Падзяліцца:
“Роздум. Каб не чарсцвела душа”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
16 мая 2019
“Роздум. Каб не чарсцвела душа”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Гэты выпадак адбыўся на маіх вачах зусім нядаўна. Ішоў я са знаёмым, які выпісаўся з бальніцы пасля складанай аперацыі. Раптам праз некалькі сот метраў мой спадарожнік спыніўся ў разгубленасці і ніякаватасці – узнікла нечаканая патрэба. Што ж, пасля аперацыі гэта бывае. “Нічога, – супакоіў сябра я, – вось бачыш, побач крама, там павінен быць туалет...” Маладая прадаўшчыца за прылаўкам на маё пытанне холадна адказала: “Толькі для супрацоўнікаў”. Тлумачэнне, што чалавек толькі што з бальніцы і яму можа стаць дрэнна, на яе ніяк не падзейнічала. Больш за тое, яна заявіла, што яе самую нядаўна не пусцілі ў туалет у кафэ, куды яна зайшла з вуліцы. На шчасце, загадчыца крамы, куды я, абураны, звярнуўся, імгненна распарадзілася пусціць. Праз гэты выпадак мне ўзгадалася, калі прачытаў у інтэрнэце, як інвалід-калясачнік папрасіў дапамогі ў вадзіцеля тралейбуса ўвайсці ў салон, бо сам самастойна не мог гэта зрабіць. Той жа адказаў: ”Няма часу”, – і зачыніў перад чалавекам дзверы. Зрэшты, ніхто з пасажыраў не зрэагаваў, усе спакойна паехалі далей, пакінуўшы інваліда ў роспачы на прыпынку. Мужчына паскардзіўся ў пісьмовай форме ў адміністрацыю тралейбуснага парка і атрымаў адказ, што вадзіцеля “прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці”. Прычым, як вынікае з афіцыйнага пісьма, “вадзіцель у час працы на лініі павінен у выніку неабходнасці аказваць садзейнічанне пры пасадцы і высадцы інвалідаў-калясачнікаў”. А ўзгадайце, з якой асалодай часам перад вамі зачыняюць дзверы, калі подбегам нарэшце вы імкнецеся ўскочыць у гатовы ад’ехаць транспарт. Мне нават аднойчы давялося ўжо нават паставіць на прыступку нагу, вадзіцель на секунду адчыніў дзверы, і тут жа, зачыніўшы, паехаў далей, пакінуўшы мяне на прыпынку. Дзякуй, што хоць траўму не нанёс... Жанчына сумленна стаяла ў чарзе, у некалькіх кроках на лаўцы гулялі яе малыя дачушка і сынок. Раптам нешта ў іх здарылася, раздаўся плач, жанчына выскачыла і кінулася да дзетак, а калі вярнулася праз пару імгненяў, чарга прайшла. І што вы думаеце? Тыя, хто стаяў ззаду, не прапусцілі, займай, маўляў, па-новай. Колькі разоў у падобных выпадках гучыць сакраментальнае “Гэта вашы праблемы!” Я, безумоўна, мог бы прывесці і прыклады іншага кшталту, калі людзі неабыякава рэагавалі на тое, што адбываецца побач, калі гэта нават прыводзіла да ратавання ад трагедый і няшчасных выпадкаў. Адгукнуцца на чужую бяду, праявіць спагаду – заўсёды было адметнай рысай для большасці нармальных людзей. Але выпадкі, падобныя таму, пра што я гаварыў раней, на жаль, не адзінкавыя. Няўжо мы губляем саму сутнасць таго, што называецца людскасцю, звычайнай чалавечай мараллю!?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: