Падзяліцца:
“Роздум. Каласавіны: доўгая дарога”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
9 Лістапада 2017
“Роздум. Каласавіны: доўгая дарога”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Ёсць даты і падзеі, якія не заканчваюцца толькі пэўнымі ўрачыстымі аксесуарамі: вечарынамі, прэзентацыямі, гучнымі прамовамі, публікацыямі ў прэсе і святочнымі сюжэтамі на тэлебачанні і радыё. Увесь мінулы тыдзень мы ўзгадвалі класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа. Сто трыццаць пяць гадоў таму ў лясной глушы Наднямоння нарадзіўся чалавек, які здолеў так хораша і ясна распавесці пра сваю зямлю, народ, пра тое, што і сёння настолькі актуальна і патрэбна людзям. Мой родны кут, Як ты мне мілы! Забыць цябе Не маю сілы… Скажыце, хто не адчуваў у сваім жыцці гэтае трапяткое пачуццё любові да зямлі, якая вывела ў свет, якая светлымі дзіцячымі ўспамінамі цешыла ў самыя нялёгкія і няпростыя хвіліны, якія выпадаюць нам у віры дзён і гадоў? Сярод шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных паэту, я сёлета выдзеліў традыцыйныя Каласавіны, якія праходзяць на радзіме песняра на Стаўбцоўшчыне. У гэты лістападаўскі дзень па мясцінах, звязаных з жыццёвай і творчай біяграфіяй Якуба Коласа, адправіліся не толькі айчынныя літаратары , дзеячы культуры, а таксама і госці свята з іншых краін, дзе таксама імя нашага класіка шануецца і паважаецца. Ці ўяўлялі гэтыя сціплыя леснічоўкі, што радкі, напісаныя адным са шматдзетнай сям’і звычайнага беларуса Міхаіла Міцкевіча, будуць гучаць пад гэтымі векавымі шатамі дрэў на рускай дагестанскай, армянскай, курдскай мовах? А яны гучалі і ў Альбуці , і ў Ластку, і ў Смольні, і ў Мікалаеўшчыне, куды вяла нас дарога праз лясныя шырокія сцяжыны, праз малады падлесак і драўляныя масткі над ручаінамі, дзе сустракалі песнямі і івыставамі народнай творчасці землякі. Каб зразумець душу народа , трэба вось так акунуцца не толькі ў друкаваныя радкі, а і ў тую атмасферу, якая давала натхненне творцу. Думаецца, што гэта адчулі і тыя госці, што былі з намі ў час вандроўкі. Прынамсі, пра гэта мне казалі перакладчыкі паэмы “Сымон-музыка” з Санкт-Пецярбурга. Яны прывезлі з сабой аб’ёмны том з прадмовай і пасляслоўем, над якім працавалі пяць перакладчыкаў, цудоўная мастачка Аксана Хейлік. Як сцвярджаюць аўтары, гэты першы поўны пераклад цудоўнай паэмы на рускую мову, які выйшаў без купюр і скарачэнняў. Сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Сяргей Порахаў адзначыў у пасляслоўі, што наш класік стварыў вялікі твор, аб’яднаны тэмай велічы народа, ідэямі барацьбы за волю і свабоды творчасці. Безумоўна, я б дадаў і іншыя характарыстыкі гэтага велічнага паэтычнага роздуму, але тое, што адзначылі нашы сябры, сведчыць аб тым, што сапраўдная класіка, сапраўднае глыбокае і нацыянальнае слова выклікае суперажыванне і разуменне не толькі ў землякоў. Прыемна было чуць ад гасцей захапленне прыгожай і мілагучнай беларускай мовай Коласа. Сапраўды, мова яго твораў – гэта сапраўдная невычэрпная крыніца прыгажосці. І нездарма наш класік да апошніх дзён жыцця клапаціўся, каб сярод людзей захаваўся гэты скарб, каб мова жыла і развівалася не толькі як сродак выказвання для паэтаў і празаікаў, а як жывы штодзённы ўжытак родным народам. Пра гэта варта памятаць і на яго роднай Стаўбцоўшчын, і ў кожным кутку нашай Беларусі. Перад пачаткам нашай вандроўкі мясцовы музейны работнік, дарэчы, адна са шматлікай Коласавай радні,Соф’я Міцкевіч, сказала, што нам выпала доўгая дарога, маючы на ўвазе наша падарожжа па коласавых родных мясцінах. Я ж, выступаючы ўвечары ў стаўбцоўскім Доме культуры, куды сабралася шмат людзей, заўважыў, што для нас для ўсіх ёсць доўгая дарога да класіка, да ўсведамлення яго вобразаў і ідэй, і доўгая дарога з ім да высокіх духоўных вяршынь, да спасціжэння сваёй існасці і ўласнага месца ў свеце.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: