Падзяліцца:
“Роздум. Камп’ютар у дапамогу”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
31 студзеня 2019
“Роздум. Камп’ютар у дапамогу”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Даўно ведаю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Алену Канстанцінаўну Пекач; не раз яна прыходзіла да нас, на радыё, са сваімі цікавымі матэрыяламі, сярод яе былых студэнтаў ёсць нашы супрацоўнікі, якія з павагай і пашанай адгукаюцца пра сваю былую выкладчыцу. Я не агаварыўся, сказаўшы пра студэнтаў і выкладчыцу. Пекач пэўны час працавала ў Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, але аднойчы зразумела, што ўсё ж школа, дзеці, праца настаўніка – яе галоўнае прызванне. Я тут не стану распавядаць пра больш як трыццацігадовы стаж настаўніцы мінскага ліцэя №2, раскажу пра сваё ўражанне, калі нядаўна ў інтэрнэце адкрыў сайт Алены Канстанцінаўны. Як кажуць, па ўсіх законах жанра – з раздзеламі, спасылкамі, фотаздымкамі і ілюстрацыямі, статыстыкай наведванняў і г.д. Ёсць тут інфармацыя пра настаўніка, раздзелы “Нашы праекты”, “Нашы перамогі”, “Залацінкі беларускай мовы“… Ёсць месца для водгукаў і перапіскі вучняў. Дарэчы, менавіта з сайта я даведаўся, што навучэнцы гімназіі не раз выходзілі пераможцамі ў розных конкурсах і алімпіядах у родным горадзе. Зрэшты, блогі і персанальныя сайты настаўнікаў роднай мовы апошнім часам не такая ўжо рэдкасць у сеціве, там можна знайсці і метадычныя матэрыялы, і літаратурныя тэксты па школьнай праграме. Гэта я да таго, што многія бацькі скардзяцца, што іх дзеці не вылазяць з камп’ютараў, дык вось важна, каб яны шукалі там карысныя для іх матэрыялы. Калі я сёння бачу і чую, як некаторыя таты і мамы кантралююць, як дзеці асвойваюць школьную праграму, правяраючы сшыткі, рашаючы разам з малымі заданнні, пішучы з імі сачыненні па літаратуры, я ўзгадваю сваё школьнае дзяцінства, калі бацька і маці з-за сваёй занятасці толькі пыталіся ў канцы дня: “як справы ў школе?” Увесь астатні час падрыхтоўка хатніх заданняў была цалкам на маіх плячах. Ды і гурткі ды секцыі мы выбіралі самі. І каб нейкая мама прывезла хлопца на футбольнае поле перад трэніроўкай на машыне, яго б проста засмяялі. Мне гатовы голасна запярэчыць, што сёння не тыя часы, што калі не займацца вучобай і адпачынкам, не кантраляваць кожны крок дзіцяці, то невядома, чым гэта можа скончыцца. Гэта хоць і так, безумоўна, але гледзячы, скажам так, на параметры такой увагі. Калі ўвогуле пазбавіць сваіх дзяцей права і ўмення рабіць самастойныя вывады, прымаць рашэнні, то і ў дарослае жыццё яны ўвойдуць маменькінамі сынкамі і дочкамі, а нечаканыя спакусы і вызваленне ад празмернай бацькоўскай апекі могуць аказацца нават больш згубнымі, чым у дзяцінстве. Я нездарма пачаў размову з персанальнага сайта настаўніцы. Так званае дыстанцыйнае навучанне дазваляе самастойна шукаць і падбіраць матэрыялы, рабіць уласныя вывады і ацэнкі. І гэта важна па любым прадмеце. А вось папытацца, што шукае на сваім камп’ютары ўласны гадаванец, безумоўна, не будзе для бацькоў лішнім.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: