Ці бачылі вы, сябры, у кватэрах ці вясковых хатах вашых знаёмых партрэты бацькоў ці дзядоў на сценах - часам у простых рамках, перамалёваныя з фотаздымкаў, адкуль глядзяць, нібы з далёкай вечнасці тыя, хто ў свой час люляў і песціў ужо дарослых і часам зусім не маладых гаспадароў... На жаль, усё больш у сучасных інтэр’ерах такім не дужа модным аксесуарам ужо не заўсёды знаходзіцца месца.
Людская памяць у многім залежыць ад таго, наколькі блізка да сэрца мы ўспрымаем мінулыя падзеі і блізкіх людзей, наколькі яркімі і пяшчотнымі былі стасункі з тымі, хто пусціў нас на свет, хто сядзеў начамі над нашымі калыскамі, хто вучыў нас спазнаваць свет, хто адорваў сваёй мудрасцю і спагадай.
Гэтыя традыцыі пераемнасці пакаленняў, перадачы ад бацькоў да дзяцей, якія ў сваю чаргу таксама становяцца бацькамі, гэтай крэўнай любові, гэтай адданасці і вернасці – тое, што захоўвала народы, што было асновай людской маралі.
Колькі ўзнёслых цёплых слоў прысвяцілі маці і бацьку паэты і вучоныя, артысты і мастакі, людзі звычайных, негуманітарных прафесій, бо гэтая пяшчота заўсёды ідзе з самай глыбіні душы.
Дык як жа тады можна адрэагаваць на даволі, на жаль, ужо і нярэдкія паведамленні з крымінальнай хронікі, калі пасля сямейнай сваркі сын забівае маці, унук – бабулю і дзядулю. Ды і наадварот – бацька выкідвае з балкона дзіця, ці, што ўжо зусім нядаўна, – невядомая маці падкідвае ў белы свет сваю дачку, якую толькі што нарадзіла і якой усяго, удумайцеся, пяць дзён, - у адной пялюшцы!
Узбуджаюцца крымінальныя справы, ідуць суды, вінаватыя наказваюцца, але ж, як кажуць, ёсць і Божы суд, суд сумлення, які не мае тэрміну даўнасці.
Тое, пра што я толькі што сказаў, безумоўна, выключэнне, крайнасць, але давайце падумаем, паразважаем, як часам мы страчваем рысы традыцыйнай маралі, тое, што нашы бацькі называлі людствам.
Жывучы ў адным горадзе, не ўсе і не заўсёды сучасныя нашы маладзейшыя суседзі і знаёмыя, не толькі не знаходзяць часу завітаць да бацькоў, але нават патэлефанаваць, пацікавіцца здароўем тых, хто іх выгадаваў і вывучыў.
Я ўжо не кажу пра тое, калі заклапочаны сваімі праблемамі гарадскі жыхар гадамі не можа наведаць старую вясковую матулю, якой адной так цяжка не толькі фізічна, але і маральна.
А яшчэ ёсць новы, нібыта дзейсны клопат пра старых бацькоў. Двое сыноў бізнесменаў нанялі пакаёўку для адзінокай маці. Тая мые, даглядае, ходзіць у краму, жыве ў матчынай двухпакаёўцы, атрымліваючы за гэта пэўную і, відаць, немалую зарплату.
Усё, здаецца, добра за выняткам таго, што самі сыночкі да матулі, што гаворыцца, і носу не кажуць. А хіба той не хочацца пабачыцца, пагаварыць, паглядзець на дарослых дзетак.
Мы ўсё больш пачынаем ківаць на свабоду пачуццяў, на недатыкальнасць асабістага жыцця, на права распараджацца сваімі звычкамі і арыентацыямі, на архаічнасць ранейшых догмаў і ўстановак, не разумеючы, што калі знішчыць асновы простай чалавечай маралі, у небяспецы будзе ўвогуле ўвесь лад людскога жыцця.
Праз стагоддзі аснову маралі складала звычайнае паняцце прыстойнасці, або па-народнаму – людскасці.
Жыць па-людску – гэта запавет нашых папярэднікаў, нашых бацькоў і дзядоў. І ён, на мой погляд, не страціў актуальнасці і важнасці і ў наш час.