура як аснова патрыятызму”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
20 Чэрвеня 2019
“Роздум. Гістарычная літаратура як аснова патрыятызму”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Не ведаю, як вы, сябры, а я ў дзяцінстве вельмі захапляўся чытаннем кніг з гістарычнымі сюжэтамі: Вальтэр Скот, Генрык Сенкевіч, Баляслаў Прус –творамі гэтых аўтараў я літаральна “зачытваўся” па некалькі разоў. Дарэчы, як прызнаўся ў час нядаўняга “круглага стала”, які праходзіў у вялікай канферэнц-зале музея “Замкавы комплекс Мір”, адзін з яго ўдзельнікаў, менавіта любоў да такіх мастацкіх гістарычных твораў і зрабіла яго слынным вучоным-гісторыкам. Зрэшты, роля мастацкай гістарычнай літаратуры ў фарміраванні асобы, выхаванні патрыятызму і была галоўнай тэмай зацікаўленай гаворкі, у якой прынялі ўдзел пісьменнікі, выдаўцы, вучоныя, работнікі кнігагандлю. “Гістарычная літаратура сёння ў сучасным грамадстве з’яўляецца вялікім аргументам у станаўленні беларускай дзяржаўнасці” – такая думка не раз гучала падчас больш як двухгадзіннай размовы. Сапраўды, калі звярнуцца да твораў на гістарычную тэму нашых пісьменнікаў, якія з’явіліся ў канцы сямідзясятых–пачатку васьмідзясятых гадоў, вяршыняй якіх, безумоўна, была цудоўная проза Уладзіміра Караткевіча, то многія юныя і не толькі юныя чытачы па-іншаму зірнулі на гісторыю свайго краю, адчулі веліч і значнасць таго, што адбывалася на нашай зямлі, адчулі гордасць за свой народ, яго слаўных сыноў і дачок. Гэтыя кнігі дапамагалі фарміраваць пачуццё ўласнай годнасці, высокі патрыятызм, бо не толькі манаграфіі і дысертацыі вучоных адкрывалі дагэтуль невядомыя старонкі айчыннай гісторыі, а праз мастацкія творы людзі атрымлівалі ўяўленне пра падзеі і слынныя людскія постаці беларускай мінуўшчыны. Як жа сёння творы на гістарычную тэму запатрабаваныя чытацкай аўдыторыяй, чым напоўнены будні выдавецтваў, над чым працуюць нашы майстры прыгожага пісьменства? Безумоўна, падчас нават такой буйной акцыі, як свята “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”, што паслужыла для роздуму на гэтую тэму, нельга было атрымаць адказы на ўсе пытанні ці вычарпальныя рэцэпты для тых, хто працуе ў гэтым жанры. Але нямала цікавых думак і прапаноў, думаю, могуць стаць каштоўным матэрыялам для далейшага руху ў гэтым напрамку, бо як слушна сказаў адзін з удзельнікаў і арганізатараў імпрэзы, менавіта знаёмства і вывучэнне айчыннай гісторыі з’яўляецца важнейшым ідэалагічным кампанентам ва ўсведамленні свайго месца ў кантэксце сусветнай гісторыі і ўвогуле супольнасці народаў і нацый. Вобраз Беларусі ў культуры свету паўстае не толькі з кніжных старонак. Гэтай задачы служаць і кіно, радыё і тэлебачанне, публіцыстычныя выступленні аўтараў у друку і інтэрнэце. Трэба ствараць праўдзівы аналіз гістарычных падзей, змагацца з фальсіфікацыяй і гістарычным невуцтвам. Патрэбна шырокая папулярызацыя гістарычных ведаў, больш яркі і глыбокі пошук станоўчых прыкладаў у асвятленні некаторых падзей нашай гісторыі, гераічных старонак барацьбы нашага народа за свабоду і незалежнасць. У кантакце прафесійных вучоных і майстроў пяра пры выкарыстанні сучасных сродкаў камунікацый можна і трэба чакаць новых яркіх твораў, якія абуджаюць у людзей цікаўнасць да ўласнай гісторыі і высокае пачуццё гордасці за свой народ. (У публікацыі выкарыстаны ілюстрацыі Выдавецкага дома «Звязда»)
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: