Падзяліцца:
“Роздум. Карані і дрэва”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
19 Снежня 2019
“Роздум. Карані і дрэва”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Пад Новы год прынята падводзіць вынікі, падсумоўваць высілкі і вызначаць перспектывы. І хоць нярэдка ў адыходзячым годзе мне даводзілася гаварыць аб тым, што, часам, сучасныя сродкі камунікацыі адсоўваць на другі план папяровыя выданні, менш нашы людзі, асабліва падлеткі, сталі чытаць кніг, нядаўняя інфармацыя, што абышла айчынныя СМІ, пасеяла калева аптымізму ў гэтай праблеме. Аказалася, што “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча – самая папулярная кніга 2019 года. Выданне ў цвёрдай вокладцы куплялі часцей за ўсё. Такі аналіз ад Нацыянальнай кніжнай палаты і вядучых кнігагандлёвых арганізацый. Пра гэта было аб’яўлена на сустрэчы кнігавыдаўцоў, пісьменнікаў, работнікаў кніжнага гандлю, што прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ёй папярэднічала выстава таго, што было выдадзена сёлета ў дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтвах, а лічбы гэтыя немалыя — пяць тысяч кніг навукова-папулярнай, грамадска-палітычнай, мастацкай і дзіцячай тэматыкі. І хоць гэта не зніжае наш клопатны роздум пра падзенне цікавасці пэўнага кола нашых суайчыннікаў да чытання літаратурных твораў, гаворыць аб тым, што ўсё ж добрая кніга і сёння патрэбна людзям. У нечым сімвалічна, што сёлетні лідар прадаж – твор Уладзіміра Караткевіча. І не толькі таму, што налета мы будзем адзначаць дзевяностагоддзе выдатнага пісьменніка. Менавіта “Каласы пад сярпом тваім”, як і раней, будзяць у нас пачуцці высокага патрыятызму, увагу да айчыннай гісторыі, гордасць за наш народ. Вобразы высакародных сыноў і дачок Беларусі, якія прысвяцілі свой лёс барацьбе супраць уціску і прыгнёту, за будучы светлы лёс Бацькаўшчыны, сталі для многіх сучаснікаў прыкладам і своеасаблівай паходняй, арыенцірам таго, як трэба жыць і працаваць на карысць Айчыны. Як гаварыў сам пісьменнік пра свой раман: “У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні, тым больш, прыносіць плады.” У мастацкім творы, які ў 2016 годзе прызнаны чытачамі самай важнай кнігай, якая паўплывала на іх самасвядомасць, апісваецца станаўленне беларускай нацыі на прыкладзе шляхецкай сям'і Загорскіх. Падзеі адбываюцца на Магілёўшчыне, Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Маскве, Варшаве – у сялянскім асяроддзі і ў дваранскіх палацах, на студэнцкіх сходках і ў навучальных установах, у салонах і гасціных вышэйшых саноўнікаў і на вуліцах шматлюдных гарадоў. У кнізе дзейнічаюць як літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй, так і рэальныя гістарычныя асобы. І хоць падчас з’яўлення рамана не ўсімі ён быў прыняты адназначна і аўтару давялося сустракацца з пэўнымі складанасцямі пры яго выданні, твор вытрымаў выпрабаванне часу, і праз пяцьдзесят гадоў не страціў сваёй рамантычнай узнёсласці. Гэта, дарэчы, дало падставу для аднаго з інтэрнэцкіх, так бы мовіць, аналітыкаў адгукнуцца на паведамленне аб сёлетняй папулярнасці “Каласасоў” з высновай, што гэта, маўляў, гаворыць не на карысць сучаснай беларускай літаратуры. Я б не спяшаўся рабіць такія хуткаспелыя вывады. Дарэчы, у спісе папулярных кніг гэтага года ўзгадваліся і сучасныя аўтары. Я таксама мог бы назваць імёны тых, хто дастойна працягвае традыцыі нашай літаратуры. Іншая справа, што свой шлях да чытача не кожная кніга праходзіць гэтак імкліва і пераможна, як у свой час кнігі Караткевіча, Быкава, Шамякіна, Мележа. Галоўнае, каб яны неслі той высокі стваральны напал, духоўнасць і веру ў лепшае, былі па-сапраўднаму таленавітымі. Зрэшты, гэта карысна ўсвядоміць і тым нашым творцам, хто прэтэндуе на чытацкую ўвагу і любоў. Зрэшты, Караткевічскія “Каласы…” яшчэ раз нагадалі пра гэта.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: